Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет
Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.
І вярнуйшыўся адтуль, прыходзіць Ён у межы Іудзеі і ў Заіярданне, і зноў збіраецца да Яго натоўп, і Ён, як звычайна, зноў навучаў іх.
Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?
І падыйшлі фарысеі, і пыталіся ў Яго выпрабоўваючы: «Ці дазваляецца мужу адпускаць жонку?»
Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?
У адказ Ён спытаўся: «Што вам запаведаў Майсей?»
Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і адпусціць».
А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;
А Ісус сказаў ім: «З-за вашага нячулага сэрца ён напісаў гэтую запаведзь.
а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.
Ад пачатку ж стварэння Бог "мужчынаю і жанчынаю стварыў іх,
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
таму пакіне муж свайго бацьку і маці [і прылепіцца да сваёй жонкі]
і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.
і будуць яны абое адным целам", так што яны ўжо не два, але адно цела.
Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
Дык вось, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае».
У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
Потым у доме вучні зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
І Ён кажа ім: «Хто адпусціць сваю жонку і ажэніцца з іншаю, той чыніць пралюбадзейства супраць яе;
і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.
І калі яна, пакінуўшы свайго мужа, выйдзе замуж за іншага, чыніць пралюбадзейства».
Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.
І вадзілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі ім дакранацца.
Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;
Ісус жа, убачыўшы, абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце іх, бо такіх ёсць Царства Божае.
праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
Папраўдзе кажу вам: Хто не прыйме Царства Божае, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.
І абняўшы іх, блаславіў, усклаўшы на іх рукі.
Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег адзін, і ўпаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: «Добры Настаўнік, што зрабіць мне, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»
Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
Ісус жа сказаў яму: «Што ты завеш Мяне Добрым? Ніхто не добры, толькі адзіны Бог.
Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.
Ты ведаеш запаведзі: «Ні забі, не ўкрадзі, не пралюбадзейнічай, не ашуквай, шануй бацькоў сваіх, вось і выконвай іх».
А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
А ён сказаў Яму: «Настаўніку, гэта я захоўваў са сваёй маладосці».
Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.
Ісус жа паглядзеў на яго, палюбіўшы яго, сказаў: «Аднаго табе не хапае: усё багацце зямное, што маеш, прадай, раздай жабракам, і будзеш мець узнагароды нябесныя, і ідзі ўслед за Мною».
А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
А той, зажурыўся ад слоў Яго, і пайшоў засмучаны: бо меў маёмасць вялікую.
І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
Паглядзеўшы навокал, Ісус казаў Сваім вучням: «Як цяжка будзе тым, што маюць багацце, увайсці ў Царства Божае».
Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!
Вучні жахнуліся ад Яго слоў. Ісус жа зноў кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсці ў Божае Царства [тым, хто на зямное багацце ўскладае надзею].
лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае».
А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?
І зноў уразіліся яны, кажучы паміж сабой: «Дык хто ж можа збавіцца!»
Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.
Паглядзеўшы на іх, Ісус кажа: «Людзям гэта немажліва, але не Богу: Яму ўсё мажліва».
І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
Пачаў казаць Пётра Яму: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою».
Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,
Сказаў Ісус: «Папраўдзе кажу вам, няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці маці, ці бацьку, ці дзіцяці, ці палі дзеля Мяне і дзеля Дабравесця,
і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;
і не атрымае ў сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сясцёр, і матак, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным — жыццё вечнае.
а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
Многія ж першыя будуць апошнімі і апошніі першымі.
Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:
Былі яны ў дарозе, і набліжаліся да Ерусаліма, Ісус ішоў наперадзе патоўпу, і палохалісь многія, і ў трывозе былі. Тут адвёў Ён у бок Дванаццаць вучняў Сваіх, і пачаў казаць аб тым, што з Ім павінна здарыцца:
вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;
«Вось узыходзім мы ў Ерусалім і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і прысудзяць Яго да смерці, і выдадуць Яго паганым,
і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
і насміхацца будуць з Яго, і будуць пляваць на Яго, і будуць біць Яго, і заб’юць, ды праз тры дні Ён уваскрэсне.»
Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
І падходзяць да Яго Завядзеевы сыны, Якаў да Іаан, і просяць Яго: «Настаўнік, зрабі нам тое, чаго жадаем мы».
Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
А Ён сказаў ім: «Што вы жадаеце, каб Я зрабіў вам?»
Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.
Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб мы, адзін праваруч Цябе, другі леваруч, сядзелі ў славе Тваёй».
Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
Ісус жа сказаў ім: «Не ведаеце, што просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, ці хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?»
Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;
Яны ж сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце пахрышчаны,
а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч — не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.
а сядзець паваруч ці леваруч не Мной даецца, але тым, каму ўгатавана».
І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.
І пачуўшы, дзесяць пачалі гневацца на Якава і Іаана.
А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;
І паклікаўшы іх, Ісус кажа ім: «Вы ведаеце: што тыя, хто лічацца князямі над народамі, пануюць над імі, і вяльможы іх паказваюць сваю ўладу над імі;
але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;
Але не так між вамі быць павінна, хто хоча між вамі стаць вялікім, няхай слугою стане для вас;
і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;
А хто хоча між вамі быць першым, хай будзе рабом усіх;
бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
Бо Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму паслужылі, але каб паслужыць і аддаць жыццё Сваё ў выкуп за многіх».
Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
І прыходзяць яны ў Ярыхон. І калі выходзіў Ён з Ярыхона са Сваімі вучнямі, і вялізным натоўпам, — Цімафеяў сын, Варцімей, сляпы жабрак, сядзеў пры дарозе.
Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
І пачуўшы, што гэта Ісус Назаранін, пачаў ён крычаць і прасіць: «Сыне Давідаў, Ісусе, злітуйся нада мною!»
Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.
І сварыліся на яго многія, каб замоўк, а ён яшчэ мацней крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!»
Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
І спыніўшыся, Ісус сказаў: «Паклічце яго». І клічуць сляпога, кажучы яму: «Кліча цябе, буць мужным, устань!»
Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
Ён жа скінуўшы з сябе вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.
І падаўшы голас, запытаў Ісус у яго: «Што ты хочаш, каб Я табе зрабіў?» Сляпы ж сказаў Яму: «Раввуні, дай зрок, каб бачыў я».
Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
Ісус сказаў яму: «Ідзі, твая вера ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім па дарозе.