Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!
Аднойчы, калі Езус выходзіў са сьвятыні адазваўся да яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцелю, глянь, што за камяні ды якія пабудовы?"
Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.
У адказ сказаў яму Езус: "Бачыш усе гэтыя будоўлі вялізарныя? Не застанецца з іх камень на камені, каб ня быў развалены".
І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:
А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары супраць сьвятыні, аддзельна пыталіся Яго Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?
скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?
Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
Адказваючы Езус пачаў ім выясьняць: "Глядзіце, каб вас хтосьці ня зьвёў.
бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.
Бо ў імя Маё прыйдзе многа, каторыя будуць казаць: "Гэта я" і яны многіх зьвядуць.
А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.
А калі пачуеце пра войны і пра паведамленьні ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца але не на гэтым канец.
Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.
Падымецца (паўстане) народ на народ ды каралеўства (дзяржава) супроць каралеўству ды будуць мясцамі землятрусыі голад. Гэта пачатак боляў, цярпеньняў.
Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.
Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і бічаваць у сынагогах і будуць вас у пасьведчаньне аба Мне стаўляць (цягаць) перад правіцелямі і каралямі.
І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.
Але трэба, каб перш была вешчана Эвангелія ўсім народам.
Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.
А калі вас цягаць будуць на асуджэньне, не думайце раней, што маеце гаварыць. Бо не вы будзеце гаварыць але Дух Сьвяты.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
А будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына ды дзеці збунтуюцца супроць бацькоў (родзічаў) ды будуць іх забіваць.
І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.
І будзеце вы ў ненавісьці ўва ўсіх ізза Мяне. Але хто ўстаіць (вытрымае) да канца — будзе збаўлены.
А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, — хто чытае, хай разумее, — тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня пашыраную там дзе ня мела быць, хто чытае хай разумее, што тыя, якія ў Юдэі, хай уцекаюць у горы.
а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;
А хто на даху, хай не сыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзязь з дому свайго.
і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.
А хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць накідку сваю.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
Бяда будзе бярэменным ды соячым у тыя дні.
Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
Дзеля таго, маліцеся, каб не выпала гэта ў зіму.
Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.
Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт (тэррор) якога не было ад стварэньня сьвету аж дасюль, сьвету, які Бог стварыў.
І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.
Калі б Бог не скараціў тых днёў, не ўцалеў бы ніхто, але Бог скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.
Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстос», альбо: «вунь, там», — ня верце.
Калі б хто вам тады сказаў: "Во тут Хрыстус, або там, ня верце".
Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
Бо паявіцца фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя (хвальшывыя) прарокі і будуць тварыць знакі ды цуды, каб зьвесьці (калі гэта магчыма) нават выбраных.
А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.
Дык высьцеражыцеся: таму я вам усё прадсказаў.
Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго;
А па прыгнёце ў тыя дні зацьміцца сонца ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,
і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
а зоркі нябесныя падаць будуць ды магуцьці (сілы), што на небе стануць хістацца (варушыцца).
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаках з вялікай магутаю і славаю.
І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.
Тады то пашле Сваіх анёлаў і сабярэ з чатырох старон ад канца да канца сьвету выбраньнікаў Сваіх.
Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;
Вучыцеся падабенства з фігавага дрэва. Калі ўжо яго галінка робіцца мягкай і пукаецца (выпушчае лісты), ведаеце, што ўжо блізка лета.
так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.
Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род (пакаленьне), аж гэта ўсё станецца.
Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.
Неба і зямля зчэзнуць, але словы Мае трываць будуць.
А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.
А дня тога і хвіліны (пары) ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты.
Глядзіце, пільнуйцеся і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.
Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.
Будзе як з чалавекам, які выехаў у дарогу, пакінуў свой дом і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.
Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу;
Дык пільнуйцеся, бо не ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці а поўначы, ці калі пятух засьпявае, ці раніцай,
каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне.
каб калі вернецца раптам, каб не застаў вас сьпячымі.
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
А што вам кажу, усім кажу, пільнуйцеся!