1 царстваў 7 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І прышлі людзі Кіраф-Еарыму, і ўзьнесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і прывялі яе да дому Авінадавага, на ўзгорак, а Елеазара, сына ягонага, пасьвяцілі, каб ён сьцярог скрыню СПАДАРОВУ.
 
І прыбылі жыхары Карыят-Ярыма, і забралі наверх каўчэг Госпада, і прынеслі яго на ўзгорак у дом Абінадаба; а Элеязэра, сына яго, пасвяцілі, каб сцярог каўчэг Госпада.

І сталася, як з тога дня, як перабывала скрыня ў Кіраф-Еарыме, мінула шмат дзён, і было дваццаць год, што тужыў увесь дом Ізраеляў па СПАДАРУ.
 
І сталася з таго дня, як застаўся каўчэг Госпада ў Карыят-Ярыме, прайшло шмат часу; бо ішоў ужо дваццаты год, і ўвесь дом Ізраэля затужыў па Госпадзе.

І сказаў Самуйла ўсяму дому Ізраеляваму, кажучы: «Калі вы ўсім сэрцам сваім зварачаецеся да СПАДАРА, то аддальце з пасярод сябе багі чужаземныя а Астарты, і прыгатуйце сэрца вашае да СПАДАРА, і служыце яму аднаму, і ён выбаве вас ад рукі Пілішчан».
 
А Самуэль сказаў усяму дому Ізраэля, кажучы: «Калі звяртаецеся вы ўсім сэрцам да Госпада, то выдаліце ад сябе багоў чужых і Астарту, і падрыхтуйце сэрцы свае дзеля Госпада, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук філістынцаў».

І аддалілі сынове Ізраелявы Ваалы а Астарты, і пачалі служыць СПАДАРУ аднаму.
 
Дык павыкідалі сыны Ізраэля Баала і Астарту і служылі аднаму толькі Госпаду.

І сказаў Самуйла: «Зьбярыце ўсіх Ізраелцаў да Міцпы, і я памалюся за вас СПАДАРУ».
 
І сказаў Самуэль: «Збярыце ўсіх ізраэльцаў у Міцпе, каб я памаліўся за вас Госпаду».

І зьберліся да Міцпы, і сілялі ваду, і вылівалі перад СПАДАРОМ, і поставалі таго дня, і сказалі там: «Ізграшылі мы перад СПАДАРОМ». І судзіў Самуйла сыноў Ізраелявых у Міцпе.
 
І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень, і казалі там: «Зграшылі мы перад Госпадам». І судзіў Самуэль сыноў Ізраэля ў Міцпе.

А як пачулі Пілішчане, што зьберліся сынове Ізраелявы да Міцпы, тады ўзышлі князі Пілісцкія да Ізраеля. І пачулі сынове Ізраелявы, і баяліся Пілішчан.
 
І пачулі філістынцы аб тым, што сыны Ізраэля сабраліся ў Міцпе, і кіраўнікі філістынцаў пайшлі супраць ізраэльцаў. Калі даведаліся аб гэтым сыны Ізраэля, то напалохаліся філістынцаў

І сказалі сынове Ізраелявы Самуйлу: «Не маўчы праз нас, каб ня гукаць да СПАДАРА, Бога нашага, і каб ён выбавіў нас ад рукі Пілішчан».
 
і прасілі Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць Госпада, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук філістынцаў».

І ўзяў Самуйла адно ягнё-сысуна, і аброк яго на ўсепаленьне СПАДАРУ, і загукаў Самуйла да СПАДАРА за Ізраеля, і адказаў яму СПАДАР.
 
І ўзяў Самуэль адно ягня-сысунка і склаў усяго яго Госпаду ў ахвяру цэласпалення; і клікаў Самуэль Госпада за ізраэльцаў, і выслухаў яго Госпад.

І як Самуйла абракаў усепаленьне, а Пілішчане дабліжыліся ваяваць із Ізраелям, то СПАДАР загрымеў таго дня вялікім громам над Пілішчанмі, і Ён іх прывёў у замягню, і яны былі пабіты перад Ізраелям.
 
Сталася ж, калі Самуэль складаў ахвяру цэласпалення, філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраэля. У той жа дзень загрымеў Госпад грымотамі вялікімі над філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя ізраэльцамі.

І выступілі Ізраелцы зь Міцпы, і гналі Пілішчан, і білі іх аж да месца пад Веф-Карам.
 
І, выйшаўшы з Міцпы, людзі Ізраэля пераследавалі філістынцаў, і забівалі іх аж да месца, якое было пад Бэткарам.

І ўзяў Самуйла адзін камень, і пастанавіў памеж Міцпы й Ешаны, і даў яму імя Евен-Езэр, сказаўшы: «Дагэтуль памог нам Спадар».
 
І ўзяў Самуэль адзін камень і паставіў яго між Міцпаю і Сэнам, і назваў тое месца Абэн-Эзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам Госпад».

І зваяваны былі Пілішчане, і наперад ня прыходзілі на граніцы Ізраелявы; і была рука Спадарова на Пілішчан усі дні Самуйлавы.
 
Так упакораны былі філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраэля. І сталася рука Госпада на філістынцах ва ўсе дні Самуэля.

І зьвернены былі Ізраелю месты, каторыя былі ўзяўшы Пілішчане ў Ізраеля, ад Екрону й аж да Ґафу, і землі свае вывальніў Ізраель із рук Пілішчан; І быў мір меж Ізраеля й Аморэя.
 
І вярнуліся да Ізраэля гарады, забраныя філістынцамі ад Ізраэля: ад Акарона да Гета. Ізраэльцы забралі свае землі з рук філістынцаў. І запанаваў мір між Ізраэлем і амарэямі.

І судзіў Самуйла Ізраеля ўсі дні жыцьця свайго.
 
І судзіў Самуэль Ізраэль усе дні свайго жыцця.

І хадзіў ён год у год, і кружыняў каля Бэт-Элю а Ґілґалу а Міцпы, і судзіў Ізраеля ў вусіх гэтых месцах;
 
І штогод падарожнічаў ён у Бэтэль, і Галгал, і Міцпу, і судзіў Ізраэль у названых месцах.

І зварачаўся да Рамы, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраеля, і збудаваў там аброчнік СПАДАРУ.
 
І вяртаўся ў Раму, бо там быў яго дом, і там ён судзіў Ізраэль. Пабудаваў там таксама ахвярнік Госпаду.