1 Дзеля таго, маючы з міласэрдзя Божага гэтае паслугаваньне, ня падаем духам.
2 Наадварот, мы стрымліваемся ад скрытых учынкаў сораму, ня кідаемся ў хітрыкі, ды не фальшуем Слова Божага, але адкрытым вяшчэньнем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленьню кожнага чалавека.
3 Калі нашае Эвангельле закрытае, дык закрытае для тых, што ідуць на загубу,
4 няверучым, каторым баговішча гэтага сьвету засьляпіў розум, каб ня зьзяла для іх сьвятло Эвангельля славы Хрыста, каторы ёсьць вобразам нябачнага Бога.
5 Бо мы не саміх сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса, Госпада; а мы — вашыя слугі праз Езуса.
6 Бо Бог, каторы загадаў: "Хай з цемры засьвеціць сьвятло", — сам асьвяціў нашыя сэрцы, каб асьвяціць нас пазнаньнем хвалы Божай у вобліку Езуса Хрыста.
7 Але мы гэты скарб носім у гліняных пасудзінах, каб было відаць, што гэтая вялізарная моц ад Бога, а не ад нас паходзіць.
8 Мы зусюль уцісканыя, але не прыдушаны; жывём у праблемах, але ня ў роспачы;
9 церпім перасьледваньні, але не пакінутыя; мы паваленыя, але ня гінем;
10 заўсёды носім у целе нашым кананьне Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў целе нашым.
11 Бо мы, каторыя жывём, заўсёды выдаваныя на сьмерць дзеля Езуса, каб і жыцьцё Езуса выявілася ў нашым сьмяротным целе.
12 Так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
13 А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: "Я ўверыў, і таму прамовіў", і мы верым, і таму гаворым,
14 ведаючы, што Той, хто ўваскрасіў Госпада Езуса, таксама і нас уваскрасіць з Езусам ды паставіць разам з вамі.
15 Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасьць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць на хвалу Богу.
16 Таму мы і не губляем надзеі, бо хоць наш вонкавы чалавек зьнішчаецца, то аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.
17 Бо малое цяперашняе цярпеньне рыхтуе нам невымоўную і вечную хвалу ў будучым веку.
18 Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо відомыя рэчы -часовыя, а нябачныя — вечныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Карынцянаў, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
