Лукаша 20 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І ста́лася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабраве́сціў, прыйшлі першасвятары́ і кніжнікі са старэйшынамі
У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у царкве́ і прапаве́даваў Эвангельле, прыйшлі архірэі ды кніжнікі з старэйшынамі
і сказалі Яму, гаво́рачы: скажы нам, якою ўла́даю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўла́ду гэтую?
і гаварылі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе́ ўладу гэтую?
І, адка́зваючы, Ён сказаў ім: спыта́ю ў вас і Я адну рэч, і скажы́це Мне:
Ён жа сказаў ім у адказ: спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажэце Мне:
хрышчэ́нне Іаанава з неба было́ ці ад людзей?
Хрышчэньне Іоа́нава з не́ба было, ці ад людзе́й?
Яны ж разважа́лі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: «з неба», то скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
Яны-ж разважалі між сабою, кажучы: калі скажам: з не́ба, то скажа: чаму-ж вы не паве́рылі яму?
А калі ж скажам: «ад людзей», то ўвесь народ каме́ннем паб’е нас, бо ён перакана́ны, што Іаан — гэта прарок.
а калі скажам: ад людзе́й, то ўве́сь народ паб’е нас каме́ньмі, бо ён перакана́ны, што Іоан ёсьць прарок.
І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
І адказалі: ня ве́даем адкуль.
Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэтае роблю.
І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзíў вінаград і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся на доўгі час;
І пачаў Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: адзін чалаве́к насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучыўся на даўгі час;
і ў пэўную пару́ паслаў да вінагра́дараў раба́, каб далí яму пладо́ў з вінагра́дніка; але вінагра́дары, набíўшы яго, адасла́лі ні з чым.
і ў свой час паслаў да вінагра́дараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
І паслаў яшчэ другога раба́; але яны і таго, набíўшы і знява́жыўшы, адасла́лі ні з чым.
Яшчэ паслаў другога слугу; але яны і гэтага, прыбіўшы і аблаяўшы, адаслалі ні з чым.
І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, пара́ніўшы, прагна́лі.
І яшчэ паслаў трэцяга; але яны й таго, зраніўшы, выгналі.
Тады сказаў гаспадар вінагра́дніка: што́ мне рабіць? пашлю́ сы́на майго ўзлю́бленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаро́меюцца.
Тады сказаў гаспадар вінаградніку: што́ мне́ рабіць? Пашлю сына майго ўлюбленага; можа, угле́дзіўшы яго, паўстыдаюцца.
Але, убачыўшы яго, вінагра́дары разважа́лі між сабою, ка́жучы: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.
Але вінагра́дары, убачыўшы яго, разважалі між сабою, кажучы: «гэта наступнік; пойдзем, заб’е́м яго, і спадчына яго будзе наша.»
І, вы́веўшы яго вон з вінагра́дніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінагра́дніка?
І, вы́веўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Што-ж зробіць з імі гаспадар вінаградніку?
Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў гэтых, і адда́сць вінагра́днік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
Пры́йдзе ды вы́губіць вінагра́дараў гэных і аддасьць вінаграднік другім. Чуўшыя-ж гэтае сказалі: Хай ня будзе!
Ён жа, паглядзе́ўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напíсанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́»?
Але Ён, гля́нуўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напіса́ньне: ка́мень, каторы адкінулі будаўнічыя, ён жа зрабіўся галавою вугла? (Псальм 117:22).
Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца, а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.
Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе́, таго раздавіць.
І наме́рыліся першасвятары́ і кніжнікі накла́сці на Яго ру́кі ў тую ж гадзíну, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
І шукалі ў гэты час архірэі ды кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што аб іх сказаў гэтую прыповесьць.
І, пасачы́ўшы за Ім, падасла́лі выве́днікаў, якія, прыня́ўшы вы́гляд праведных, злавíлі б Яго на слове, каб вы́даць Яго начальству і ўла́дзе правíцеля.
І, сочачы за Ім, падаслалі хітрых людзе́й, якія, удаючы пра́ведных, падлавілі-б Яго на якім-не́будзь слове, каб выдаць Яго старшынам і ўладзе гаспада́равай.
І яны спыталі ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзíш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
І тыя спыталіся ў Яго: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядліва гаворыш і навучаеш і не глядзіш на аблічча, але запраўды́ шляху Божага вучыш.
дазволена нам даваць пада́так ке́сару ці не?
Ці нале́жыць плаціць падатак ке́сару, ці не́?
Ён жа, зразуме́ўшы кава́рства іх, сказаў ім: што́ вы Мяне спакуша́еце?
Але Ён, зразуме́ўшы хітрасьць іх, сказаў ім: што вы Мяне́ спакуша́еце?
пакажы́це Мне дына́рый: чыю выя́ву і на́дпіс ён ма́е? Яны сказалі ў адказ: ке́сара.
Пакажэце Мне́ дынарыя: чыё на ім аблічча і надпіс? Яны адказалі: ке́саравы.
Ён сказаў ім: вось і аддава́йце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
Ён жа сказаў ім: дык аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.
І не змаглí яны злавíць Яго на слове перад народам, і, здзівíўшыся адказу Яго, замоўклі.
І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
Тады падышлí да Яго некато́рыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго,
Тады прыйшлі некаторыя з садуке́яў, ня ве́рачых у ўваскрасе́ньне, і спыталіся ў Яго:
ка́жучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзе́тным, то няхай брат яго во́зьме жонку і адро́дзіць се́мя брату свайму»;
Вучыцель! Майсе́й напісаў нам, што, калі ў каго памрэ брат, які ме́ў жонку, і памрэ бязьдзе́тным, то брат ягоны мусіць узяць яго жонку і ажывіць се́мя брату свайму (Другазаконьне 25:5).
было сем братоў; і першы, узя́ўшы жонку, памёр бяздзе́тны;
Было се́м братоў; і першы, узяўшы жонку, паме́р бязьдзе́тным;
і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзе́тны;
узяў тую жонку другі, і той паме́р бязьдзе́тным;
і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і паме́рлі,
узяў яе́ і трэці, таксама й усе́ се́м, і паме́рлі, не пакінуўшы дзяце́й.
пасля ж усіх паме́рла і жонка;
Пасьля ўсіх паме́рла й жонка.
дык вось, ва ўваскрасе́нні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
Дык пры ўваскрасе́ньні — каторага з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра ме́лі яе́ жонкаю.
І сказаў ім Іісус у адказ: сыны́ веку гэтага жэ́няцца і выходзяць замуж,
І сказаў ім Ісус у адказ: дзе́ці ве́ку гэтага жэняцца й выходзяць замуж;
а спадо́бленыя дасягну́ць таго веку і ўваскрасе́ння з мёртвых не жэ́няцца і замуж не выходзяць;
а стаўшыяся годнымі прыждаць таго ве́ку і ўваскрасе́ньня з мёртвых ня жэняцца, дый замуж ня выходзяць,
і паме́рці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны́ Божыя яны, бу́дучы сына́мі ўваскрасе́ння.
і паме́рці ўжо ня могуць, бо яны роўны ангелам і сыны Бога, раз былі сынамі ўваскрасе́ньня.
А што мёртвыя ўваскрэ́снуць, і Маісей паказаў у апо́ведзе пра купіну́, называючы Госпада Богам Аўраа́ма і Богам Ісаа́ка, і Богам Іакава.
А што паме́ршыя ўваскрэснуць, паказаў і Майсе́й ля купіны, калі зваў Госпада Богам Аўраама і Богам Ізаака і Богам Якава (Выхад 3:6).
Ён жа Бог не мёртвых, а жывы́х, бо ў Яго ўсе жывы́я.
Бо-ж ня ёсьць Бог уме́ршых, але жывых: Яму ўсе́ жывы́я.
У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.
На гэтае некато́рыя з кніжнікаў сказалі: Вучыцель! Ты добра сказаў.
І ўжо больш не асме́льваліся пыта́цца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:
І ўжо не адважа́ліся ні аб чым задаваць Яму пытаньні. Ён жа сказаў ім:
я́к гэта гаво́раць, што Хрыстос — сын Давідаў?
як кажуць: што Хрыстос ёсьць Сын Давідаў?
А сам Давід гаво́рыць у кнізе псалмоў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі правару́ч Мяне,
А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́,
пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх».
дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?
Дык Давід Госпадам называе Яго; як жа Ён сын яму?
І калі слу́хаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
І, калі слухаў уве́сь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
сцеражы́цеся кніжнікаў, якім падаба́ецца хадзіць у доўгіх убо́рах і якія лю́бяць віта́нні на плошчах і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах, і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах,
сьцеражыцеся кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгіх вопратках; любяць вітаньні на торжышчах, пе́ршыя ме́сцы ў школах і пе́ршыя ме́сцы на банке́тах,
і якія праяда́юць дамы́ ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.
што зьядаюць хаты ўдоў і дзеля віду доўга моляцца; яны возьмуць тым цяжэйшае асуджэньне.