1 царстваў 30 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было, як прышоў Давід а людзі ягоныя да Цыклаґу на трэйці дзень, што Амалічане напалі на паўдня а на Цыклаґ, і паразілі Цыклаґ, і спалілі яго цяплом,
 
І калі Давід разам са сваімі ваярамі прыйшоў ў Сікэлаг, амалекцы напалі на Нагэб і Сікэлаг, і здабылі Сікэлаг і спалілі яго агнём;

І ўзялі ў палон жанкі, што ў ім, ад малое аж да вялікае; не забілі ні воднае людзіны, але павялі і пайшлі сваёю дарогаю.
 
і забралі яны ў палон жанчын і ўсіх у ім, ад найменшага да найбольшага, і не забілі нікога, але павялі з сабою і вярталіся дарогай сваёй.

І прышоў Давід а людзі ягоныя да места, і вось, яно спалена цяплом, а жонкі іхныя а сыны іхныя а дачкі іхныя ўзятыя ў палон.
 
Дык калі Давід са сваімі людзьмі вярнуўся ў горад і ўбачыў, што ён падпалены агнём і што жонкі іх, і сыны іх, і дочкі забраныя ў няволю,

І загаласіў Давід а люд, былы зь ім, і плакалі, пакуль ня стала ў іх сілы плакаць.
 
загаласілі Давід і народ, які з ім быў, і плакалі яны, аж пакуль ім хапала слёз.

І абедзьве жонкі Давідавы былі ўзятыя ў палон, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка.
 
А ўзялі ў палон таксама абодвух жонак Давіда, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонку Набала з Кармэля.

Давіду была вялікая немарасьць, бо гукаў люд, каб укаменаваць яго, бо быў гаркі душою ўвесь люд, кажны па сынох сваіх а дачках сваіх. Але Давід пасіліўся надзеяю на СПАДАРА, Бога свайго,
 
І Давід адчуваў вялікае гора; бо хацеў народ яго ўкаменаваць, бо засмучаная была душа кожнага чалавека дзеля сыноў іх і дачок. Але Давід набраў сілы ў Госпадзе, Богу сваім,

І сказаў Давід Авафару сьвятару Агімелешанку: «Дабліж, калі ласка, імне наплечнік». І дабліжыў Авафар наплечнік Давіду.
 
і сказаў святару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.

І папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці гнацца імне за гэным аддзелам, і ці дажану я іх?» І сказана яму: «Жаніся, напэўна дажанеш і адыймеш».
 
І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці гнацца мне за гэтымі рабаўнікамі, ці не?» І сказаў яму Госпад: «Ганіся, бо, без сумнення, дагоніш іх і адбярэш здабычу».

І пайшоў Давід сам а шасьцьсот мужоў, былых ізь ім; і прышлі да цур’я Весор, а засталыя адзяржаліся там.
 
Такім чынам, пайшоў Давід сам і шэсцьсот ваяроў, якія былі пры ім, і дайшлі аж да ручая Бэзор, і тыя, што змучыліся, крыху затрымаліся.

І гнаўся Давід сам а чатырыста чалавекаў; дзьвесьце ж чалавекаў адзяржаліся, бо, прыстаўшы, не маглі перайсьці цур’я Весорскага.
 
А гнаўся сам Давід і чатырыста ваяроў; і астатнія спыніліся: дзвесце чалавек, якія, стомленыя, не маглі перайсці праз ручай Бэзор.

І знайшлі Егіпцяніна ў полю, і ўзялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і далі напіцца вады.
 
І знайшлі яны ў полі чалавека егіпцяніна, і прывялі яго да Давіда; і далі яму хлеба, і ён з’еў, і далі яму вады напіцца,

І далі яму часьць вязанкі фіґаў і два зьвязкі разынак, і ён еў і пасіліўся; бо ён ня еў хлеба й ня піў вады тры дні й тры ночы.
 
але далі яму таксама карыйскіх сушаных фіг і дзве гронкі разынак. Калі ён гэта з’еў, вярнуўся да яго дух яго, бо ён ужо тры дні і тры ночы не еў хлеба і не піў вады.

І сказаў яму Давід: «Чый ты й скуль ты?» І сказаў ён: «Я — дзяцюк Егіпцянін, слуга аднаго Амалічаніна, і кінуў мяне пан мой, бо ўжо трэйці дзень, як я захварэў.
 
Тады запытаў у яго Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў яму: «Я малады егіпцянін, нявольнік амалекца, але кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.

Мы напалі на паўднявую часьць Керэты, і на зямлю Юдзіну, і на паўднявую часьць Калева, а Цыклаґ спалілі цяплом».
 
А мы напалі на Нагэб херэтаў, і на Нагэб Юды, і на Нагэб Калеба, і Сікэлаг спалілі агнём».

І сказаў яму Давід: «Ці зьвядзеш ты мяне да гэнага аддзелу?» І сказаў ён: «Прысягні імне Богам, што не заб’еш мяне і не перадасі мяне ў руку пана майго, і я зьвяду цябе да гэнага аддзелу».
 
І спытаў у яго Давід: «Ці можаш ты нас завесці да той арды?» Ён адказаў: «Прысягні мне Богам, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і тады я завяду цябе да той арды».

І ён зьвёў яго, і вось, распастрыўшыся па ўсім тым краю, ядуць а п’юць а вяселяцца з усёга вялікага здабытку, каторы яны ўзялі ізь зямлі Пілісцкае а ізь зямлі Юдэйскае.
 
Калі ён павёў яго, тыя разышліся, вось, па ўсёй краіне, елі і пілі, і святкавалі дзеля вялікай здабычы і нарабаванага, якое сабралі яны ў філістынскай і Юдэйскай зямлі.

І біў іх Давід ад сутанку аж да вечара назаўтрае, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырыста маладзёнкаў, што селі конна на вярблюды й уцяклі.
 
І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечара наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.

І ўратаваў Давід усе, што ўзялі Амалічане, і абедзьве жонкі свае ўратаваў Давід.
 
І забраў Давід усё, што нарабаваў Амалек, і вызваліў таксама абедзвюх сваіх жонак.

І ня зьгінула ў іх нічагусінькі ад малога аж да вялікага, ані із сыноў, ані з дачок, ані із здабытку, ані з усёга, што ўзялі ў іх, — усе зьвярнуў Давід.
 
І ніхто з іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, і ўсё, што тыя нарабавалі, усё забраў Давід назад.

І ўзяў Давід увесь драбны статак, а рагаты статак ён вёў перад іншаю свойскаю жывёлаю, і гукалі: «Гэта — здабытак Давідаў».
 
І ўзяў Давід усе статкі і табуны, і гналі гэтую маёмасць перад ім, і крычалі: «Вось здабыча Давіда!»

І прышоў Давід да тых дзьвесьце чалавекаў, што засталіся, ідучы за Давідам, і ён пакінуў іх ля цур’я Весорскага; і вышлі яны наўпярэймы Давіду й наўпярэймы людзём, былым ізь ім. І дабліжыўся Давід да гэтых людзёў, і прывеціў іх.
 
Давід жа дайшоў да тых двухсот чалавек, што, стомленыя, спыніліся і не маглі ісці з Давідам і засталіся па яго загадзе каля ручая Бэзор. І перанялі яны Давіда і людзей яго, а Давід, падышоўшы да іх, прывітаў іх мірна.

І адказаў кажны благі чалавек і Велялы зь людзёў, што хадзілі з Давідам, і казалі: «За тое, што яны не хадзілі з імною, я ня дам ім із здабытку, каторы мы ўратавалі, адно хай кажны возьме сваю жонку а дзеці, і павядуць іх, і пойдуць».
 
І ў адказ адзін чалавек, найгоршы і несправядлівейшы з людзей, што хадзілі з Давідам, сказаў ім: «Яны не пайшлі разам з намі, і мы не аддадзім ім нічога са здабычы, якую мы забралі; але дастаткова кожнаму яго жонкі і дзяцей; калі яны іх забяруць, хай ідуць».

І сказаў Давід: «Не рабіце гэтак, браты мае, просьле тога, як СПАДАР даў нам гэта, і захаваў нас, і аддаў у рукі нашы аддзел, што прыходзіў на нас.
 
Сказаў жа Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам Госпад, і Ён захаваў нас, і аддаў гэтую арду, якая на нас напала, у нашы рукі;

І хто паслухае вас у гэтай справе? бо якая часьць тым, што зыходзілі на вайну, такая часьць мае быць і тым, што сядзелі ля рэчаў: на ўсіх мае быць падзелена».
 
ніхто не паслухае вас у гэтай размове: бо будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў лагеры, і хай яны дзеляць роўна».

Гэтак было адгэнуль і пасьлей; і прыняў ён гэта ў права а ў вуставу Ізраелю аж дагэтуль.
 
І ад гэтага дня і надалей сталася гэта як пастанова і як закон для ізраэльцаў, і пратрывала аж па сённяшні дзень.

І прышоў Давід да Цыклаґу, і паслаў із здабытку старцом Юдзіным, прыяцелям сваім, кажучы: «Гэта вам дабраславенства із здабытку ў варагоў СПАДАРОВЫХ», —
 
Такім чынам, Давід вярнуўся ў Сікэлаг, і паслаў ён падарункі са здабычы старэйшынам Юды, блізкім сваім, кажучы: «Прыміце дабраславенне са здабычы на ворагах Госпада».

Тым, што ў Бэт-Элю, і тым, што ў паўднявым Рамофе, і тым, што ў Яфіру,
 
І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нагэбе, і тым, што ў Ятэры,

І Тым, што ўв Ароіру, і тым, што ў Шыфмофе, і тым, што ў Ештэмоа,
 
і тым, што ў Арары, і тым, што ў Сэфамоце, і тым, што ў Эстэмо,

І тым, што ў Рахале а ў местах Ерагмеельскіх а ў местах Кінскіх,
 
і тым, што ў Кармэлі, і ў гарадах Ерамээля, і ў гарадах кінэяў,

І тым, што ў Горме, і тым, што ў Вор-Ашане, і тым, што ўв Атасе,
 
і тым, што ў Хорме, і тым, што ў Барасане, і тым, што ў Атаху,

І тым, што ў Гэўроне а ў вусіх месцах, ідзе хадзіў Давід сам а людзі ягоныя.
 
і тым, што ў Геброне, і ў астатніх месцах, дзе праходзіў сам Давід са сваімі ваярамі.