1 царстваў 27 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І сказаў Давід у сэрцу сваім: «Аднаго дня загіну я ад рукі Саўлавае, і няма імне нічога лепшага, як канечне ўцячы да зямлі Пілісцкае; і адчэпіцца ад мяне Саўла, каб ня шукаць мяне болей па ўсіх граніцах Ізраельскіх; і ўратуюся я ад рукі ягонае».
І сказаў Давід у сэрцы сваім: «Аднойчы, у нейкі дзень, траплю я ў рукі Саўла; ці не лепш мне ўцячы і ўратавацца ў зямлі філістынцаў, каб адчаяўся Саўл і перастаў ва ўсіх межах Ізраэля цікаваць на мяне. Так я ўхілюся ад рук яго».
І ўстаў Давід, і пайшоў сам а шасьцьсот мужоў, што былі зь ім, да Ахіша Маошонка, караля Ґафскага.
І сабраўся Давід, і пайшоў сам і шэсцьсот чалавек разам з ім да Ахіса, сына Маоха, цара Гета.
І жыў Давід ув Ахіша ў Ґафе, сам а людзі ягоныя, кажны з домам сваім, Давід а абедзьве жонкі ягоныя — Агіноама Ізрэелянка а Авігаіла, жонка Навалова, Кармілянка.
І абжыўся Давід з Ахісам у Геце, сам і ваяры яго, кожны са сваёй сям’ёй: Давід з дзвюма жонкамі сваімі, Ахінаам з Езрагэля і з Абігайль, якая была жонкай Набала з Кармэля.
І наказалі Саўлу, што Давід уцёк да Ґафу, і ён болей ня шукаў яго.
І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гет, і ён перастаў шукаць яго.
І сказаў Давід Ахішу: «Калі я прыдбаў ласку ў ваччу тваім, то хай дана будзе імне месца ў вадным ізь местаў краю, і я буду жыць там; бо чаму слузе твайму жыць у каралеўскім месцу, з табою?»
А Давід сказаў Ахісу: «Калі знайшоў я ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог абжыцца там. Бо навошта паслугач твой мае жыць з табою ў горадзе цара?»
І даў яму Ахіш Цыклаґ; затым Цыклаґ і застаўся ў каралёў Юдэйскіх дагэтуль.
Такім чынам, даў яму Ахіс у той дзень Сікэлаг; таму Сікэлаг стаўся горадам цароў юдэйскіх аж да гэтага дня.
І быў лік дзён, што жыў Давід у краінах Пілісцкіх, год а чатыры месяцы.
А тэрмін, які пражыў Давід у зямлі філістынцаў, быў год і чатыры месяцы.
І ўзыходзіў Давід ізь людзьмі сваімі, і нападаў на Ґешуран а Ґірзян а Амалічан, бо яны здаўна насялялі гэты край ад уходу ў Шур аж да зямлі Ягіпецкае.
І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і меў здабычу з гэсурцаў, і з гергесеяў, і з Амалека; бо гэтыя народы жылі на зямлі Тэлем пры дарозе на Сур і аж да зямлі Егіпта.
І біваў Давід гэты край, і не пакідаў жывых ані мужчыны, ані жонкі, і забіраў авечкі а валы а аслы а вярблюды а адзежу, і зварачаўся, і прыходзіў да Ахіша.
І пустошыў Давід усю зямлю, і не пакідаў жывымі ані мужчыны, ані жанчыны; і забіраў авечак, і валоў, і аслоў, і вярблюдаў, і адзенне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіса.
І казаў Ахіш: «На каго вы нападалі сядні?» Давід казаў: «На паўдня Юдэі а на паўдня Ерагмеелю а на паўдня Кіны».
Пытаўся ж у яго Ахіс: «На каго нападалі вы сёння?» І Давід адказваў: «На Нагэб Юды, і на Нагэб Ерамээля, і на Нагэб кінэйскі».
І ані мужчыны, ані жонкі не пакідаў Давід жывых ані прыводзіў да Ґафу, кажучы: «Каб не ўдалі нас, кажучы: "Гэтак рабіў Давід, і гэткі абычай ягоны быў усі дні, пакуль ён жыў у краінах Пілісцкіх"».
Ані мужчыны, ані жанчыны не шкадаваў Давід і не прыводзіў іх у Гет, кажучы: «Каб часам не сказалі на нас: “Гэта зрабіў Давід”». І гэта было галоўнае правіла яго ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне філістынцаў.
І верыў Ахіш Давіду, кажучы: «Ён стаў чыста непахнючым люду свайму, Ізраелю, затым павек будзе маім слугою».
Такім чынам, давяраў Ахіс Давіду, кажучы: «Стаўся ён ненавісным народу свайму, Ізраэлю; таму будзе ён мне паслугачом вечным».