Марка 14 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць;
 
Да Пасхі (Вялікадня) і Праснакоў заставалася два дні. Дык архісьвятары і кніжнікі (вычоныя па Сьв. Пісаньні) шукалі прычыны, каб Езуса схваціць (паймаць) хітрасьцю і забіць.

але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
 
Казалі аднак: "Каб не ў сьвяточны дзень, кад не дайшло да заварухі людзей (народу)".

І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, — прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.
 
Калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і адпачываў, прыйшла жанчына, маючая з алябастравай пасудзінай каштоўнага алея нардавага і пабіўшы алябастр выліла Езусу на галаву.

А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?
 
Некаторыя з прысутных абураліся (марматалі), думалі і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алеяк?"

бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.
 
Можна было гэты алеяк прадаць даражэй чым за трыста дынарый і надзяліць убогіх. І наракалі на яе.

Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
 
А Езус бараніў: "Дайце ёй супакой! Чаму дакучаеце ёй? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.

Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.
 
Убогіх заўсёды маеце ў сябе, і, калі захочаце будзеце магчы ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.

Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.
 
Яна, што магла зрабіла, намашчэньнем цела Майго прыгатавала на пахаваньне.

Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.
 
Сапраўды кажу вам: ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе чытанае (вешчана) Эвангелія, у памяць яе, што яна зрабіла, будзе прыпамінацца".

І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
 
А адзін з дванаццаць — Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў, каб Яго выдаць.

А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
 
Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа разважаў, як Яго ў выгадны час выдаць.

У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.
 
У першы дзень праснакоў, калі забівалі янгнё пасхальнае (Пасха), кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе (Пасху) Вячэрнюю пасхальную есьці?"

І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,
 
Дык паслаў двух вучняў Сваіх і сказаў ім: ідзіце ў горад і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады, ідзіце за ім,

і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».
 
І куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: Вучыцель кажа: "Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"

І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.
 
Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу (вячэрнік) прыгатаваную (з ляжакамі), вось там прыготовіце месца нам.

І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.
 
Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі як ім прадсказаў, і прыгатовілі Пасху.

Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.
 
А калі настаў вечар, прыбыў туды з Дванаццацьцю.

І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.
 
А калі распалажыліся і елі — сказаў Езус: "Сапраўды кажу вам: адзін з вас Мяне выдасьць, каторы есьць са Мною".

Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?
 
Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта я?"

А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.
 
Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.

Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
 
Што праўда Сын Чалавечы зьдзяйсьняе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".

І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.
 
А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, адгаварыў малітву багаславенства, ламаў хлеб і даваў ім, і казаў: "Бярыце (прыміце), гэта ёсьць Цела Маё".

І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.
 
І ўзяўшы чашу (келіх) і падзяку складаючы даў ім: і пілі з яго ўсе.

І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.
 
І казаў ім: "Гэта (ёсьць) кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца".

Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.
 
Сапраўды кажу вам: "ня буду піць ужо з гэтага плада вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць яго новы ў Каралеўстве Божым".

І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.
 
І адсьпяваўшы гімн узьняліся на Аліўную гару.

І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,
 
Затым сказаў ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе з Мяне згоршыцеся, бо напісана: Удару пастыра і разьбягуцца авечкі,

а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.
 
але калі ўваскрэсну папераджу вас у Галілею".

Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.
 
Але Пётр сказаў Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся б з Цябе, але не я".

І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
 
Затым сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двакратна пятух засьпявае, ты трохкратна Мяне вырачэшся".

Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.
 
Але ён тым мацней цьвердзіў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна ўсе яны казалі.

Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.
 
Затым прыйшлі яны ў пасёлак Гэтсэмані. Сказаў Езус вучням Сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".

І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.
 
Ды ўзяў з Сабою Пятра і Якуба, і Яна, і пачаў трывожыцца і сумаваць.

І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.
 
Сказаў ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і будзьце чуткімі".

І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;
 
Крыху адыйшоўшыся Ён паў на зямлю і маліўся, каб калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.

і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.
 
І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчымае, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"

Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?
 
Вярнуўшыся да іх знайшоў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць хвілінку патрываць (бодрым)?

чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
 
Пільнуйцеся і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух, што праўда, ахвочы, але цела кволае".

І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.
 
Адыйшоўшыся зноў маліўся ў гэтыя самыя словы, молячыся.

І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.
 
Зноў вярнуўшыся застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.

І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;
 
Ды трэці раз вярнуўся да іх і сказаў ім: "Сьпіце ўжо і адпачывайце. Хваціць! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.

устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.
 
Падыміцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".

І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.
 
А калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі ад архасьвятароў, знаўцаў Пісаньня, ды старэйшын,

А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.
 
здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго, і вядзіце асьцярожна.

І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.
 
А калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і сказаў: "Вучыцелю — Раббі!" І пацалаваў Яго.

А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.
 
Яны ж наваліліся на Яго і схвацілі Яго.

А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.
 
Дык адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч і ўдарыў слугу архісьвятара і адсёк яму вуха.

Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;
 
А Езус сказаў ім: "Выйшлі з мячамі і палкамі як на разбойнік, каб узяць Мяне.

кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.
 
Што дзень бываў з вамі ў сьвятыні вучачы і вы не ўзялі Мяне, але каб зьдзейсьніліся Пісаньне".

Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
 
Тады вучні Ягоны пакінуўшы Яго, усе паўцікалі.

Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.
 
Ды вось адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай ішоў за Ім. Ды яго схапілі.

Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.
 
Але ён выкруціўся з пасьцілкі і голы ўцёк ад іх.

І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.
 
Затым прывялі Езуса да найвышэйшага сьвятара (архісьвятара). Сабраліся ўсе вышнія сьвятары, старшыны і кніжнікі.

Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.
 
Пётр жа здалёку ішоў за Ім аж увайшлі яны ў прысенак архісьвятара, а потым сядзеў з прыслугамі і грэўся пры агні,

А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,
 
а архісьвятары ды ўся рада шукалі супроць Езуса доказу (пасьведчаньня), каб засудзіць на сьмерць, але не знаходзілі.

Бо многія сьведчылі ілжыва на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.
 
Бо многа фальшыва сьведчылі супраць яго, але іх доказы не сыходзіліся,

І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:
 
а некаторыя падняўшыся, фальшыва даказвалі проціў Яго, кажучы:

мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».
 
"Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе пабудавана не рукамі".

Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.
 
Але іх доказы не сыходзіліся.

Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?
 
А архісьвятар стаўшы пасярэдзіне спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"

Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?
 
Езус жа маўчаў і не адказваў. Дык тады архісьвятар паўторна спытаўся: "Ці Ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлена?"

Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
 
Езус у адказ сказаў яму: "Я Той, але ўбачыце Сына Чалавечага седзячага праваруч Магуты Божай ды прыходзячага ў воблаках нябесных".

Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?
 
А архісьвятар разьдзіраючы адзеньне сваё, сказаў: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?

вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.
 
Чулі блявузу: Што думаеце, што рашаеце?" А яны ўсе асудзілі, што Ён заслужыўся (варт) на сьмерць.

І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.
 
Ды некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго і біць кулакамі крычучы на Яго: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.

Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая
 
А калі Пётр быў на панадвору (дзядзінцу), на нізе, прыйшла адна з служанак архісьвятара,

і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.
 
і яна ўбачыўшы Пятра, грэючагася, прыгледзілася яму і сказала: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"

Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.
 
Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі ў прысенак. І пятух засьпяваў.

Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.
 
Ізноў угледзіўшы яго служанка, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх ліку".

Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.
 
А ён паўторна запярэчыў. Незадоўга, на хвіліне тыя, што там стаялі казалі Пятру: "Ты запраўды належыш да іх, бо ты Галейчык".

А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.
 
А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня знаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".

Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.
 
Ізноў пятух паўторна засьпяваў. Таду Пётр успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двакратна певень засьпявае, ты тры разы зарачэшся Мяне". І Пётр пачаў плакаць.