1 царстваў 8 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І было як застараўся Самуйла, што пастанавіў сыноў сваіх за судзьдзяў над Ізраелям.
Калі Самуэль пастарэў, то ўстанавіў суддзямі Ізраэля сваіх сыноў.
І было імя старшага сына ягонага Ёіль, а імя другога ягонага Ава; яны судзілі ў Веер-Шэве.
І першародны яго сын называўся Ёэль, а імя другога было Абія; судзілі яны ў Бээр-Сэбе.
І не хадзілі сыны ягоныя дарогамі ягонымі, але адхіналіся за прагавітасьцяй, і бралі лапаны, і адхіналі суд.
І сыны яго не ішлі яго дарогамі, але збочылі з іх з-за хцівасці, і бралі хабары, і псавалі суд.
І зьберліся ўсі старцы Ізраелявы, і прышлі да Самуйлы да Рамы,
Дык, сабраўшыся, усе старэйшыны Ізраэля пайшлі да Самуэля ў Раму
І сказалі яму: «Гля, ты застараўся, а сыны твае не хадзілі дарогамі тваімі; дык пастанаві над намі караля, каб ён судзіў нас, як у вусіх народаў».
і сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае не ідуць па дарогах тваіх; такім чынам, устанаві нам цяпер цара, каб ён судзіў нас, як маюць усе народы».
І было ліхім слова гэтае ў ваччу Самуйлы, як яны сказалі: «Дай нам караля, каб ён судзіў нас».
І не спадабалася гэтае слова Самуэлю, бо яны казалі: «Дай нам цара, каб ён нас судзіў». І маліўся Самуэль Госпаду.
І маліўся Самуйла СПАДАРУ. І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Паслухай голасу люду ў вусім, што яны кажуць табе; бо не табою яны пагрэбавалі, але пагрэбавалі Імною, каб Я не гаспадарстваваў у іх.
А Госпад сказаў Самуэлю: «Паслухай голас народа ва ўсім, што гавораць табе; бо не ад цябе адварочваюцца яны, але адварочваюцца ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.
Подле ўсіх учынкаў, што яны чынілі з тога дня, каторага Я ўзьвёў іх ізь Ягіпту, аж дагэтуль, і пакінулі Мяне, і служылі іншым багом; так яны чыняць таксама й табе.
Паводле ўсіх спраў сваіх, якія рабілі яны з таго дня, як Я вывеў іх з Егіпта, аж да сённяшняга дня, калі пакінулі Мяне і пачалі служыць багам чужым, таксама так робяць і табе.
Дык паслухай голасу іхнага; адно перасьцеражы іх і азнаймі ім звычай караля, што будзе гаспадарстваваць у іх».
Дык цяпер выслухай слова іх; толькі ўведамі іх і папярэдзь іх аб праве цара, які мае над імі валадарыць».
І пераказаў Самуйла ўсі словы СПАДАРОВЫ люду, што прасіў у яго караля.
Такім чынам, Самуэль пераказаў народу ўсе словы Госпада, бо народ дамагаўся ад яго цара,
І сказаў: «Во які будзе звычай каралёў, што будзе гаспадарстваваць у вас: сыноў вашых ён возьме, і прызнача да цялежак сваіх, і прызнача за коньнікаў сваіх, і будуць яны бегаць перад цялежкамі ягонымі;
і казаў: «Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясніцы свае, і зробіць сабе коннікаў, і будуць яны бегчы перад яго калясніцай;
І прызнача іх сабе за князёў тысячаў а за князёў пяцёх дзесяткоў, каб аралі зямлю ягоную, і жалі жніво ягонае, і рабілі яму ваенную зброю й цялежкавую снадзь.
і ўстановіць сабе тысячнікаў, і сотнікаў, і аратых земляў сваіх, і жняцоў пасеваў, і кавалёў зброі і калясніц сваіх.
І дачкі вашыя возьме, каб яны былі аптакаркамі а кухаркамі а пякаркамі.
А дачок вашых зробіць сабе прадаўшчыцамі духмянасцей, і кухаркамі, і пекаркамі.
І полі вашыя, і вінныя а аліўныя сады вашыя найлепшыя возьме, і аддасьць слугам сваім.
І забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вінаграднікі і маслінавыя гаі, і падарыць іх паслугачам сваім.
І із засеяньняў вашых і зь вінішчаў вашых возьме дзясятую часьць, і аддасьць легчанцом сваім а слугам сваім.
Але і пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай, каб аддаць яе сваім еўнухам і паслугачам.
І слугаў вашых, і нявольніцы вашы, і дзяцюкоў вашых найлепшых, і аслы вашы возьме і ўжывець на свае работы.
Возьме таксама паслугачоў вашых і нявольніц, і найлепшых валоў вашых і аслоў і выкарыстае іх у працы сваёй.
Ад драбнога статку вашага возьме дзясятую часьць; дый самы вы будзеце яму слугамі.
Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя, і будзеце вы ў яго паслугачамі.
І загукаеце тады ад караля вашага, каторага вы абралі сабе; і ня будзе СПАДАР адказаваць вам тады».
І будзеце наракаць у той дзень на цара вашага, якога выбралі сабе, але Госпад не выслухае вас у той дзень».
Але люд адмовіўся паслухаць голасу Самуйлавага, і сказаў: «Не, але кароль хай будзе над намі;
А народ не хацеў слухаць слова Самуэля, але казалі яны: «Ніякім чынам! Бо няхай цар будзе над намі,
І мы будзем таксама, як іншыя народы: і будзе судзіць нас кароль наш, і выходзіць перад намі, і ваяваць войны нашыя».
і будзем мы жыць так, як жывуць іншыя народы; і цар наш будзе судзіць нас, і будзе выходзіць перад намі, і будзе ён ваяваць за нас».
І выслухаў Самуйла ўсі словы люду, і пераказў іх у вушы СПАДАРУ.
І Самуэль выслухаў усе словы народа, і пераказаў іх Госпаду.
І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Паслухай голасу іхнага і ўстанаві ім караля». І сказаў Самуйла мужом Ізраельскім: «Пайдзіце кажны да места свайго».
А Госпад сказаў Самуэлю: «Выслухай слова іх і ўстанаві над імі цара». І сказаў Самуэль людзям Ізраэля: «Вяртайцеся кожны ў свой горад».