Псалтыр 68 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.
 

Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.
 

Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.
 

Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.
 

Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.
 

Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад цябе не схаваны.
 

Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;
 

бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.
 

Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,
 

бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,
 

і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.
 

І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу — і раблюся ім прытчаю;
 

і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п’юць віно.
 

А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;
 

дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;
 

хай не пацягне мяне цячэньне вады, хай не паглыне мяне багна, хай не замкне нада мною прорва пашчы свае.
 

Пачуй мяне, Госпадзе, бо добрая міласьць Твая; у мностве шчадротаў Тваіх дагледзь мяне,
 

не хавай твару Твайго ад раба Твайго, бо я смуткую; хутка пачуеш мяне;
 

Наблізься да душы маёй, вызваль яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.
 

Ты ведаеш паганьбеньне маё, сорам мой і агуду маю; ворагі мае ўсе прад Табою.
 

Маё сэрца зламала агуда, і я зьнямогся; чакаў спагады, але няма яе — і спагадцаў, ды не знаходжу.
 

І далі мне за ежу жоўць, і ў смазе маёй воцатам напаілі мяне.
 

Няхай стане трапеза іхняя сеткаю ім, і мірнае застольле іхняе — пасткаю;
 

няхай запамрочацца іхнія вочы, каб ім ня бачыць, і сьцёгны расслабі ім назаўсёды;
 

вылі на іх лютасьць Тваю, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх;
 

селішча іхняе няхай запусьцее, і ў палатках іхніх хай ніхто ня жыве,
 

бо, каго Ты забіў, яны яшчэ перасьледуюць, і пакуты Табою параненых памнажаюць.
 

Прыкладзі беззаконьне да іхняга беззаконьня, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю;
 

няхай скрэсьлены будуць з кнігі жывых, і хай ня будуць запісаны з праведнымі.
 

А я бедны і пакутую; дапамога Твая, Божа, хай адродзіць мяне.
 

Я буду славіць імя Бога майго ў песьні, буду ўзьвялічваць яго праслаўленьнем,
 

і будзе гэта даспадобы Госпаду болей, чым вол, чым цяля з рагамі і з капытамі.
 

Угледзяць гэта спрагненыя, і зарадуюцца. І ажыве сэрца ваша, богашукальнікі;
 

бо Гасподзь чуе ўбогіх і не пагарджае вязьнямі Сваімі.
 

Хай праславяць Яго зямля і нябёсы, моры, і ўсё рухомае ў іх,
 

бо ўратуе Бог Сіён, створыць гарады Юдавыя, і паселяцца там, і ўспадкуюць яго,
 

і нашчадкі рабоў Ягоных умацуюцца ў ім, і тыя, што любяць імя Ягонае, сяліцца ў ім будуць.