Псалтыр 67 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2002
Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.
Няхай паўстане Бог — і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!
Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!
А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.
Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, — і прад абліччам Ягоным радуйцеся.
Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!
Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.
Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні,
зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай — ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.
Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.
Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.
Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.
«Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.
Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы — як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:
калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.
Гара Божая! — гара Васанская! гара высокая — гара Васанская!
Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!
Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.
Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.
Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.
Бог нам — Бог на ратаваньне; ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.
Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.
Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,
каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.
Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:
наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:
«Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы — ад семені Ізраілевага!»
Там Веньямін малодшы — іхні князь; князі Юдавы — уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.
Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!
Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.
Утаймуй зьвера ў трысьнягу, — статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.
Прыйдуць вяльможы зь Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.
Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,
Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.
Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная — на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная — на аблоках.
Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў — Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!