Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.
 
І зноў пачаў навучаць каля мора. І вось, сабраўся вакол Яго велізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўвесь натоўп стаяў на беразе кругом мора.

І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у вучэньні Сваім:
 
І навучаў іх многаму ў прыпавесцях, і казаў ім у Сваёй навуцы:

«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
 
«Слухайце. Вось, выйшаў сейбіт на сяўбу.

І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.
 
І сталася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі яго.

Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;
 
Другое ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і хутка ўзышло, бо глеба была неглыбокая;

а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.
 
і, калі паднялося сонца, звяла, бо не мела карэнняў, і высахла.

А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.
 
А іншае ўпала ў церні, і выраслі церні ды заглушылі яго, і не дало яно плода.

А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно — трыццаць, адно — шэсьцьдзясят, і адно — сто».
 
Яшчэ іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод: узышло, і вырасла, і ўрадзіла: адно трыццаць, другое шэсцьдзесят, трэцяе сто».

І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
 
І казаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».

Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.
 
І, калі Ён застаўся адзін, тыя, што разам з дванаццаццю з Ім былі, пыталіся ў Яго адносна прыпавесцей.

І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,
 
І казаў Ён ім: «Вам дадзена таямніца Валадарства Божага; а тым, якія звонку, усё стаецца ў прыпавесцях,

каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».
 
хаця тыя, што глядзяць, глядзяць і не бачаць, і тыя, што слухаюць, слухаюць і не разумеюць, і не навяртаюцца, і не атрымліваюць адпушчэння грахоў».

І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?
 
І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?

Сейбіт слова сее.
 
Сейбіт — хто слова сее.

Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.
 
А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў іх слова.

Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,
 
А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,

але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.
 
але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт і пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.

А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,
 
А тыя, што ў цернях пасеяны, тыя слухаюць слова,

але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
 
але клопаты веку і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.

А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — сто».
 
А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін — трыццаць, другі — шэсцьдзесят, а трэці — сто».

І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?
 
І казаў ім: «Ці на тое прыносіцца свечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Няўжо не на тое, каб была пастаўлена на падсвечніку?

Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.
 
Бо няма нічога таемнага, каб не было аб’яўлена, ды нічога таемнага, каб не стала вядомым.

Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
 
Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае».

І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.
 
Далей казаў ім: «Зважайце на тое, што слухаеце! Якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць ды дададуць вам [, якія слухаеце].

Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».
 
Бо хто мае, таму будзе дададзена, а хто не мае, дык і тое, што мае, адымуць у яго».

І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.
 
І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.

І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.
 
І ці ён спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.

Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
 
Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.

Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».
 
І, калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».

І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?
 
І казаў: «Да чаго падобна Валадарства Божае? Або якою прыпавесцю выявім гэта?

Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;
 
Як гарчычнае зерне, калі пасеяна ў зямлю, ёсць найменшым з усіх зерняў на зямлі;

а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў ценю яго».
 
а калі пасеянае ўзыходзіць, становіцца большым ад усіх гароднін і выпускае галіны вялікія, так што нябесныя птушкі могуць хавацца ў яго засені».

І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,
 
І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, на колькі маглі яны зразумець,

і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.
 
ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням асобна выясняў усё.

І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».
 
Таго ж дня, калі настаў вечар, гаворыць ім Ісус: «Пераплывём на другі бераг».

І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.
 
Адправіўшы людзей, як Ён быў у лодцы, так і ўзялі Яго; і іншыя лодкі былі з Ім.

І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].
 
І ўзняўся вялікі вятруга, ды хвалі пачалі біць у лодку, так што лодку залівала.

А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»
 
А Ён спаў на карме на падушцы. І будзяць тады Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе не рупіць, што мы гінем?»

І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.
 
І, падняўшыся, прыгразіў ветру ды сказаў мору: «Замоўкні, суцішся!» Дык спыніўся віхор, і стала вялікая ціша.

І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»
 
Адазваўся да іх: «Чаму вы такія палахлівыя, не маеце яшчэ веры?»

І яны спалохаліся страхам вялікім, і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»
 
А яны састрашыліся вялікім страхам ды казалі адзін аднаму: «Хто ж гэта такі, што вецер і мора Яго слухаюць?»