1 царстваў 17 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, і зьберліся ў Соко, каторы ў Юдэі, і разьлягліся табарам памеж Сока і Азэку ў Ефес-Даміме.
 
І філістынцы сабралі войскі свае на вайну, і размясціліся ў Соха, што ў Юдэі, ды расклалі лагер між Соха і Азэкаю ў Афэсдаміме.

Саўла ж а мужы Ізраельскія зьберліся, і разьлягліся табарам у даліне ля дуба, і прыгатаваліся да вайны наўпярэймы Пілішчанам.
 
Тым часам Саўл і ваяры ізраэльскія сабраліся, і прыйшлі ў даліну Тэрэбінітаў, і выстраіліся на бой супраць філістынцаў.

І стаялі Пілішчане на гары з аднаго боку, а Ізраелцы на гары з другога боку, а даліна памеж іх.
 
Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а ізраэльцы — на схіле гары з другога боку; і раздзяляла іх даліна.

І вышаў із табараў Пілісцкіх дужэль, імям Ґоляф, з Ґафу; ростам ён — шэсьць локцяў і пядзя.
 
І з лагера філістынцаў выйшаў асілак на імя Галіят з Гета, вышынёю ў шэсць локцяў і адну пядзь.

І шолам мядзяны на галаве ў яго; і адзеўшыся ён быў у колцавы панцыр, і вага панцыра ягонага — пяць тысячаў сыкляў медзі.
 
І на галаве ён меў медны шлем, і адзеты быў у лускаваты медны панцыр; а вага панцыра яго — пяць тысяч сікляў медзі.

І мядзяныя повязкі на нагах у яго, і мядзяная дзіда на мяжыкрылах ягоных.
 
І на нагах меў ён медныя накаленнікі і медную дзіду за плячамі сваімі.

І дзяржаньне дзіды ягонае, як навой у ткачоў; а лязо дзіды ягонае шасьцьсот сыкляў зялеза. І шчытаноша йшоў перад ім.
 
А дрэўка дзіды яго было як навой ткацкі, а вастрыё дзіды яго важыла шэсцьсот сікляў жалеза; і перад ім ішоў яго збраяносец.

І стаў, і крычэў да радоў Ізраельскіх, і сказаў ім: «Нашто вышлі вы ваяваць? Ці не Пілішчанін я, а вы ня слугі Саўлавы? Абярыце сабе чалавека, і хай зыйдзе да мяне.
 
І стаў ён насупраць войска Ізраэля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі, падрыхтаваўшыся да бою? Ці ж я не філістынец, а вы ці не паслугачы Саўла? Выберыце з вас некага, і хай ён уступіць у бой са мной!

Калі ён зможа біцца з імною й заб’ець мяне, то мы будзем слугамі вашымі; калі ж я здолею яго й заб’ю яго, то вы будзеце слугамі нашымі, і будзеце служыць нам».
 
Калі зможа ён ваяваць са мной і заб’е мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі; а калі я перамагу і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць».

І сказаў Пілішчанін: «Я паганбіў рады Ізраельскія сядні; дайце імне чалавека, і мы будзем біцца ў двубою».
 
І паўтараў філістынец: «Я зневажаю сёння дружыны ізраэльцаў: дайце мне чалавека, і хай ён уступіць у бой са мною!»

І пачулі Саўла а ўвесь Ізраель гэтыя словы Пілішчаніна, і спалохаліся а вельмі баяліся.
 
Чуючы ж такія словы філістынца, Саўл і ўсе ізраэльцы аслупянелі і моцна напалохаліся.

Давід жа — сын Ефрафяніна таго з Бэтлеему Юдзінага, і імя ягонае Есэ, у каторага было восьмі сыноў. І муж гэты за дзён Саўлавых быў старшы меж людзёў.
 
А Давід быў сынам эфратца, аб якім гаварылася раней, з Бэтлехэма юдэйскага, імя якога было Ясэй; ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо чалавекам старым і ўмудроным гадамі сярод людзей.

І пайшлі тры старшыя сыны Есавы, пайшлі за Саўлам на вайну; імёны трох сыноў тых, што пайшлі на вайну: старшы Еляў, другі за ім — Авінадаў, а трэйці — Шама.
 
А тры старэйшыя яго сыны пайшлі з Саўлам ваяваць; і імёны трох сыноў яго, што пайшлі ваяваць, былі: найстарэйшы Эліяб, а другі — Абінадаб і трэці — Сама.

Давід жа быў найменшы. А тры старшыя пайшлі за Саўлам;
 
Давід жа быў найменшым; дык, калі тры старэйшыя пайшлі за Саўлам,

А Давід пайшоў і зьвярнуўся ад Саўлы, пасьціць авечкі айца свайго ў Бэтлееме.
 
Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасвіць статак бацькі свайго ў Бэтлехэме.

І дабліжаўся Пілішчанін тый нараніцы і ўвечары, і выстаўляў сябе сорак дзён.
 
Філістынец жа выходзіў раніцай і вечарам і выступаў гэтак сорак дзён.

І сказаў Есэ Давіду, сыну свайму: «Вазьмі ж братом сваім ефу сушаных зярнят а дзесяць гэтых букаткаў хлеба і пабяжы да табару да братоў сваіх;
 
Ясэй жа сказаў сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў сваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць гэтых хлябоў і занясі хутка братам сваім у лагер!

А гэтыя дзесяць сыраў занясі тысячніку, і даведайся ў братоў сваіх, як яны маюцца, і знакі іхныя возьмеш».
 
Занясі таксама гэтых дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і наведай братоў сваіх, ці добра ім там, і даведайся пра патрэбы іх».

Саўла ж а яны а ўсі мужы Ізраельскія былі ў даліне дуба і ваявалі зь Пілішчанмі.
 
А Саўл, і яны, і ўсе сыны Ізраэля змагаліся супраць філістынцаў у даліне Тэрэбінітаў.

І ўстаў Давід рана нараніцы, і паручыў авечкі вартаўніку, і падняўся, і пайшоў, як расказаў яму Есэ, і прышоў на месца цялежак. А войска вышла ў баявыя рады і крычэла да бітвы.
 
Такім чынам, устаў Давід рана, і статак даручыў вартаўніку, і, нагружаны, пайшоў, як загадаў яму Ясэй. І прыйшоў ён да ўмацавання, калі войска выходзіла на бой з баявым крыкам.

І зладзілі Ізраелцы й Пілішчане лады, лад супроці ладу.
 
І выстраіліся ізраэльцы і філістынцы адны супраць другіх.

І ськінуў Давід свае рэчы ізь сябе на руку вартаўніку рэчаў, і пабег да ладу, і прышоў, і папытаўся ў братоў сваіх, як маюцца.
 
А Давід, пакінуўшы ношу, якую прынёс, у руках варты ў абозе, пабег да месца бою і запытаўся, ці ўсё добра ў братоў яго.

І як ён гукаў ізь імі, і вось, аднадолец наймя Голяф, Пілішчанін із Ґафу, узышоў з ладу Пілісцкага, і гукаў падобна да тых словаў, і Давід пачуў.
 
І ў час размовы з імі выйшаў з лагера той асілак на імя Галіят, філістынец з Гета, і пачуў Давід, калі ён гаварыў тыя самыя словы.

І ўсі Ізраелцы, абачыўшы гэтага чалавека, уцяклі ад яго, і надта баяліся.
 
А ўсе ваяры ізраэльскія, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі з вачэй яго з вельмі вялікім страхам.

І сказалі Ізраелцы: «Бачыце гэтага чалавека, што ўзышоў? Бо ганьбіць Ізраеля ён узышоў. І будзе, што мужа, каторы заб’ець яго, забагаціць кароль вялікім багацьцям, і дачку сваю выдасьць за яго, і дом айца ягонага зробе вольным у Ізраелю».
 
І сказаў адзін з ізраэльцаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зневажаць Ізраэль. Дык чалавека, які б забіў яго, цар узнагародзіў бы вялікімі багаццямі, і дачку сваю даў бы яму за жонку, і дом бацькі яго вызваліў бы ад падатку ў Ізраэлі».

І сказаў Давід людзём, што стаялі зь ім, кажучы: «Што зробяць таму, хто заб’ець гэтага Пілішчаніна й здыйме ганьбу з Ізраеля? бо хто Пілішчанін неабрэзаны гэты, што ганьбе лад Бога жывога?»
 
І спытаўся Давід у людзей, што стаялі з ім, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е гэтага філістынца і здыме ганьбу з Ізраэля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны філістынец, што так зняважыў войска Бога жывога?»

І сказаў яму люд подле тога слова, кажучы: «Во, што зробяць таму чалавеку, каторы заб’ець яго».
 
А людзі паўтарылі тыя самыя словы, кажучы: «Гэта і гэта дадуць таму чалавеку, які заб’е яго».

І пачуў Еляў, старшы брат Давідаў, як гукаў ён ізь людзьмі, і зазлаваўся Еляў на Давіда, і сказаў: «Чаго ты зышоў сюды, і на каго пакінуў гэную крыху авец на пустыні? Я ведаю благія замеры твае й злосьць сэрца твайго; бо ты зышоў, каб паглядзець на бітву».
 
Калі пачуў Эліяб, старэйшы брат яго, як ён гаварыў аб гэтым з іншымі, загневаўся на Давіда і сказаў: «Чаго ты прыйшоў і каму пакінуў тых нешматлікіх авечак у пустыні? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо прыйшоў ты, каб паглядзець на вайну».

І сказаў Давід: «Што ж я зрабіў цяпер? Ці ня словы гэта?»
 
І Давід сказаў яму: «Што я зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»

І адвярнуўся ад яго насупроці другога, і сказаў подле слова гэтага, і адказаў яму люд словам, як уперад.
 
І адышоў трохі ад яго да іншага і зноў спытаў тое самае; і людзі адказалі яму, як раней.

І пачулі словы, каторыя гукаў Давід, і сказалі Саўлу, і тый узяў яго.
 
Пачулі ж тыя словы, што гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу. Калі Давіда прывялі да яго,

І сказаў Давід Саўлу: «Няхай не лякаецца нічые сэрца з прычыны яго: слуга твой пойдзе й будде біцца з гэтым Пілішчанінам».
 
ён сказаў яму: «Хай ніхто не падае духам дзеля яго; я, паслугач твой, пайду і буду ваяваць супраць гэтага філістынца».

І сказаў Саўла Давіду: «Ня можаш ты йсьці да гэтага Пілішчаніна, каб біцца зь ім, бо ты маладзёнак, а ён воін із маленства свайго».
 
І сказаў Саўл Давіду: «Не можаш ты ісці супраць гэтага філістынца і ваяваць супраць яго, бо ты юнак; а ён — ваяр з маладосці сваёй».

І сказаў Давід Саўлу: «Пастухом авец быў слуга твой у вайца свайго, і як, бывала, прыходзіў леў альбо мядзьведзь і хапаў казянё із стады,
 
І сказаў Давід Саўлу: «Паслугач твой пасвіў статак бацькі свайго, і прыходзіў леў ці мядзведзь і хапаў барана са статка.

То я выходзіў за ім, і біў яго, і ратаваў зь ляпы ягонае; а калі ён кідаўся на мяне, то я хапаў яго за бараду, і біў яго, і забіваў яго.
 
І я даганяў іх, і ўдараў, і вырываў з пашчаў іх; і яны выходзілі на мяне, і я хапаў іх за загрывак, і ўдараў, і забіваў іх.

І лява, і медзьвядзя біваў слуга твой, і будзе гэты Пілішчанін неабрэзаны, як кажны ізь іх, бо ён ганьбе лады Бога жывога».
 
Бо і льва, і мядзведзя забіваў паслугач твой; дык і гэты неабрэзаны філістынец як адзін з іх, бо ён асмеліўся ганьбіць войска Бога жывога!»

І сказаў Давід: «СПАДАР, Каторы выбаўляў мяне ад лапы лява і ад лапы медзьвядзя, выбаве мяне й ад рукі гэтага Пілішчаніна». І сказаў Саўла Давіду: «Ідзі, і хай будзе СПАДАР із табою».
 
І сказаў Давід: «Госпад, Які выратаваў мяне з кіпцюроў ільва і з кіпцюроў мядзведзя, Сам ухавае мяне і ад рук філістынца гэтага». Дык сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і хай Госпад будзе з табою».

І адзеў Саўла Давіда ў свае адзецьці, і ўзлажыў мядзяны шолам на галаву ягоную, і надзеў на яго панцыр.
 
І апрануў Саўл Давіда ў адзенне сваё, і даў медны шлем яму на галаву, і апрануў яго ў панцыр.

І паперазаўся Давід мячом ягоным па адзецьцю, і хацеў хадзіць, бо ён яшчэ не прабаваў. І сказаў Давід Саўлу: «,Я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывыкшы». І ськінуў іх Давід ізь сябе.
 
І, падперазаўшыся мечам яго паверх адзення, Давід пачаў спрабаваць, ці можа ён хадзіць, узброены, бо не быў яшчэ спрактыкаваны. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я так хадзіць, бо звычкі не маю». І скінуў Давід усё з сябе,

І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх каменчыкаў з ручая, і палажыў іх у пастускі капшук, што быў зь ім; і хатуль, і пушчала ў руццэ ў яго, і дабліжыўся да Пілішчаніна.
 
і ўзяў ён у руку сваю палку сваю; і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўклаў іх у торбу пастухоўскую, якую выкарыстоўваў замест мяшочкаў для камянёў, і ўзяў прашчу ў руку, і накіраваўся да філістынца.

І крануўся Пілішчанін, ідучы а бліжачыся да Давіда, і чалавек нёс шчыт сьпераду яго.
 
А філістынец, ідучы, ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец яго перад ім.

І прыгледзеўся Пілішчанін, і абачыўшы Давіда, пагрэбаваў ім, бо ён быў малец, і румены, з пазорным відам.
 
І, калі глянуў філістынец і ўбачыў Давіда, ён пагардзіў ім; бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы абліччам.

І сказаў Пілішчанін Давіду: «Ці сабака я, што ты прышоў на мяне зь кіям?» І праклінаў Пілішчанін Давіда сваімі багамі.
 
І сказаў філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў філістынец Давіда сваімі багамі,

І сказаў Пілішчанін Давіду: «Падыйдзі да мяне, і я аддам цела твае птуству нябёснаму і жывёле палявой».
 
і сказаў ён Давіду: «Хадзі да мяне, а я аддам цела тваё птушкам паднебным і звярам зямным».

А Давід сказаў Пілішчаніну: «Ты прышоў на мяне зь мячом а зь дзідаю а шчытом, я ж прышоў на цябе ў імя СПАДАРА войскаў, Бога ладоў Ізраельскіх, каторыя ты ганьбіў.
 
А Давід сказаў філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мечам, і дзідай, і шчытом; а я іду на цябе ў імя Госпада Магуццяў, Бога войскаў Ізраэля, Якога ты зневажаў.

Сядні аддасьць цябе СПАДАР у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыйму зь цябе галаву тваю, і аддам труп войска Пілісцкага птуству нябёснаму і зьверу земнаму, і пазнае ўся зямля, што ё Бог у Ізраелю.
 
Сёння аддасць цябе Госпад у рукі мае, і я заб’ю цябе, і адсяку табе галаву; і аддам труп твой і трупы лагера філістынцаў сёння птушкам паднебным і звярам зямным, каб ведала ўся зямля, што ёсць Бог у Ізраэля

І пазнае ўся гэта грамада, што не мячом а дзідаю выбаўляе СПАДАР, бо СПАДАРОВА вайна, і Ён аддасьць вас у рукі нашы».
 
і каб ведала ўся гэтая грамада, што Госпад не мечам і дзідай ратуе: бо гэта вайна Госпада, і Ён выдасць вас у рукі нашы».

І сталася, як паўстаў Пілішчанін, і йшоў, і бліжыўся наўпярэймы Давіду, то пабарзьдзіў Давід і пабег да ладу наўпярэймы Пілішчаніну.
 
І калі філістынец устаў, і пайшоў, і наблізіўся да Давіда, Давід паспяшаўся і пабег на бой супраць філістынца.

І засунуў Давід руку сваю ў капшук, і ўзяў стуль камень, і пусьціў пушчалам, і выцяў Пілішчаніна ў лоб, ажно камень унізаўся ў лоб ягоны, і ён паваліўся відам на зямлю.
 
І ўсунуў ён руку сваю ў торбу, і выняў адзін камень, і пусціў яго прашчай; і ўдарыў ім філістынца ў лоб, і засеў той камень у лбе яго, і ён упаў тварам на зямлю.

Дык Давід быў дужшы за Пілішчаніна пушчалам а каменям, і выцяў Пілішчаніна, і забіў яго, мяча ж ня было ў руццэ ў Давіда.
 
І перамог Давід філістынца прашчай і каменем, і, паколькі меча не было ў руцэ Давіда,

Тады Давід падбег і стаў на Пілішчаніна, узяў меч ягоны, і агаліў, і забіў яго, і адцяў ім галаву ягоную; і абачылі Пілішчане, што памер асілак іхны, і ўцякалі.
 
падбег ён і стаў каля філістынца; і ўзяў меч яго, і выцягнуў яго з ножан яго, і забіў яго, і адсек галаву яго. А філістынцы, бачачы, што найдужэйшы з іх мёртвы, кінуліся ўцякаць.

І ўсталі мужы Ізраельскія а Юды, і крычэлі, і гналі Пілішчан, аж пакуль ты ўходзіш у даліну й аж да брамы Екрону. І падалі цятыя Пілішчане па дарозе Шаараімскай, аж да Ґафу й аж да Екрону.
 
І ваяры Ізраэля і Юды падняліся, і закрычалі, і кінуліся ў пагоню за філістынцамі, і гналі іх аж да Гета і да брамы Акарона. І параненыя філістынцы ляжалі па дарозе ад Саарыма аж да Гета і да Акарона.

І зьвярнуліся сынове Ізраелявы з пагону за Пілішчанмі, і разглабалі табары іхныя.
 
І, вяртаючыся пасля пагоні за філістынцамі, сыны Ізраэля абрабавалі лагер іх.

І ўзяў Давід галаву Пілішчаніна, і занёс яе да Ерузаліму, а зброю ягоную палажыў у будане сваім.
 
А Давід, узяўшы галаву філістынца, занёс яе ў Ерузалім; а зброю яго склаў у сваёй палатцы.

Як абачыў Саўла Давіда, каторы выходзіў супроці Пілішчаніна, то сказаў Аўніру, вайводцу: «Аўніру, чый сын гэты малец?» Аўнір сказаў: «Хай жывець душа твая, каролю, ня ведаю».
 
У той жа час, калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіць супраць філістынца, спытаў Абнэра, кіраўніка войска: «Абнэр, з якога роду паходзіць гэты юнак?» І сказаў Абнэр: «Жыве душа твая, валадару, не ведаю».

І сказаў кароль: «Дык папытайся, чый сын гэты дзяцюк».
 
І сказаў цар: «Запытайся, чый ён сын, юнак гэты».

А як Давід зварачаўся па забіцьцю Пілішчаніна, то Аўнір узяў яго й прывёў да Саўлы, і галава Пілішчаніна была ў руццэ ў яго.
 
І калі па забойстве філістынца Давід вярнуўся, несучы галаву філістынца ў руцэ, узяў яго Абнэр і прывёў да Саўла.

І сказаў яму Саўла: «Чый сын ты, мальча?» І сказаў Давід: «Сын слугі твайго Еса Бэтлеемляніна».
 
І спытаўся ў яго Саўл: «З якога ты роду, юнача?» І Давід адказаў: «Я сын паслугача твайго Ясэя з Бэтлехэма».