Псалтыр 97 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Псальма Давідава. Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу.
 

Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю.
 

Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага.
 

Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;
 

сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;
 

з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.
 

Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;
 

хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы
 

прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы — па праўдзе.