1 царстваў 2 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І малілася Ганна, і гукала: «Узрадавалася сэрца мае ў СПАДАРУ; узьняўся рог мой у СПАДАРУ; шырака рашчыніліся вусны мае на варагоў маіх; бо я разьвесялілася ў спасеньню Тваім.
 
І Ганна малілася і казала: «Радуецца сэрца маё ў Госпадзе, узняўся рог мой у Богу маім; адкрыліся вусны мае супраць ворагаў маіх, бо ўзвесялілася я ў збаўленні Тваім.

Нямаш сьвятога, як СПАДАР; бо нямаш іншага, апрача Цябе; і няма скалы, як Бог наш.
 
Ніхто не святы так, як Госпад; бо няма нікога іншага, апроч Цябе, ніхто не магутны, як наш Бог.

Ня гукайце болей надта пыхата; лішне сьмелыя словы хай ня выходзяць із вуснаў вашых; бо Бог веданьня СПАДАР, і справы ў Яго ўзважаны.
 
Перастаньце гаварыць, услаўляючы фанабэрыстае. Хай спыніцца пыхлівасць вуснаў вашых, бо Бог ёсць Госпад ведаў і Ім ацэньваюцца ўчынкі.

Лук дужых ломіцца, а тыя, што спатыкаюцца, папяразуюцца сілаю.
 
Лук моцных зламаўся, а кволыя набраліся сілы.

Насычаныя хлебам наняліся, а галодныя перасталі; нават бясплодная родзе сямёра, а каторая мела шмат дзяцей, ялавее.
 
Раней сытыя наймаюцца за хлеб, а галодныя больш не жывуць у нястачы. Бясплодная нараджае шмат разоў, а тая, што мела многа сыноў, — завяла.

СПАДАР забівае й ажыўляе, зводзе ў бяздоньне й узводзе!
 
Госпад дае смерць і жыццё, укідае ў пекла і з яго выцягвае.

СПАДАР голе й багаце, паніжае й павышае.
 
Госпад робіць бедным і багатым, робіць пакорлівым і ўзвышае;

З пылу падыймае ён беднага, із шуметніку павышае галечу, каб пасадзіць із князьмі і даць на спадак ім пасад славы; бо СПАДАРОВЫ поды зямлі, і ён пастанавіў сьвет на іх.
 
Ён выцягвае беднага з гною і са смецця падымае няшчаснага, каб пасадзіць яго з князямі і каб атрымаў ён у спадчыну пасад славы. Бо Госпадавы — асновы зямлі, на іх Ён паставіў зямлю.

Ногі справядлівых Сваіх ён сьцеражэць, а ліхія ў цемні змоўкнуць; бо ня сілаю чалавек перамагае.
 
Зберажэ Ён ногі святых Сваіх, бязбожнікі ж у цемры сціхаюць, бо не сваёю сілаю чалавек дужы.

СПАДАРУ, скрышацца праціўнікі Твае; зь нябёс загрыміць на іх, СПАДАР будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць дужасьць каралю Свайму, і ўзьніме рог памазанца Свайго».
 
Госпад знішчыць супраціўнікаў Сваіх; загрыміць на іх у нябёсах. Госпад будзе судзіць увесь свет, і дасць уладу Валадару Свайму, і ўзвысіць дух Свайго Памазанца».

І пайшоў Елкана да Рамы двору; а хлопчык служыў СПАДАРУ перад Ілям сьвятаром.
 
І вярнуўся Элькана ў Раму, у дом свой. А хлопчык быў паслугачом перад абліччам Госпада пад наглядам Гэлі, святара.

А сыны Ілевы — сыны Веляла; яны ня зналі СПАДАРА
 
А сыны Гэлі, сыны Бэліяла, не ведалі Госпада,

Ані парадку сьвятароў да люду. Калі хто абракаў аброк, слуга сьвятароў прыходзіў, часу варэньня мяса, зь мясною трызубаю відзёлкаю ў руццэ сваёй,
 
ані абавязка святарскага адносна народа, але калі хто складаў ахвяру, то прыходзіў паслугач святара з трохзубым відэльцам ў руцэ сваёй і, калі варылася мяса,

І ўтыкаў яе ў казан, альбо ў рондаль, альбо ў сквараду, альбо ў гаршчок, і што ўзьвяла відзёлка, тое браў сабе сьвятар. Гэтак рабілі яны з усімі Ізраелцамі, што прыходзілі туды да Шыла.
 
запускаў яго ў кацёл, або ў гаршчок, або ў патэльню, або ў міску і ўсё, што выцягваў відэльцам, забіраў сабе святар. Так паступалі з усімі ізраэльцамі, што прыходзілі ў Сіло.

Таксама ўперад, чымся спалевалі тук, прыходзіў дзяцюк сьвятарскі й казаў абракаючаму аброк: «Дай мяса на пячонку сьвятару, і ён ня возьме ў цябе варанага мяса, але сырое».
 
Нават яшчэ не спалілі яны тлушч, а ўжо прыходзіў паслугач святара і казаў таму, хто складаў ахвяру: «Дай мне мяса, каб я прыгатаваў яго святару; бо ён не прыме ад цябе варанага мяса, але толькі сырое».

І казаў яму тый чалавек: «Хай спаляць, як маюць спаліць, уперад тук, і тады вазьмі сабе, як пажадае душа твая», то ён казаў: «Не, цяпер жа дай, а калі не, то сілком вазьму».
 
І казаў яму той, хто складаў ахвяру: «Спачатку хай сёння, згодна звычаю, згарыць тлушч, і тады возьмеш сабе, што душа твая пажадае». Ён, адказваючы, гаварыў яму: «Ніякім чынам; ты аддасі зараз, а калі не, забяру сілай».

І быў грэх гэтых маладзёнаў вельма вялікі перад СПАДАРОМ, бо людзі пачалі грэбаваць абраканьням СПАДАРУ.
 
І грэх тых юнакоў быў вельмі вялікі перад Госпадам, бо зневажалі яны ахвяры Госпадавы.

А Самуйла служыў перад СПАДАРОМ, хлопчык быў паперазаўшыся лянным наплечнікам.
 
Самуэль жа служыў перад абліччам Госпада, як паслугач, апрануты ў ільняны эфод.

І малую вопратку рабіла яму маці ягоная, і ўзносіла яму што году, як узыходзіла з мужам сваім абракаць годнія аброкі.
 
І маці яго шыла яму малую туніку, якую прыносіла яму штогод, калі прыходзіла з мужам сваім, каб скласці ахвяру гадавую.

І дабраславіў Іль Елкану а жонку ягоную, і сказаў: «Хай дасьць табе СПАДАР насеньне ад жонкі гэтае замест пазычанага, каторае пазычана СПАДАРУ!» І пайшлі яны на месца свае.
 
І дабраславіў Гэлі Элькану і жонку яго, і казаў: «Хай дасць табе Госпад нашчадкаў ад гэтай жонкі за просьбу, аб якой папрасіла яна Госпада». І яны вярталіся ў свой дом.

І даведаўся СПАДАР да Ганны, і зачала яна, і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьве дачкі; А хлапец Самуйла рос із СПАДАРОМ.
 
І наведаў Госпад Ганну, і яна пачала і нарадзіла трох сыноў і дзве дачкі. А юнак Самуэль рос пры Госпадзе.

Іль жа быў вельма стары, і чуў усе, што рабілі сыны ягоныя ўсяму Ізраелю, і што яны ляжаць із жанкамі, каторыя зьбіраліся ля ўходу ў будан збору.
 
А Гэлі быў надта стары і чуў ён усё, што рабілі сыны яго адносна ўсіх ізраэльцаў і як яны спалі з жанчынамі, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы,

І сказаў ім: «Чаму вы робіце такія ўчынкі? бо я чую ліхія словы праз вас ад усёга люду гэтага.
 
і сказаў ён ім: «Чаму робіце вы такія рэчы, аб якіх я чую, найгоршыя рэчы, ад усяго народа?

Не, дзеці мае, ня добрыя галасы, каторыя я чую; вы зводзіце люд СПАДАРОЎ.
 
Перастаньце, сыны мае; не добрая бо гэта слава, пра якую я чую, што разбэшчваеце вы народ перад Госпадам.

Калі ізгрэша чалавек супроці чалавека, то прычыняцца за яго перад Богам; а калі ж чалавек ізгрэша супроці СПАДАРА, то хто будзе прычынцаю за яго?» Але яны ня слухалі голасу айца свайго, бо СПАДАР хацеў пакараць іх сьмерцяй.
 
Калі зграшыць чалавек супраць чалавека, суддзёю яму можа быць Бог; але калі супраць Госпада зграшыць чалавек, то хто заступіцца за яго?» Але яны не слухалі голасу бацькі свайго, бо Госпад вырашыў аддаць іх на смерць.

А хлапец Самуйла рос а ўзьвялічаўся, і быў добрым таксама ў Бога, і таксама ў людзёў.
 
Юнак жа Самуэль рос і вырастаў, і падабаўся як Госпаду, так і людзям.

І прышоў чалавек Божы да Іля, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці не напэўна аб’явіўся Я дому айца твайго, як яшчэ былі яны ў Ягіпце ў доме фараонавым?
 
Прыйшоў да Гэлі чалавек Божы і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Ці Я не аб’явіўся адкрыта ў доме бацькі твайго, калі быў ён у Егіпце, у доме фараона?

І абраў яго Сабе з усіх плямёнаў Ізраелявых за сьвятара, абракаць на Маім аброчніку, кадзіць кадзіла, насіць наплечнік перад Імною? І даў Я дому айца твайго ўсі агняныя аброкі сыноў Ізраелявых.
 
І паміж усіх пакаленняў Ізраэля выбраў яго Сабе ў святары, каб прыходзіў да ахвярніка Майго і спальваў для Мяне ахвяру, і насіў перад абліччам Маім эфод; і Я даў дому бацькі твайго ўсё з ахвяр сыноў Ізраэля.

Чаму вы ўлегцы маеце аброкі Мае й хлебныя аброкі Мае, каторыя Я расказаў абракаць у сялібе, і чаму ты важыш сыноў сваіх болей за Мяне, каб вы сыцелі пачаткамі ўсіх аброкаў люду Майго Ізраеля?"
 
Чаму вы топчаце пятою Маю ахвяру і Мае дары, якія Я ўстанавіў, каб складаць іх у святыні, і ты больш паважаў сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на пяршынях ахвярапрынашэнняў Ізраэля, народа Майго?”

Затым гэтак агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я цьвердзячы сказаў: "Дом твой а дом айца твайго будуць хадзіць перад відам Маім навекі’. — Але цяпер агалашае СПАДАР: — Хай ня будзе так у Мяне; бо Я ўслаўлю ўслаўляючых Мяне, а ўлегцы маючыя Мяне будуць мала важаныя.
 
Акрамя таго, кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Гаворачы, сказаў Я, каб твой дом і дом бацькі твайго служыў перад абліччам Маім у векі. Але цяпер, кажа Госпад, гэтак не будзе ў Мяне. А кожны, хто будзе славіць Мяне, і Я таго праслаўлю; а хто зневажае Мяне, той будзе ў ганьбе.

Гля, настаюць дні, і Я адатну плячо твае й плячо дому твайго, так што ня будзе старога ў доме тваім;
 
Вось, прыходзяць дні, і Я адсяку руку тваю і руку дому бацькі твайго, каб не было старца ў доме тваім.

І ты будзеш бачыць праціўніка ў гасподзе, у вусім, чым Я дабро дзеяў Ізраелю; і ня будзе старога ў доме тваім усі дні.
 
І ты будзеш бачыць суперніка твайго ў святыні ва ўсіх поспехах Ізраэля; і ў доме тваім не будзе старога ва ўсе часы.

І ня кажнага чалавека Я адатну ад аброчніка Свайго, каб скончыць вочы твае й мучыць душу тваю; але патомства дому твайго будзе паміраць сталае.
 
Аднак Я не адкіну цалкам чалавека з цябе ад ахвярніка Майго; але аслабелі вочы твае, і ссохла душа твая, і загіне вялікая частка дому твайго, калі дажыве да дарослых гадоў.

І во знак табе, каторы станецца на двух сынох тваіх, Гофні а Фінегасу: абодва яны памруць у вадзін дзень.
 
Гэта ж табе знак, што станецца з тваімі абодвума сынамі, з Хофні і Пінхасам: абодва ў адзін дзень памруць.

І ўстанаўлю Сабе сьвятара вернага, каторы подле сэрца Майго й душы Мае, і пастанаўлю яму дом верны, і ён будзе хадзіць перад памазадцам Маім усі дні.
 
І я пастаўлю Сабе святара вернага, які па волі сэрца Майго і па волі душы Маёй будзе рабіць; і пастаўлю яму дом цвёрды, і ён будзе хадзіць перад Памазанцам Маім усе дні.

І будзе, што кажны, засталы ў дому тваім, прыйдзе кланяцца яму дзеля геры срэбра а лусты хлеба, і скажа: ’Залічы мяне, я прашу цябе, да аднаго ізь сьвятарскіх урадаў, каб я мог есьці лусту хлеба’"».
 
А будзе, што кожны, хто застанецца ў доме тваім, прыйдзе, каб упакорыцца перад ім дзеля срэбранай манеты і дзеля кавалка хлеба, і будзе казаць: “Даруй мне, прашу, хоць які абавязак святарскі, каб мог я з’есці лусту хлеба”».