1 царстваў 25 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І памер Самуйла; і зьберліся ўсі Ізраелцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. А Давід устаў і зышоў на пустыню Паран.
 
У гэты час памёр Самуэль; і сабраліся ўсе ізраэльцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме яго ў Раме. І Давід, устаўшы, пайшоў у пустыню Паран.

І быў нейкі чалавек у Маоне, каторага занятак у Карміле, чалавек вельмі вялікі: у яго было тры тысячы авец і тысяча козаў; і сталася, што ён стрыг авечкі свае ў Карміле.
 
І быў нейкі чалавек у пустыні Маон, які меў сваё ўладанне ў Кармэлі; і быў той чалавек дужа багаты, і было ў яго авечак тры тысячы і тысяча коз. І здарылася, што ён стрыг статак свой у Кармэлі.

Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонае — Авіґаіла; гэта жонка добрага розуму й пазаркая, але муж цьвярды й чалавек благіх справаў, і ён з дому Калевавага.
 
Імя таго чалавека было Набал, і імя жонкі яго — Абігайль. І жанчына тая была найразважнейшая і прыгожая; а муж яе быў жорсткі і з ліхім норавам, з роду Калеба.

І пачуў Давід на пустыні, што Навал стрыжэць авечкі свае.
 
І вось, калі Давід пачуў у пустыні, што Набал стрыжэ статак свой,

І паслаў Давід дзесяцёх дзяцюкоў, і сказаў Давід дзяцюком: «Узыйдзіце на Карміл, і прыйдзіце да Навала, і папытайцеся ў яго ад мяне, як маецца.
 
паслаў ён дзесяць юнакоў і сказаў ім: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Набала, і прывітайце яго ад майго імя з супакоем,

І скажыце гэтак: "Здароў, супакой табе, супакой дому твайму, супакой усяму твайму!
 
і скажыце брату майму: “Супакой і табе, і дому твайму, і ўсяму, што маеш, хай будзе супакой!

І цяпер я пачуў, што стрыгуць у цябе. Вось, пастухі твае былі з намі, і мы не засаромілі іх, і нічагусенькі ў іх ня зьгінула ўвесь час быцьця іх на Карміле;
 
І цяпер пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі ж твае былі разам з намі ў пустыні, і мы не зрабілі ім ніякай прыкрасці, і не прапала ў іх ніколі за ўвесь час нічога са статка, калі былі яны з намі ў Кармэлі.

Папытайся ў дзяцюкоў сваіх, і яны скажуць табе; дык хай знойдуць дзяцюкі ласку ў ваччу тваім, бо ў добры дзень прышлі мы; дай, калі ласка, што знойдзе рука твая, слугам сваім і сыну свайму Давіду"».
 
Запытайся ў паслугачоў сваіх, і скажуць яны табе. Такім чынам, цяпер няхай юнакі гэтыя маюць ласку ў вачах тваіх; бо ў добры дзень прыходзім; што знойдзе рука твая, дай паслугачам тваім і сыну твайму Давіду”».

І прышлі дзяцюкі Давідавы, і казалі Навалу ад Давіда, подле ўсіх словаў гэтых, і адзяржаліся.
 
І, калі прыйшлі паслугачы Давіда, сказалі яны Набалу ўсе словы гэтыя ад імя Давіда, і замаўчалі.

І адказаў Навал слугам Давідавым, і сказаў: «Хто такі Давід, і хто такі Есянок? Цяпер стала шмат слугаў, што адрываюцца ад паноў сваіх;
 
І ў адказ сказаў Набал паслугачам Давіда: «Хто такі Давід і хто сын Ясэя? Сёння памножылася колькасць паслугачоў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх.

Нягож імне ўзяць хлеб свой а ваду сваю а сьвежаніну, што я асьвяжыў стрыгучым авечкі ў мяне, і аддаць людзём, праз каторых ня ведаю, скуль яны?»
 
Дык я маю ўзяць хлеб свой, і сваю ваду, і мяса жывёлы, якую я забіў для сваіх стрыгалёў, і даць іх людзям, аб якіх я не ведаю, адкуль яны?»

І завярнуліся дзяцюкі ў сваю дарогу, і зьвярнуліся, і прышлі, і пераказалі яму подле ўсіх словаў гэтых.
 
І выбраліся юнакі Давіда ў дарогу адваротную, і, прыбыўшы, пайшлі і пераказалі ўсе гэтыя словы Давіду.

І Давід сказаў людзём сваім: «Паперажыцеся кажны мячом сваім». І ўсі паперазаліся мячамі сваімі, паперазаўся й Давід мячом сваім; і ўзышлі за Давідам каля чатырыста чалавекаў, а дзьвесьце засталося ля рэчаў.
 
Тады Давід сказаў ваярам сваім: «Хай кожны падперажацца мечам сваім!» І падперазаўся кожны мечам сваім, і таксама Давід падперазаўся сваім мечам; і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзвесце засталіся ў лагеры.

Авіґаіле Навалісе азнайміў адзін ізь дзяцюкоў, сказаўшы: «Вось, Давід прыслаў з пустыні пасланцоў дабраславіць спадара нашага, але ён накінуўся на іх із крыкам.
 
А адзін з паслугачоў паведаміў Абігайль, жонцы Набала, кажучы: «Вось, Давід прыслаў вестуноў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абышоўся з імі.

А гэныя людзі вельма добрыя да нас, не засаромілі нас, і нічога ня зьгінула ў нас увесь час, як мы хадзілі зь імі, быўшы ў полю.
 
Людзі тыя былі для нас даволі добрымі і не крыўдзілі нас; і ніколі за ўвесь час, калі з імі мы хадзілі ў пустыні, нічога не прапала.

Яны былі сьцяною нам і ночы і ўдзень, увесь час, пакуль мы былі зь імі, пасучы стады.
 
Былі яны нам мурам як уночы, так і ўдзень ва ўсе дні, калі мы з імі пасвілі свае статкі.

Дык ведай і глядзі, што табе рабіць, бо пастаноўлена бяда на спадара нашага і на ўвесь дом ягоны; а ён сын Веляла, каб гукаць да яго».
 
Дзеля таго разваж і падумай, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому яго. Ён жа сын Бэліяла, так што з ім ніхто не можа дамовіцца».

І пабарзьдзіла Авіґаіла, і ўзяла дзьвесьце букаткаў хлеба, і два скураныя мяхі зь віном, і пяць авец прыгатаваных, і пяць мераў пражаных зярнят, і сто вязанак разынак, і дзьвесьце вязанак фіґаў, і наклала на аслы.
 
Тады Абігайль паспяшалася і ўзяла дзвесце хлябоў, і два бурдзюкі віна, і пяць печаных бараноў, і пяць мерак пражаных зярнят, і сто мерак разынак, і дзвесце кавалкаў карыйскіх сушаных фіг, і паставіла на аслоў.

І сказала дзяцюком сваім: «Ідзіце сьпераду мяне, вось, я за вамі прыйду». А мужу свайму Навалу нічога не сказала.
 
І сказала яна паслугачам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я буду ісці за вамі». А мужу свайму, Набалу, не сказала нічога.

І было: яна ехала на асьле і спусьцілася далоў, закрытая гарой, і вось, Давід а ягоныя людзі спушчаюцца супроці яе, і яна стрэла іх.
 
І калі яна села на асла і сыходзіла па схіле з гары, Давід і яго людзі ішлі насустрач ёй; і яна спаткала іх.

І Давід сказаў: «Але, дарма я сьцярог усе, што гэны меў на пустыні, і ня зьгінула нічога з усёга ягонага; а ён аддаў імне благім за добрае.
 
І Давід казаў сабе: «Дарма, сапраўды, я бярог у пустыні ўсю маёмасць гэтага чалавека і нішто не прапала з усяго, што яму належала; і ён аддаў мне ліхам за дабро.

Так хай учыне Бог злосьнікам Давідавым, і так хай дадасьць, калі я пакіну да раньня з усёга ягонага нават тога, што мочыцца на сьцяну».
 
Хай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму належыць, хоць бы хлопца».

І Авіґаіла абачыла Давіда, і пабарзьдзіла, ісьсела з асла, і пала перад Давідам на від свой, і пакланілася да зямлі;
 
Калі Абігайль убачыла Давіда, яна паспяшалася, і злезла з асла, і ўпала на твар свой перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.

І пала ў ногі яму, і сказала: «Хай будзе на імне бяспраўе, спадару мой; дазволь служэбцы тваёй гукаць у вушы твае, і паслухай словаў служэбкі свае.
 
І кінулася яна да ног яго, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта правіннасць; дазволь, прашу, паслугачцы тваёй гаварыць у вушы твае і выслухай словы паслугачкі тваёй.

Няхай жа спадар мой не зважае на гэтага чалавека Веляла, на Навала, бо, якое імя ягонае, такі й ён. Навал — імя ягонае, і шал ягоны ізь ім. А я, служэбка твая, ня бачыла маладзёнаў спадара майго, каторых ты прыслаў.
 
Прашу, хай гаспадар мой не звяртае ўвагі сваёй на чалавека гэтага, ліхога Набала, бо ён такі бязглузды, якое імя яго: Набал імя яго, і ёсць бязглуздасць у ім; а я, паслугачка твая, не бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.

Дык цяпер, спадару мой, — жыў СПАДАР і жыва душа твая! — СПАДАР не дапусьціў цябе прысьці да крыві і ўсьцярог руку тваю; дык цяпер хай будуць, як Навал, злосьнікі твае й тыя, што шукаюць ліха спадару майму,
 
Дык цяпер, гаспадару мой, жыве Госпад і жыве душа твая, бо Госпад устрымаў цябе, каб ты не апынуўся ў крыві і ўласнай рукою ўратаваў сябе; і цяпер хай твае ворагі і ўсе, хто хоча няшчасця гаспадару майму, падобнымі стануцца да Набала.

Во дабраславенства гэта, каторае прывезла нявольніца твая спадару свайму, каб даць іх дзяцюком, што йдуць сьледам за спадаром маім.
 
Дзеля таго прымі падарунак гэты, які прынесла паслугачка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.

Даруй выступ служэбкі свае; СПАДАР напэўна ўладзе спадару майму дом трывалкі, бо войны СПАДАРОВЫ вядзець спадар мой, і ліха ня знойдзецца ў цябе ў вусі дні твае.
 
І даруй правіннасць паслугачкі тваёй, бо Госпад, будуючы, хай збудуе дом надзейны гаспадару майму, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны Госпадавы: і хай не сустрэнецца табе няшчасце ва ўсе дні жыцця твайго.

Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе й шукаць душы твае, то душа спадара майго будзе завязана ў зьвязку жыцьця ў СПАДАРА, Бога твайго, а душу варагоў тваіх пусьце Ён бы пушчалам.
 
Бо калі часам паўстане хто, каб пераследаваць цябе і цікаваць на жыццё тваё, хай душа гаспадара майго будзе захавана ў вузле жыцця ў Госпада, Бога твайго; а душу ворагаў тваіх хай выкіне Ён адразу ж, як з прашчы.

І як учыне СПАДАР спадару майму подле ўсёга, што казаў празь цябе добрага, і прызнача цябе за правадыра над Ізраелям;
 
А калі споўніць Госпад гаспадару майму ўсё добрае, што табе абяцаў, і паставіць цябе кіраўніком над Ізраэлем,

То ня будзе гэта спатыкненьням табе ані спадманам сэрцу спадара майго, што не разьліў дарма крыві і ўсьцярог сябе ад помсты. І СПАДАР добра зьдзее спадару майму, і ўспомніш служэбку сваю».
 
хай не будзе сэрцу гаспадара майго рыданнем і непакоем тое, што праліў ты кроў нявінную і сам не захаваў сябе ад помсты; і калі Госпад паспагадае гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра паслугачку сваю».

І сказаў Давід Авіґаіле: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы паслаў цябе цяпер наўпярэймы імне.
 
І сказаў Давід Абігайль: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які паслаў цябе сёння насустрач мне.

І дабраславёная цямлівасьць твая, і дабраславёна ты за тое, што ты цяпер не дапусьціла мяне прысьці да крыві.
 
І хай будзе дабраславёнай разважнасць твая, і дабраславёна таксама ты, бо ўтрымала ты мяне сёння, каб я не праліў кроў і не пакараў сябе ўласнай рукою.

Але, — жыў СПАДАР, Бог Ізраеляў, што ўдзяржаў мяне ад ліха табе, — калі б ты не пабарзьдзіла й ня прышла наўпярэймы імне, то я не пакінуў бы Навалу да сьвітаньня нават таго, што мочыцца на сьцяну».
 
Бо інакш, жыве Госпад, Бог Ізраэля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, каб ты не выйшла хутка насустрач мне, не засталося б у Набала нікога мужчынскага роду да світання».

І ўзяў Давід з рук ейных тое, што яна прывезла яму, і сказаў ёй: «Узыйдзі ў супакою да дому свайго; гля, я паслухаў голасу твайго і ўсьціў від твой».
 
І прыняў Давід з рук яе ўсё, што яна яму прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі да дому свайго. Вось, я выслухаў просьбу тваю і ўшанаваў аблічча тваё».

І прышла Авіґаіла да Навала, і вось, у яго чэсьць у доме ягоным, як чэсьць каралеўская, і сэрца Навалова было вясёлае ў яго, ён жа быў канчальна п’яны; і не сказала яму а нічога, ані большага, ані меншага, да сьвітаньня.
 
А Абігайль вярнулася да Набала; і вось, ён спраўляў баль у доме сваім, як баль царскі. І сэрца Набала было вясёлае, бо быў ён надта п’яны. І яна не сказала яму ані малога, ані вялікага слова пра гэтае да раніцы.

І было нараніцы, як Навал выцьверазіўся, што сказала яму жонка ягоная словы гэтыя, і замерла ў ім сэрца ягонае, і стаў ён, як камень.
 
А раніцай, калі Набал працверазіўся ад віна, жонка яго расказала яму пра гэтую справу; і замерла сэрца яго ўнутры, і ён зрабіўся, як камень.

І было дзён за дзесяць: паразіў СПАДАР Навала, і ён памер.
 
А праз дзесяць дзён Госпад ударыў Набала, і ён памёр.

І пачуў Давід, што Навал памер, і сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Каторы моцна памсьціўся за паганьбеньне з рукі Навала, і захаваў слугу Свайго ад ліха, і злосьць Навалову абярнуў СПАДАР на галаву яму». І паслаў Давід, і казаў Авіґаіле, каб узяць яе сабе за жонку.
 
Калі пачуў Давід аб тым, што Набал памёр, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Які рассудзіў справу знявагі маёй ад рукі Набала і захаваў паслугача свайго ад зла, і злачыннасць Набала звярнуў Госпад на яго галаву». І паслаў Давід сказаць Абігайль, што ён бярэ яе сабе за жонку.

І прышлі слугі Давідавы да Авіґаілы на Карміл, і сказалі ёй гэтак: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку».
 
І прыбылі паслугачы Давіда да Абігайль у Кармэль, і сказалі ёй, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».

Яна ўстала, і пакланілася відам да зямлі, і сказала: «Вось, хай служэбка твая будзе нявольніца, каб мыць ногі слугам спадара свайго».
 
Яна, устаўшы, пакланілася тварам да зямлі і сказала: «Вось, паслугачка твая ёсць нявольніца, каб мыць ногі паслугачоў гаспадара майго».

І пабарзьдзіла, і ўстала Авіґаіла, і ўсьсела на асла, і пяць дзяўчат пайшлі за ёю; і пайшла яна за пасланцамі Давідавымі, і стала жонкаю ягонай.
 
І паспяшалася і ўстала Абігайль, і села на асла, і пяць дзяўчын, паслугачак яе, ішлі з ёю; і паехала яна за пасланцамі Давіда, і стала жонкаю яму.

І Агіноаму з Ізрэеля ўзяў Давід, і былі таксама гэтыя дзьве яго жонкамі.
 
Але і Ахінаам з Езрагэля ўзяў Давід за жонку, і яны абедзве сталі яго жонкамі.

Саўла ж аддаў дачку сваю Міхалу, жонку Давідаву, Палту Лаішонку, каторы з Ґаліму.
 
А Саўл аддаў дачку сваю Міхол, жонку Давіда, Палці, сыну Лаіса, які паходзіў з Галіма.