Дзеі 15 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Некаторыя, што прыйшлі зь Юдэі, вучылі братоў: калі не абрэжацеся паводле абраду Майсеевага, ня можаце ўратавацца.
 
Некаторыя, паходзячыя з Юдэі навучалі братоў: "Калі ня прыміце абразаньня па звычаю Майсея, ня можаце быць збаўлены."

Калі ж пачаліся нязгоды і немалое змаганьне ў Паўла і Варнавы зь імі, дык пастанавілі Паўлу і Варнаву і некаторым іншым зь іх выправіцца ў гэтай справе да апосталаў і прасьвітараў у Ерусалім.
 
Дзеля таго ўзьнікла шмат немалых спораў і звадак паміж імі дый Паўлам і Барнабай, так што вырашана, што Павал і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх направіцца дзеля гэтага спору ў Ерузалім, да Апосталаў і старэйшын.

І вось, праведзеныя царквою, яны праходзілі Фінікію і Самарыю, расказваючы пра наварот язычнікаў, і рабілі вялікую радасьць ва ўсіх брацтвах.
 
Дык пасланыя Касьцёлам ішлі праз Феніцыю і Самар'ю, разказваючы пра наварачэньне паганам, чым выклікалі ў братоў вялікую радасьць.

А як прыйшлі ў Ерусалім, яны былі прынятыя царквою, апосталамі і прасьвітарамі, і абвясьцілі ўсё, што Бог учыніў зь імі, і як адчыніў дзьверы веры язычнікам.
 
Калі прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя Касьцёлам, Апосталамі і прэзбітарамі. Разсказалі затым ім як Бог дзейнічае праз іх.

Тады паўсталі некаторыя з фарысэйскай ерасі, якія ўверавалі, і казалі, што трэба абразаць язычнікаў і наказаць трымацца закона Майсеевага.
 
Але некаторыя наварачэнцы з фарызэяў супрацівіліся і заявілі: "Трэба абразаць іх і змушаць такжа берагчы закон Майсея!"

Апосталы і прасьвітары сабраліся на разгляд гэтай справы.
 
Дык сабраліся Апосталы і прэзбітэры разгледзіць гэтую справу.

Пасьля доўгага разважаньня Пётр, устаўшы, сказаў ім: мужы браты! вы ведаеце, што Бог ад першых дзён абраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх язычнікі пачулі слова Дабравесьця і ўверавалі;
 
Калі па гэтым узьнікла вялікая спрэчка, тады ўстаў Пётр і сказаў ім: "Браты вы ведаеце, што Бог здаўных дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Эвангеліі дый ўверылі.

і Знаўца Сэрцаў Бог даў ім сьведчаньне, даўшы ім Духа Сьвятога, як і нам;
 
І Бог, што знае сэрцы, даказаў гэта, даючы ім Духа Сьвятога, як і нам

і не паклаў ніякае розьніцы паміж намі і імі, вераю ачысьціўшы сэрцы іхнія.
 
Ня зрабіў ніякай разьніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іхнія верай.

Чаго ж вы цяпер спакушаеце Бога, каб ускласьці на шыі вучняў ярмо, якога не маглі несьці ні бацькі нашыя, ні мы?
 
Дык чаму цяпер спакушаеце Бога, ускладаючы на вучняў ярмо, каторага ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць.

Але мы верым, што мілатою Госпада Ісуса Хрыста ўратуемся, як і яны.
 
Мы аднак верым, што праз ласку Госпада Езуса будзем збаўлены як і яны."

Тады змоўк увесь сход і слухаў Варнаву і Паўла, якія расказвалі, якія азнакі і цуды ўтварыў Бог празь іх сярод язычнікаў.
 
Замоўкла ўся грамада, а затым слухалі разказу Барнабы і Паўла пра многа цудаў і знакаў, учыненых Богам праз іх пасярод паганаў.

А пасьля таго, як яны змоўклі, пачаў прамову Якаў і сказаў: мужы браты! паслухайце мяне:
 
А калі яны перасталі разказваць — адазваўся Якуб: "Браты, паслухайце мяне

Сымон вытлумачыў, як Бог на пачатку дагледзеў язычнікаў, каб скласьці зь іх народ у імя Сваё;
 
Сымон разказаў, як Бог выбраў сабе народ спаміж паганаў для імя Свайго.

і з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
 
З гэтым згаджаюцца словы Прарокаў, як напісана:

«потым вярнуся і аднаўлю скінію Давідаву заняпалую, і тое, што ў ёй разбурана, узнаўлю, і папраўлю яе,
 
''Потым вярнуся і адбудую паўшую палатку /скінію/ Давіда і адбудую, што ў ёй разрушана ды ўзнаўлю яе.

каб знайшлі Госпада астатнія людзі і ўсе народы, паміж якімі абвесьціцца імя Маё, кажа Гасподзь, Які творыць усё гэта».
 
Каб іншыя людзі шукалі Госпада, ды ўсе народы, над каторымі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Каторы зьдзейсьняе.

Вядомыя Богу спрадвеку ўсе справы Ягоныя.
 
Прадсказаны падзеі спрадвеку."

Таму я лічу, што ня сьлед заважаць тым язычнікам, якія да Бога зьвяртаюцца,
 
Таму па маему, ня трэба безпакоіць тых, каторыя з паганаў навярнуліся да Бога,

а напісаць ім, каб яны ўстрымаліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад душанага і крыві, і каб не рабілі іншым таго, чаго ня зычаць сабе:
 
але прыпісаць ім, каб берагліся яды ахвяраванай ідалам, разпусты, усяго задушанага і ад крыві.

бо закон Майсееў старажытных родаў па ўсіх гарадах мае прапаведнікаў ягоных і чытаецца ў сынагогах кожнае суботы.
 
Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленьняў мае такіх, што ў паасобных гарадах, у сынагогах, у кожны шабат чытаюць яго /закон/."

Тады апосталы і прасьвітары з усёю царквою разважылі, выбраўшы спаміж сябе мужоў, паслаць іх у Антыахію з Паўлам і Варнавам, менавіта: Юду, якога празвалі Варсавам, і Сілу, мужоў начальных сярод братоў,
 
Тады Апосталы і прэзбітэры з усім Касьцёлам рашылі выбраць знатных людзей спаміж братоў: Юду, званага Барсабай, і Сыляса ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабай і Паўлам.

напісаўшы і ўручыўшы ім наступнае: апосталы і прасьвітары і браты братам зь язычнікаў у Антыахіі, Сірыі і Кілікіі: радавацца.
 
Паслалі праз іх ліст: "Апосталы і прэзбітэры, браты тым, што жывуць у Антыёнхіі, Сырыі і Піліцыі — братам з паганаў — прывітаньне!

Таму што мы пачулі, што некаторыя, выйшаўшы ад нас, устрывожылі вас сваімі казанямі і пахіснулі вашыя душы, кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона, чаго мы ім не даручалі;
 
Мы даведаліся, што некаторыя з нашых, без нашага паручэньня, занепакоілі вас вучэньнямі, трывожачы сэрцы вашыя.

дык мы, сабраўшыся, аднадушна разважылі паслаць да вас выбраных мужоў зь любаснымі нашымі Варнавам і Паўлам,
 
Дык мы сабраўшыся разам рашылі паслаць да вас адборных людзей разам з дарагімі Барнабай і Паўлам,

людзьмі, якія аддалі душы свае за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
каторыя для імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса пасьвяцілі жыцьцё сваё.

І вось мы паслалі Юду і Сілу, якія высьветляць вам тое самае і словамі.
 
Дык пасылаем Юду і Сыляса, каторыя перакажуць вуснамі тое самае.

Бо заўгодна Сьвятому Духу і нам не ўскладаць на вас ніякага цяжару болей, апрача гэтага неабходнага:
 
Дуxу Сьвятому і нам казалася справядліва не накладаць на вас ніякага цяжару апрача таго, што канечнае:

устрымлівацца ад ідалаахвярнага і крыві, і душанага і распусты, і не рабіць іншым таго, чаго сабе ня зычыце; трымаючыся гэтага, добра зробіце. Будзьце здаровыя».
 
паўстрымацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана ды ад распусты. Добра зробіце, калі ад гэтых рачэй паўстрымаецеся. Бывайце".

І вось пасланцы прыйшлі ў Антыахію і, склікаўшы людзей, уручылі пісьмо.
 
Тыя жа пасланыя прыбылі ў Антыёхію, і сабраўшы народ, аддалі яму ліст.

А яны, прачытаўшы, узрадаваліся настаўленьню гэтаму.
 
Калі яго перачыталі — усьцешыліся з яго пацешаючага зьместу.

Юда і Сіла, якія таксама былі прарокі, шчодрым словам далі настаўленьне братам і ўмацавалі іх.
 
Юда, а таксама Сілас, яўляючыся прарокамі, у частых прамовах пацешалі братоў і ўмацоўвалі іх.

Пабыўшы там якісь час, яны зь мірам адпушчаны былі братамі да апосталаў;
 
Па нейкім часе паслалі іх браты з прывітаньнем міру ад братоў каторыя іх паслалі.

але Сілу надумалася застацца там, а Юда вярнуўся ў Ерусалім.
 

А Павал і Варнава жылі ў Антыахіі, навучаючы і зьвястуючы, разам зь іншымі многімі, слова Гасподняе.
 
Павал і Барнаба засталіся ў Антыёхіі, павучаючы слова Госпадавага з многімі іншымі.

Па пэўным часе Павал сказаў Варнаву: хадзем зноў, наведаем братоў нашых ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведалі слова Гасподняе, як яны жывуць.
 
Па нейкім часе Павал сказаў Барнабу: "Вернемся, і наведаем братоў ва усіх гарадах, у якіх мы вясьцілі слова Госпадава, паглядзім як маюцца.

Варнава хацеў узяць з сабою Яна, якога звалі Маркам,
 
Барнаба хацеў ўзяць з сабой Яна, званага Маркам,

але Павал разважыў ня браць з сабою таго, хто адстаў ад іх у Памфіліі і не пайшоў зь імі на дзею, на якую яны былі пасланыя.
 
Павал жа асуджаў яго за тое, што ён адыйшоў ад іх у Памфіліі і не хацеў супрацоўнічыць з імі, дык не належыцца браць яго.

Адгэтуль і сталася крыўда, так што яны разлучыліся адзін з адным; і Варнава, узяўшы Марка, адплыў на Кіпр;
 
Дайшло да схваткі, так што разьдзяліліся: Барнаба ўзяў Марка і паплыў на Кіпр,

а Павал, выбраўшы сабе Сілу, выправіўся, даручаны братамі мілаце Божай,
 
Павал выбраў Сіласа і адправіўся паручаны братамі ласцы Госпада.

і праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.
 
Праxодзіў праз Сырыю і Цыліцыю, умацоўваючы Касьцёлы.