Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце.
Гэта быў першы перапіс, калі ў Сірыі гаспадарыў Кірынэй.
Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі.
І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў сваё места.
І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі зь места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтляем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлее́м, бо ён быў з дому і роду Давіда,
запісацца з Марыляй, заручанай зь ім жонкай, якая была цяжарная.
запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная.
І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні радзіць ёй;
І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй;
і нарадзіла Сына свайго Першынца і спавіла Яго і паклала Яго ў ясьлі, бо ня было ім мейсца ў заезьдзе.
і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла́ Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы.
І ў той мясцовасьці былі пастухі ў полі, якія старажавалі ў начы, ахоўваючы свой статак.
І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы ля статку свайго.
І вось зьявіўся ім Ангел Госпада, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
І вось, стаў перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпадава асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
І сказаў ім Ангел: ня бойцеся! Бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу;
І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам вялікую радасьць, якая будзе ўсяму народу,
бо сягоньня нарадзіўся вам у месту Давідавым Збавіцель, Каторы ёсьць Хрыстос Госпад;
бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад.
і такі вам знак: знойдзеце Дзіця спавітае, ляжачае ў ясьлях.
І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях».
І раптам зьявілася з Ангелам шматлікае войска Нябеснае, славячых Бога і гаворачых:
І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое славіла Бога і казала:
Слава Богу ў вышэйшых нябёсах, і на зямлі мір, у людзях добрая воля.
«Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».
І сталася: калі адыйшлі ад іх Ангелы на неба, і тады людзі-пастухі сказалі адзін аднаму: пойдзем у Бэтляем і паглядзім тую падзею, якая адбылася, пра якую абвясьціў нам Госпад,
І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад».
і пасьпешна прыйшлі і знайшлі Марылю і Язэпа, і Дзіцятка, што ляжыць у ясьлях.
І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях.
Убачыўшы ж абвясьцілі пра слова, якое было сказана ім пра гэтае Дзіця.
І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае.
І ўсе, хто пачуў зьдзівіліся з таго, што расказалі ім пастухі.
І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі.
А Марыля захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім.
А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
І калі споўнілася восем дзён, (каб) абрэзаць Дзіця, і далі Яму Імя Ісус, названае Ангелам перш зачацьця Яго ў чэраве.
І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні.
А калі споўніліся дні ачышчэньня яе па Закону Масеяваму, прынесьлі Яго ў Ярузалім, (каб) прадставіць (Яго) Госпаду,
І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,
як напісана ў Законе Госпада: (каб) кожная істота мужчынскага полу, раскрываючая чэрава, «сьвятое Госпаду» названа будзе (Вых. 13:2),
як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада»,
і прынесьці ахвяру паводля сказанага ў Законе Госпада, дзьве гарліцы або дваіх птушанят галубіных.
і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, па́ру ту́ркавак ці двух галубянятак.
І вось быў у Ярузаліме чалавек, імя якому Сымон. І чалавек гэты, праведны і пабожны, ён чакаў суцяшэньня Ізраэлявага, і Дух Сьвяты быў на ім.
І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.
І было яму прадвешчана ад Духа Сьвятога, (што ён) ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.
І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.
І прыйшоў (ён) у Духу ў Сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіця Ісуса, (каб) ім выканаць над Ім паводля прадпісанага Законам,
І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі́ прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закону,
і ён узяў Яго на свае рукі і багаславіў Бога і сказаў:
ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводля Слова Твайго, у міру,
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Улада́ру, паводле слова Твайго, у супакоі,
бо ўбачылі вочы мае збаўленьне Тваё,
бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,
каторае Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
Сьвятло для асьветы паганаў і Славу народу Твайго Ізраэля.
сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго — Ізраіля».
Язэп жа і маці Ягоная дзівіліся ад таго, што сказана пра Яго.
А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.
І багаславіў іх Сымон і сказаў Марылі, маці Ягонай: вось, Ён ляжыць на ўпадак і паўстаньне многіх у Ізраэлю, і на знак, (якому) працівіцца будуць,
І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць.
і табе самой душу́ пратне меч, каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
І табе самой меч пранікне ў душу́, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
І была Ганна прарочыца, дачка Хвануілава, з калена Асіравага. Яна (была) састарэлай у днях многіх, пражыўшая з мужам сем гадоў ад дзявоцтва свайго.
І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.
І яна, удава гадоў каля васьмідзясяці чатырох, якая ня адыходзіла ад Сьвятыні, постам ды малітваю служачы Богу дзень і ноч.
І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.
І яна (у) той час падыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, што чакаюць збаўленьня ў Ярузаліме.
І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.
І калі (яны) споўнілі ўсё паводля Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у места іхнае Назарэт.
І калі яны выканалі ўсё паводле Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
Дзіця ж узрастала і ўзмацоўвалася духам, напаўняемы мудрасьцю; і Багадаць Боская была на Ім.
А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.
І хадзілі бацькí Ягоныя кожны год у Ярузалім на сьвята Пасхі.
І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
І калі (Яму) было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны ў Ярузалім паводля звычаю сьвята.
І калі Ён меў дванаццаць год, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята.
І (калі) споўніліся тыя дні (сьвята), і калі яны вярталіся, застаўся падлетак Ісус у Ярузаліме, і ня заўважыў (таго) Язэп і маці Ягоная.
І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная,
Мяркуючы ж, (што) Ён знаходзіцца з (другімі) спадарожнікамі, прайшлі дзённы шлях і пача́лі шукаць Яго паміж родзічамі і паміж знаёмымі.
але думалі, што Ён ідзе з другімі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
І, ня знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ярузалім, шукаючы Яго.
І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
І сталася, цераз тры дні знайшлі Яго ў Сьвятыні, се́дзячы пасярод настаўнікаў і слухаючы іх, і пытаючыся іх.
І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
І дзівіліся ўсе, слухаючыя Яго, розуму і адказам Ягоным.
І ўсе, якія слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.
І ўбачыўшы Яго зьдзівіліся; і сказала Яму маці Ягоная: Дзіця! Чаму Ты зрабіў нам так? Вось ба́цька Твой і я пакутуючы шукалі Цябе.
І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе».
І (Ён) сказаў ім: навошта (вы) шукалі Мяне? ці (вы) ня ведалі, што Мне трэба знаходзіцца ў тым, што належыць Ба́цьку Майму?
І Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?»
Але яны ня зразумелі слова, якое (Ён) сказаў ім.
І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім.
І (Ён) пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.
А Ісус узрастаў у мудрасьці і ўзросьце, і ў любві ў Бога і ў людзей.
І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.