Псалтыр 29 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.
 

Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.
 

Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.
 

Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.
 

Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,
 

бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу — радасьць.
 

І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».
 

Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе, Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:
 

Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:
 

«якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?
 

пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».
 

І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,
 

хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.