Навума 2 разьдзел
Кніга прарока Навума
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Падымаецца на цябе разбуральнік: ахоўвай цьвярдыні, ахоўвай дарогу, умацуй сьцёгны, зьбірай сілу.
Падымаецца на цябе разбуральнік. Беражы ўмацаванні, сцеражы дарогі, умацуй паясніцы, набярыся сілы.
Бо адновіць Гасподзь веліч Якава, як веліч Ізраіля, бо спустошылі іх спусташальнікі і вінаградныя галіны іх вынішчылі.
Бо адновіць Госпад веліч Якуба, як веліч Ізраэля, бо рабаўнікі абрабавалі іх і паламалі іх парасткі.
Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца.
Шчыт герояў яго — чырвоны: ваяры войска адзеты ў пурпур; агнём блішчаць калясніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і варушацца вершнікі.
Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі.
Па дарогах нясуцца калясніцы, стукаюцца адна аб адну на плошчах; выглядаюць яны, як паходні, як маланкі, што разбягаюцца ў розныя бакі.
Ён выклікае адважных сваіх, але яны спатыкаюцца на хаду сваім; сьпяшаюцца на муры горада, але аблога наладжана ўжо.
Ён кліча ваяроў сваіх, яны спатыкаюцца на дарогах сваіх; ірвуцца на мур, і рыхтуецца аблога.
Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца.
Запоры рачныя адкрываюцца, палац разбураецца.
Вырашана: яна будзе аголена і зьведзена ў палон, і рабыні яе будуць стагнаць, як галубы, б’ючы сябе ў грудзі.
І прыгажуня агаляецца, яе бяруць у палон, і нявольніцы яе галосяць, як галубкі, і б’юць у сэрцы свае.
Нінэвія з часу свайго існаваньня была як сажалка, запоўненая вадою, а яны бягуць. «Стойце, стойце!» Але ніхто не азіраецца.
І Нініва — як вадаём, поўны вады, воды якога выцякаюць. «Стойце, стойце!» — але ніхто не зважае.
Рабуйце срэбра, рабуйце золата! няма канца запасам усякага каштоўнага начыньня.
«Хапайце срэбра, хапайце золата!» І няма канца багаццям; скарбоўня з усіх жаданых пасудзін.
Разрабавана, спустошана і спляжана яна, — і растае сэрца, калені трасуцца; ва ўсіх сьцёгнах моцны боль, і твары ва ўсіх пацямнелі.
Абрабавана, і спустошана, і разбурана яна, і млее сэрца, і дрыжаць калені; і боль ва ўсёй паясніцы, і збялелыя твары ва ўсіх іх.
Дзе цяпер логвішча ільвоў і тая паша для ільвянят, па якой хадзіў леў, ільвіца і львяня, і ніхто не палохаў іх,
Дзе лежбішча львоў і пячора львянят, да якой хадзіў леў, каб прывесці туды львяня, і ніхто іх не палохаў?
леў, які хапае для насычэньня шчанюкоў сваіх і душыць для ільвіц сваіх, і напаўняе здабычаю пячоры свае і логвішчы свае — схопленым?
Леў шмат паразрываў для сваіх ільвянят і пазадушваў для львіц сваіх; ён запоўніў здабычаю пячоры свае і лежбішча сваё — нарабаваным.
Вось Я — на цябе! кажа Гасподзь Саваоф. І спалю ў дыме калясьніцы твае, і меч зжарэ ільвянят тваіх, і зьнішчу зь зямлі здабычу тваю, і ня будзе болей чуцен голас паслоў тваіх.
«Вось, Я супраць цябе, — кажа Госпад Магуццяў, — і спалю агнём аж у дым калясніцы твае; і меч звядзе львянят тваіх, і Я вынішчу з зямлі здабычу тваю, і не пачуецца болей голас паслоў тваіх».