Дзеі 21 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Калі ж мы, разьвітаўшыся зь імі, адплылі, дык напрасткі прыйшлі ў Кос, на другі дзень у Радос і адтуль у Патару;
 
Разстаўшыся з імі мы адплылі напрасткі ды прыбылі ў Косе, а наступнага дня ў Родос, а адтуль ў Патары.

і, калі знайшлі карабель, што плыў у Фінікію, узышлі на яго і адплылі.
 
3найшоўшы карабель, каторы меў плысьці ў Феніцыю, мы селі і паплылі.

Калі паказаўся Кіпр, мы пакінулі яго зьлева і паплылі ў Сірыю, і прысталі ў Тыры, бо тут было трэба скласьці грузы з карабля;
 
Убачыўшы Кіпр, пакінулі яго на лева, а плывучы ў напрамку Сырыі, прыбылі мы ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць ладункі.

і, знайшоўшы вучняў, прабылі там сем дзён; яны праз Духа казалі Паўлу, каб ён не хадзіў у Ерусалім.
 
Адшукаўшы вучняў, прыбылі мы там сем, днёў. Яны пад дзеяньнем Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.

Правёўшы гэтыя дні, мы выйшлі і пайшлі і нас праводзілі ўсе з жанчынамі і дзецьмі аж за горад; а на беразе, укленчыўшы, памаліліся.
 
Па прабегу тых дзён, мы пусьціліся ў дарогу, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся.

І, разьвітаўшыся паміж сабою, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў.
 
Затым разьвіталіся: мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да дому.

А мы, адбыўшы плаваньне, прыбылі з Тыра ў Пталемаіду, дзе, прывітаўшы братоў, прабылі ў іх адзін дзень.
 
Канчаючы плаваньне, з Тыру прыбылі мы ў Птолемайду і прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.

А на другі дзень Павал і мы, хто быў зь ім, выйшаўшы, прыйшлі ў Кесарыю і, увайшоўшы ў дом Піліпа прапаведніка, аднаго зь сямёх дыяканаў, засталіся ў яго.
 
На другі дзень пусьціўшыся ў дарогу, прыбылі мы у Цэзарыю. Зайшлі мы ў дом эвангелісты Філіпа. Ён быў адзін з сямі, ды ў яго затрымаліся.

У яго былі чатыры дачкі, дзяўчаты-прарочыцы.
 
Меў ён чатыры дачкі — дзявіцы прарочыцы.

Тым часам, як мы многа дзён заставаліся ў іх, прыйшоў зь Юдэі нейкі прарок, якога звалі Агаў,
 
Калі мы там прабылі некалькі дзён, прыйшоў з Юдэі нейкі прарок імем Агабос.

і, увайшоўшы да нас, узяў пояс Паўлаў і, зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: так кажа Дух Сьвяты: мужа, чый гэта пояс, гэтак зьвяжуць у Ерусаліме Юдэі і перададуць у рукі язычнікам.
 
Калі ён адведаў нас, узяў пояс Паўла, зьвязаў сабе рукі і ногі ды сказаў: "Гэта кажа Дух Сьвяты: Так жыды ў Ерузаліме зьвяжуць чалавека, катораму належыць гэты пояс ды выдадуць яго ў рукі паганаў."

Калі ж мы пачулі гэта, дык і мы і тамтэйшыя прасілі, каб ён ня ішоў у Ерусалім.
 
Калі мы гэта пачулі, разам з тамашнімі братамі, упрашалі яго, каб не ішоў у Ерузалім.

Але Павал у адказ сказаў: што вы робіце? чаго плачаце і засмучаеце сэрца маё? я ня толькі хачу быць вязьнем, але гатовы памерці ў Ерусаліме за імя Госпада Ісуса.
 
Тады Павал адказаў: "Што вы робіце? Плачучы, надрываеце /калечыце/ маё сэрца? Я гатоў ня толькі ў вязніцу, але і на сьмерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Езуса."

А калі мы ня здолелі ўгаварыць яго, дык супакоіліся, сказаўшы: хай будзе воля Гасподняя!
 
Ня могучы яго пераканаць, мы ўступілі, кажучы: "Хай станецца /будзе/ воля Госпада!"

Пасьля гэтых дзён, падрыхтаваўшыся, пайшлі мы ў Ерусалім;
 
Затым прыгатовіўшыся, адправіліся ў Ерузалім.

з намі ішлі і некаторыя вучні з Кесарыі, праводзячы нас да аднаго даўняга вучня, Мнасана Кіпрыйца, у якога можна было нам жыць.
 
Праводзілі нас некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпру, аднаго з першых вучняў, у каторага знайшлі мы прытулак /гасьціну/.

як прыйшлі мы ў Ерусалім, браты гасьцінна прынялі нас.
 
Калі мы прыбылі ў Ерузалім , ахвотна прынялі нас браты.

На другі дзень Павал прыйшоў з намі да Якава; прыйшлі і ўсе прасьвітары.
 
А на другі дзень Павал разам з намі пайшоў да Якуба. Сабраліся таксама ўсе прэзбітэры /старэйшыны/.

Павітаўшы іх, Павал расказваў падрабязна, што стварыў Бог у язычнікаў служэньнем ягоным.
 
Прывітаўшы іх, Ён пачаў падрабязна разказваць, што ўчыніў /даканаў/ Бог сярод паганаў праз ягоную паслугу.

А яны, выслухаўшы, праславілі Бога і сказалі яму: бачыш, браце, колькі тысяч Юдэяў уверавалі, і ўсе яны — шчырыя слугі закона;
 
Чуючы гэта, яны славілі Бога, але прытым казалі яму: "Відзіш, браток, колькі тысяч жыдоў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць Закон

а пра цябе наслухаліся яны, быццам ты ўсіх Юдэяў, якія жывуць сярод язычнікаў, вучыш адступацца ад Майсея, кажучы, каб яны не абразалі дзяцей сваіх і ня трымаліся звычаяў.
 
Праз цябе жа чулі, што ты ўсіх жыдоў, жывучых між паганаў, адварачаеш ад Майсея, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды не трымацца звычаяў іх.

Дык што ж гэта? Пэўна, зьбярэцца народ; бо дачуюцца, што ты прыйшоў.
 
Дык што гэта? Напэўна даведаюцца, што ты прыбыў.

Зрабі ж, што мы скажам табе: ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе зарок.
 
Дык зрабі, як мы табе раім: Маем тут чатырох мужчын, каторыя злажылі шлюбаваньне.

Узяўшы іх, ачысьціся зь імі і прымі на сябе выдаткі на ахвяру за іх, каб абстрыглі сабе галаву, — і ўведаюць усе, што чутае імі пра цябе несправядлівае, а што і сам ты жывеш згодна з законам.
 
Вазьмі іх з сабой, прымі разам з імі ачышчэнне, заплаці за іх, каб яны астрыгі галовы, а тады ўсе пераканаюцца, што тое, пра цябе даведаліся — ня праўда, але што жывеш берагучы Закон.

А пра язычнікаў, якія ўверавалі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб яны нічога такога не пільнаваліся, а толькі ўстрымалі сябе ад ідалаахвярнага, ад крыві, ад душанага і ад распусты.
 
Адносна паган, каторыя ўверылі, дык мы паслалі лістоўнае паручэньне, каб ня елі яды ахвяраванай ідалам /баговішчам/, устрымаліся ад крыві, ад таго, што задушана ды ад распусты.

Тады Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра.
 
Тады Павал ўзяў з сабой тых мужчынаў, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэньню, пайшоў у сьвятыню. Там вызначыў апошні дзень ачышчэньня, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.

Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі,
 
Калі тых сем дзён даходзіла да канца, жыды з Азіі ўбачыўшы Паўла ў сьвятыні падбурылі ўвесь натоўп ды кінуліся на яго,

закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае.
 
падялі крык: "Ізраельцы! На помач! Гэта той чалавек, каторы ўсюды ўсіх вучыць проціў народу і Закону, і проціў гэтага месца, а прытым Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае сьвятое месца.

Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм.
 
Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфэзу ды думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню.

Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы.
 
Дык узварухнуўся ўвесь горад, зьбегся народ, хвацілі Паўла ды выцягнулі яго па-за сьвятыню. Зараз жа таксама зачынілі брамы.

Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся;
 
Калі стараліся яго забіць, дайшла да трубуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім узбураны.

ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла;
 
Ён неаднакладна ўзяў жаўнераў ды сотнікаў ды сыйшоў да іх на ніз. Яны ўбачыўшы трыбуна і жаўнераў перасталі біць Паўла.

тады тысячнік, падышоўшы, узяў яго і загадаў закаваць яго двума ланцугамі, і пытаўся: хто ён і што зрабіў?
 
Тады трыбун падыйшоўшы, узяў яго і прыказаў яго зьвязаць двома ланцугамі, ды пытаўся: "Хто ён, і што зрабіў?"

А людзі адны крычалі адное, а другія другое; ён жа, ня могучы з прычыны ўзрушэньня даведацца нічога пэўнага, загадаў весьці яго ў крэпасьць.
 
А з натоўпу кожны крычаў што іншае. Ня могучы нічога даведацца яснага з прычыны гармідару, казаў завесці яго ў крэпасьць.

А калі ён быў на лесьвіцы, дык воіны мусілі несьці яго, бо ў натоўпе была вялікая сьціжма;
 
Калі прыйшлі да сходаў дзеля напору /пханіны/ людзей, жаўнеры мусілі несьці яго.

бо мноства людзей ішло сьледам і крычала: сьмерць яму!
 
Бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: "Сьмерць яму!"

Перад уваходам у крэпасьць Павал сказаў тысячніку: ці можна мне сказаць табе нешта? А той сказаў: ты ўмееш па-Грэцку?
 
Калі мелі яго ўвесьці ў крэпасьць, спытаў Павал у трыбуна: "Ці можна мне штосьці сказаць табе?" Ён спытаў: "Ці ўмееш па грэцку?

Дык ці ня ты той Егіпцянін, які напярэдадні ўчыніў бунт і зьвёў у пустыню чатыры тысячы чалавек разбойнікаў?
 
Ці ты егіпцыянін, каторы падаўна падбурыў ды вывеў у пустыню чатыры тысячы сыкарыйцау?"

А Павал сказаў: я Юдэй, Тарсянін, грамадзянін вядомага Кілікійскага горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да людзей.
 
Адказаў Павал: "Я жыд з Тарсу, што ў Цыліцыі, грамадзянін ведамага гораду: прашу цябе пазволь мне прагаварыць да народу.

І калі той дазволіў, Павал, стоячы на лесьвіцы, даў знак рукою людзям і, калі настала глыбокая моўча, пачаў прамаўляць па-Габрэйску так:
 
Калі той пазволіў, Павал стоячы на сходках, даў знак рукой народу і калі настала цішыня, ён прагаварыў па-гэбрэйску ў гэтыя словы: