1 летапісаў 29 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў кароль Давід усёй грамадзе: «Салямон, сын мой, каторага абраў Бог, малады а кунежны, а работа гэта вялікая; бо не чалавеку палац гэты, а СПАДАРУ Богу.
 
І сказаў цар Давід усяму сходу: Саламоне, сыне мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і слабасілы, а дзея гэтая вялікая, бо не чалавеку будова гэтая, а Госпаду Богу.

І ўсімі сіламі я прыгатаваў да дому Бога свайго золата на залатыя рэчы, і срэбра на срэбныя, і медзь на мядзяныя, зялеза на зялезныя, і дзервы на дзярвяныя, камяні аніксавыя а ўтыканыя, камяні бліскучыя а калярыстыя, і ўсякага гатунку дарагое каменьне, і множасьць мрамуру.
 
Усімі сіламі сваімі я нарыхтаваў на дом Бога майго золата на залатыя рэчы і срэбра на срэбраныя, і медзь на медныя, жалеза на жалезныя, і драўніну на драўляныя, камяні анікса і камяні ўстаўныя, камяні прыгожыя, і ўсялякія дарагія камяні, і мноства мармуру;

І яшчэ, із зычлівасьці свае да дому Бога свайго, ё ў мяне скарб собскі із золата а срэбра; і я аддаў на дом Бога свайго, звыш усёга, што я прыгатаваў на сьвяты дом:
 
і яшчэ па любові маёй да дома Бога майго, ёсьць у мяне скарб уласны з золата і срэбра, і яго я аддаю на дом Бога майго, звыш усяго, што нарыхтаваў я на сьвяты дом:

Тры тысячы таланяў золата, золата Офірскага, і сем тысячаў таланяў срэбра чыстага на ашаляваньне сьцен у дамох,
 
тры тысячы талантаў золата, золата Афірскага, і сем тысяч талантаў срэбра чыстага, на абкладку сьцен у дамах,

На залатыя — золата, на срэбныя — срэбра, і на кажны выраб рук мастацкіх. Ці не захоціцца хто шчодра абракаць сядні СПАДАРУ?»
 
на кожную з залатых рэчаў, і на кожную з срэбраных, і на ўсякі выраб рук умельскіх. Ці не парупіцца хто яшчэ сёньня ахвяраваць Госпаду?

І захоціліся князі айцоў, князі плямёнаў Ізраелявых, і князі тысячаў а сотняў, і князі работаў каралеўскіх.
 
І пачалі ахвяраваць начальнікі сямействаў і начальнікі плямёнаў Ізраілевых, і начальнікі тысяч і сотняў, і начальнікі над маёмасьцю цара.

І далі на службу дому СПАДАРОВАГА золата пяць тысячаў таланяў а дзесяць тысячаў драхмаў, і срэбра дзесяць тысячаў таланяў, і медзі асьмінанцаць тысячаў таланяў, і сто тысячаў талаляў зялеза.
 
І далі на ўладкаваньне дома Божага пяць тысяч талантаў і дзесяць тысяч драхмаў золата, і срэбра дзесяць тысяч талантаў, і медзі, і жалеза сто тысяч талантаў.

І тыя, у каторых каменьне знайшлося, давалі да скарбу дому СПАДАРОВАГА, на рукі Егіеля Ґершоняніна.
 
І ў каго знайшліся дарагія камяні, тыя аддавалі і іх у скарбніцу дома Гасподняга, на рукі Ехіілу Герсаніцяніну.

І люд радаваўся, бо яны абракалі ахвотна, бо із супоўным сэрцам яны абракалі СПАДАРУ; і Давід кароль таксама радаваўся вялікаю радасьцю.
 
І радаваўся народ руплівасьці іх, бо яны ад усяго сэрца ахвяравалі Госпаду, таксама і цар Давід вельмі радаваўся.

І дабраславіў Давід СПАДАРА перад ачыма ўсяе грамады, і сказаў Давід: «Дабраславёны Ты, СПАДАРУ, Божа Ізраеля, айца нашага, ад веку аж на векі!
 
І дабраславіў Давід Госпада перад усім сходам, і сказаў Давід: дабраславёны Ты, Гасподзь Бог Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і да веку!

Твае, СПАДАРУ, вялічча а магутнасьць а харашыня а перамога а пазор, бо ўсе на небе й на зямлі Твае; Твае каралеўства, СПАДАРУ, і Ты навышні, як галава над усім.
 
Твая, Госпадзе, веліч, і магутнасьць, і слава, і перамога, і цудоўнасьць, і ўсё, што на небе і на зямлі, Тваё; Тваё, Госпадзе, царства, і Ты найвышэй за ўсё, як Уладаны.

І багацьце, і слава ад Цябе, і Ты радзіш усе; і ў руццэ Тваёй сіла а магутнасьць; і ў руццэ Тваёй узьвялічыць а ўмацаваць усе.
 
І багацьце і слава ад аблічча Твайго, і ты валадарыш над усім, і ў руцэ Тваёй сіла і магутнасьць, і ва ўсёй уладзе Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.

Дык цяпер, Божа наш, мы дзякуем Табе і выхваляем добрае імя Твае.
 
І цяпер, Божа наш, мы славасловім Цябе і хвалім велічнае імя Тваё.

Бо хто я і хто люд мой, што мы абдараваны сілаю так ахвотна абракаць? Бо ўсе ад Цябе і з рукі Твае мы аддалі Табе;
 
Бо хто я і хто народ мой, што мы мелі змогу так ахвяраваць? А ад Цябе ўсё, і ад рукі Тваёй атрыманае мы аддалі Табе,

Бо мы чужаземцы перад Табою і госьці, як усі айцове нашыя; дні нашыя, як сьцень на зямлі, і няма трывалкога.
 
бо староньнія мы прад Табою і прыхадні, як і ўсе бацькі нашыя, як цень дні нашыя на зямлі, і няма нічога моцнага.

СПАДАРУ, Божа наш! уся гэтая множасьць, што мы прыгатавалі станавіць Табе дом, сьвятому імені Твайму, з рукі Твае, і ўсе Твае.
 
Госпадзе Божа наш! усё гэта мноства, якога нарыхтавалі мы на будову дома Табе, сьвятому імю Твайму, ад рукі Тваёй яно, і ўсё Тваё.

І я ведаю таксама, Божа мой, што Ты прабуеш сэрца, і прыемна Табе шчырасьць. Што да мяне, я ў шчырасьці сэрца свайго ахвотна аброк усе гэта; і цяпер я бачыў із радасьцяй люд Твой, што прытомны тут, абракаючы ахвотна Табе.
 
Ведаю, Божа, што Ты выпрабоўваеш сэрца і любіш шчырасьць сэрца; я ад чыстага сэрца майго ахвяраваў усё гэта, і цяпер бачу, што і народ Твой, і ўсе, хто тут, з радасьцю ахвяруюць Табе.

СПАДАРУ, Божа Абрагама, Ісака а Ізраеля, айцоў нашых, захавай на векі твор думак сэрца люду Свайго і прыгатуй іхнае сэрца да Сябе!
 
Госпадзе, Божа Абрагама, Ісака і Ізраіля, бацькоў нашых! захавай гэта навек, гэтую прыхільнасьць думак сэрца народу Твайго, і накіруй сэрца іхняе да Цябе.

І дай Салямону, сыну майму, дасканальнае сэрца, дзяржаць расказаньні Твае, сьветчаньні Твае а ўставы Твае, і рабіць усе, і пастанавіць палац, да каторага я зрабіў прыгатову».
 
А Саламону, сыну майму, дай сэрца правільнае, каб захоўваць запаведзі Твае, адкрыцьці Твае і пастановы Твае, і выканаць усё гэта і пабудаваць дом, дзеля якога я зрабіў прыгатаваньне.

І сказаў Давід усёй грамадзе: «Цяпер дабраслаўце ж СПАДАРА, Бога свайго». І ўся грамада дабраславіла СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і нахінулі галавы свае, і пакланіліся СПАДАРУ й каралю.
 
І сказаў Давід усяму сходу: дабраславеце Госпада Бога нашага. І дабраславіў увесь сход Госпада Бога бацькоў сваіх, і ўпаў, і пакланіўся Госпаду і цару.

І яны абракалі аброкі СПАДАРУ, і абракалі ўсепаленьні СПАДАРУ назаўтрае па гэтым дню: тысяча цялят-бычкоў, тысяча бараноў, тысяча баранчыкаў зь іх узьліваньнямі, і множасьць аброкаў за ўсяго Ізраеля.
 
І прынесьлі Госпаду ахвяры, і ўзьнесьлі цэласпаленьні Госпаду, на другі пасьля гэтага дзень: тысячу цялят, тысячу бараноў, тысячу ягнят зь іх паліваньнямі, і мноства ахвяр ад усяго Ізраіля.

І елі й пілі гэтага дня перад СПАДАРОМ ізь вялікаю радасьцяй; і другім наваратам устанавілі за караля Салямона, сына Давідавага, і памазалі СПАДАРУ за гаспадара, а Садока за сьвятара.
 
І елі і пілі перад Госпадам у той дзень, зь вялікаю радасьцю; і другі раз уцаравалі Саламона, сына Давідавага, і памазалі перад Госпадам у кіраўніка вярхоўнага, а Садока ў сьвятара.

Тады Салямон сеў на пасад СПАДАРОЎ, як кароль, замест Давіда, айца свайго, і добра яму паводзілася, і слухаў яго ўвесь Ізраель.
 
І сеў Саламон на троне Гасподнім, як цар, замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і ўвесь Ізраіль упакорыўся яму.

І ўсі князі і дужасілы, а таксама ўсі сынове караля Давіда паддаліся Салямону каралю.
 
І ўсе начальнікі і адважнікі, таксама і ўсе сыны цара Давіда падпарадкаваліся Саламону цару.

І ўзьвялічыў СПАДАР Салямона перад ачыма ўсяго Ізраеля надзвычайна, і дараваў яго каралеўскаю славаю, якое ня было ў ні воднага караля перад ім у Ізраелю.
 
І ўзьвялічыў Гасподзь Саламона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і дараваў яму славу царства, якой ня меў да яго ніводзін цар у Ізраіля.

Гэтак Давід Есянок караляваў над усім Ізраелям.
 
І Давід, сын Есэеў, цараваў над усім Ізраілем.

І часу караляваньня ягонага над Ізраелям сорак год: у Гэўроне караляваў ён сем год і ў Ерузаліме трыццаць тры гады.
 
Часу цараваньня яго над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады.

І ён памер у добрым старым веку, поўны дзён, багацьця а славы; і Салямон, сын ягоны, закараляваў замест яго.
 
І памёр у добрай старасьці, насычаны жыцьцём, багацьцем і славаю, і зацараваў Саламон, сын ягоны, замест яго.

І справы караля Давіда, першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Самуйлы відзеньніка, і ў кнізе Нафана прарокі, і ў кнізе Ґада, відзені маючага,
 
Дзеі цара Давіда, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самуіла празорліўца і ў запісах Натана прарока і ў запісах Гада празорліўца,

З усім караляваньням ягоным, і з магутнасьцю ягонаю, і з часамі, што мінулі над ім, і над Ізраелям, і над усімі каралеўствамі краёў.
 
як роўна і ўсё цараваньне ягонае, і мужнасьць ягоная, і здарэньні, якія былі зь ім і зь Ізраілем, і з усімі зямнымі царствамі.