1 да Карынфянаў 14 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Рупцеся аб любоў; старайцеся аб духоўнае, асабліва-ж аб тое, каб прарочыць.
Спасцігайце любоў, рупцеся пра духоўнае, асабліва пра тое, што вы праракуеце.
Бо, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, той гаворыць ня людзям, а Богу; бо ніхто ня чуе, і ён таёмнае духам гаворыць.
Бо хто гаворыць моваю, не людзям гаворыць, але Богу. Бо ніхто не чуе, а ён Духам гаворыць тайны.
А хто прарочыць, той гаворыць людзям на збудаваньне і напамінаньне, і пацяшэньне.
Той жа, хто праракуе, гаворыць людзям на настаўленне, і для заахвоты, і для суцяшэння.
Хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, збудоўвае сябе́; а хто прарочыць, царкву будуе.
Хто гаворыць моваю, самога сябе настаўляе, а хто праракуе, царкву будуе.
Хачу, каб вы ўсе́ гаварылі мовамі, але ле́пей, каб вы прарочылі, бо, хто прарочыць, той дасканальшы за таго, хто гаво́рыць мовамі, хіба ён пры тым будзе і тлумачыць, каб царква ўзяла збудаваньне.
Хачу, каб вы ўсе гаварылі мовамі, але лепш, каб праракавалі. Бо большы той, хто праракуе, чым той, што гаворыць мовамі, хіба што тлумачылі б, каб царква атрымала збудаванне.
Цяпе́р, калі я прыду да вас, браты, гаворачы мовамі, якую прынясу вам карысьць, калі ня буду прамаўляць да вас ці адкрыцьцем, ці ве́даю, ці прароцтвам, ці навукаю?
Што вам, браты, з таго, каб я прыйшоў да вас і гаварыў мовамі, якую прынясу вам карысць, хіба што буду гаварыць да вас абвяшчэннем, або ведамі, або прароцтвам, або навукай.
Бо і бяздушныя, што голас даюць, ці то жале́йка, ці гусьлі, калі не даюць разьдзе́льнасьці гукаў, дык як распазнаць, што́ йграюць на жале́йцы, ці на гусьлях?
Бо і тыя, што без душы, голас падаюць: ці то жалейка, ці то гуслі; калі б яны не падавалі выразных гукаў, як можна было б тады адрозніць, ці гэта гук жалейкі, ці гусляў?
І, калі труба будзе выдаваць нявыразны гук, хто пачне́ рыхтавацца да бітвы?
Калі гэтак сурма [баявая] падасць невыразны гук, дык хто будзе рыхтавацца да бою?
Гэтак і вы, калі языком даецё незразуме́лыя словы, дык як пазна́юць, што́ вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на ве́цер.
Так і з вамі, калі языком невыразна будзеце вымаўляць словы, дык хто можа зразумець, што вы гаворыце? Вы будзеце гаварыць на вецер!
Колькі, прыкладам, розных слоў на сьве́це, і ніводнага з іх няма бяз голасу;
Падумай, як многа розных моў на свеце? Але кожная не без голасу.
але, калі я не разуме́ю значэньня голасу, дык буду чужаком таму, хто гаворыць, і для мяне́ чужак, хто гаворыць.
Калі я, аднак, не буду разумець значэння голасу, дык буду для прамоўцы чужынцам, і прамоўца для мяне будзе чужынцам.
Гэтак і вы, калі рупіцеся аб дары духоўныя, старайцеся збагаце́ць імі дзеля збудаваньня царквы.
Таксама і вы, калі рупіцеся пра духоўнае, дык імкніцеся ўзбагачацца імі для пабудовы царквы.
А дзеля гэтага, хто гаворыць (незнаёмаю) моваю, няхай моліцца аб дар тлумачэньня.
І таму, хто гаворыць моваю, хай моліцца, каб патлумачыць.
Бо, калі я малюся ў незнаёмай мове, дык дух мой моліцца, але розум мой астае́цца бясплодным.
Калі я малюся моваю, дух мой моліцца, але розум не мае карысці.
Дык што-ж? Буду маліцца духам, буду маліцца розумам; буду пяяць духам, буду пяяць і розумам.
Дык што рабіць? Буду маліцца духам, але таксама буду маліцца розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.
Бо, калі ты будзеш багаславіць духам, дык як той, хто стаіць на ме́сцы няўчонага, скажа амін на тваё дзякаваньне? Бо ён не разуме́е, што́ ты гаворыш.
Дарэчы, калі ты будзеш бласлаўляць у духу, як жа на тваё блаславенне скажа: «Амін!» хтосьці просты, бо ён не разумее, што ты гаворыш?
Ты хораша дзякуеш, але другі ня збудоўваецца.
Ты, праўда, прыгожа падзяку складаеш, але іншы не збудоўваецца.
Дзякую майму Богу, што бале́й за ўсіх вас гавару мовамі;
Дзякую Богу, што я больш за вас усіх гавару мовамі.
але ў царкве́ хачу ле́пей сказаць пяць слоў маім розумам, каб і другіх навучыць, чым мірыяды слоў у (незнаёмай) мове.
Усё ж такі ў царкве хачу сказаць лепш пяць слоў сваім розумам, каб навучыць іншых, чым дзесяць тысяч слоў мовамі.
Браты! ня будзьце дзяцьмі разуме́ньнем: на благое будзьце дзяцьмі, а розумам будзьце дасьпе́лымі.
Браты! Не будзьце дзецьмі розумам, але будзьце немаўлятамі адносна зла, а розумам будзьце дарослымі.
У законе напісана: іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць да народу гэтага, але й тагды не паслухаюць Мяне́, кажа Госпад (Ісая 28:11−12).
У законе напісана: «Буду прамаўляць да гэтага народа іншымі мовамі і вуснамі іншых, але яны і тады не паслухаюць Мяне», кажа Госпад.
Гэтак мовы ёсьць на знак не для ве́руючых, але для няве́руючых; прароцтва-ж не для няве́руючых, але для ве́руючых.
Дык вось мовы ёсць знак не для вернікаў, але для бязверных; прароцтва ж не для бязверных, але для вернікаў.
Дык, калі ўся царква́ зыдзецца разам, і ўсе́ пачнуць гаварыць (незнаёмымі) мовамі, уво́йдуць-жа да вас няве́даючыя ці няверуючыя, — дык ці ня скажуць, што вы шалёныя?
Дык калі збярэцца ўся царква ды ўсе пачнуць гаварыць мовамі, а ў той час увойдуць неадукаваныя або бязверныя, ці ж не скажуць, што вы звар’яцелі?
Калі-ж усе́ прарочаць, і ўвойдзе хто няве́руючы ці няве́даючы, дык усімі ён дакараны, усімі суджаны,
А калі ўсе праракуюць, і ў той час прыйдзе якісьці бязверны або неадукаваны, дык будзе ён усімі дакараны, усімі суджаны,
і гэтак тайны сэрца яго выяўляюцца, і гэтак ён, упаўшы тварам, паклоніцца Богу, кажучы: Запраўды, з вамі Бог!
тайны яго сэрца адкрыюцца, і ён, упаўшы на твар, паклоніцца Богу, прызнаючы: «Сапраўды, Бог з вамі!»
Дык што-ж, браты? Калі вы сходзіцеся, дык кожны з вас мае псальм, мае навуку, мае мову, мае адкрыцьце, мае тлумачэньне; усе гэтае няхай будзе на збудаваньне.
Дык што ж, браты? Калі збіраецеся разам, кожны з вас мае псалм, мае навуку, мае адкрыццё, мае мову, мае тлумачэнне: усё гэта хай будзе на пабудову царквы.
Калі-ж хто гаворыць (незнаёмай) мовай, гаварыце падвое, ці найбольш патрое, ды пачародзе; адзін жа тлума́ч.
Калі хто гаворыць мовай, дык хай па чарзе двое, найбольш трое, а адзін хай тлумачыць.
Калі-ж няма тлумача́, няхай маўчыць у царкве́, а гаворыць сабе́ і Богу.
А калі б не было тлумачальніка, дык хай маўчыць у царкве, але сам сабе гаворыць і Богу.
І прарокі няхай гавораць двое ці трое, рэшта-ж няхай разважаюць;
Прарокі хай прамаўляюць па двое або па трое, іншыя ж хай разважаюць.
калі-ж другому з се́дзячых будзе адкрыцьце, дык пе́ршы няхай маўчыць.
Калі ж каму іншаму з седзячых будзе дадзена аб’яўленне, дык хай першы замоўкне.
Бо ўсе́ адзін за адным можаце прарочыць, каб усе́ павучаліся і ўсе́ пацяша́ны былі.
Такім спосабам можаце праракаваць усе, адзін за адным, каб усе вучыліся і ўсе былі ўсцешаны.
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
І духі прарочыя паслухмяныя прарокам,
бо Бог ня есьць (Бог) бязладзьдзя, але супакою, як па ўсіх цэрквах у сьвятых.
бо Бог не ёсць Бог бязладдзя, але супакою. Як гэта адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых,
Жанчыны вашыя ў цэрквах няхай маўчаць; бо не дазволена ім гаварыць, але каб карыліся, як і закон кажа (Быцьцё 3:16).
жанчыны ў цэрквах павінны маўчаць, бо не дазваляецца ім гаварыць, але няхай будуць пакорлівыя, як і закон кажа.
Калі-ж хочуць чаго навучыцца, няхай пытаюцца дома ў мужоў сваіх; бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве́.
Калі яны хочуць чамусьці навучыцца, хай пытаюцца ў мужоў сваіх дома, бо сорамна жанчыне прамаўляць у царкве.
Ці-ж ад вас выйшла слова Божае? або ці да вас адных дасягла?
Ці ж ад вас выйшла слова Божае? Або ці да вас толькі прыйшло?
Калі хто лічыць, што ён прарок ці духоўны, той няхай разуме́е, што тое, што я пішу вам, ёсьць за́паведзі Госпада;
Калі каму здаецца, што ён прарок або духоўны, дык хай ведае, што тое, што вам пішу, ёсць загад Госпадаў.
а хто не разуме́е, няхай не́ разумее.
А калі хто гэтага не прызнае, ён сам не будзе прызнаны.
Гэтак, браты, старайцеся прарочыць, дый не забараняйце гаварыць мовамі.
Так вось, браты мае, рупцеся пра дар праракавання ды не забараняйце прамаўляць на мовах.
Няхай усё прыстойна і ў парадку робіцца.
Ды хай усё адбываецца прыстойна і парадкам.