Марка 10 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Устаўшы адтуль, прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам. І зноў зьбіраецца вакол Яго натоўп, і Ён, як меў звычай, зноў навучаў іх.
І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, і зноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх ізноў.
І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго: «Ці можна мужу кінуць жонку?»
І, падышоўшы, фарысеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці належыць мужу пакідаць жонку?»
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «А што загадаў вам Майсей?»
Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?»
Яны ж сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэткае прыказаньне.
Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад.
Але на пачатку стварэньня мужчынай і жанчынай стварыў іх Бог.
Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Ён.
Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй,
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю,
і будуць двое адным целам; дык іх ужо ня двое, але адно цела.
ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела.
Што вось Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае».
І ў доме вучні Ягоныя зноў пра тое самае пыталіся ў Яго.
І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.
І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць з ёю.
І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць.
І калі жонка пакіне мужа свайго і пойдзе за іншага — чужаложыць».
І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, — чужаложыць».
І прыносілі дзетак да Яго, каб Ён дакрануўся да іх; вучні ж забаранялі тым, што прыносілі.
І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.
Бачачы гэта, Ісус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэтакіх ёсьць Валадарства Божае.
Бачачы гэта, Ісус абурыўся на іх і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: хто ня прыйме Валадарства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго».
Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».
І, прытуліўшы іх і ўсклаўшы на іх рукі, дабраславіў іх.
І туліў іх да Сябе, і ўскладаў на іх рукі, і дабраславіў іх.
І калі выходзіў у дарогу, нехта, падбегшы і ўпаўшы перад Ім на калені, спытаўся ў Яго: «Настаўнік добры! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
Калі Ісус выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
Ведаеш прыказаньні: “Не чужалож”, “Не забівай”, “Не крадзі”, “Ня сьведчы фальшыва”, “Не рабі крыўды”, “Шануй бацьку твайго і маці”».
Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці».
А ён, адказваючы, сказаў Яму: «Настаўнік, усё гэта я захаваў ад юнацтва майго».
А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё выконваў ад маленства свайго».
Ісус жа, паглядзеўшы на яго, узьлюбіў яго і сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь, ідзі за Мною, узяўшы крыж».
Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь [, узяўшы крыж,] і ідзі за Мною».
Той жа, спахмурнелы ад гэтага слова, адыйшоўся сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць.
І Ісус, паглядзеўшы вакол, кажа вучням Сваім: «Як цяжка тым, што маюць грошы, увайсьці ў Валадарства Божае».
І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае».
Вучні аслупянелі дзеля словаў Ягоных. Але Ісус зноў, адказваючы, кажа ім: «Дзеці, як цяжка ўвайсьці ў Валадарства Божае тым, хто ўскладае надзею на багацьце.
Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка [тым, хто ўскладае надзею на багацце,] ўвайсці ў Валадарства Божае.
Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Валадарства Божае».
Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».
А яны яшчэ больш дзівіліся, гаворачы між сабою: «Хто ж тады можа быць збаўлены?»
А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?»
Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але ня ў Бога, бо ў Бога ўсё магчыма».
Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма».
І Пётар пачаў гаварыць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою».
Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».
Адказваючы, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або маці, або жонку, або дзяцей, або палі дзеля Мяне і дзеля Эвангельля,
Гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або маці, або бацьку, або сыноў, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
і не атрымаў бы цяпер, у гэты час, сярод перасьледаваньняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў будучым веку — жыцьцё вечнае.
каб ён не атрымаў цяпер, у гэты час, сярод пераследаванняў, у сто разоў больш дамоў, і братоў, і сясцёр, і маці, і сыноў, і палёў, а ў будучым веку — жыццё вечнае.
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».
Калі яны былі ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў наперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы зноў Дванаццаць, пачаў гаварыць ім пра тое, што з Ім мае здарыцца:
І былі ў дарозе, уваходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца:
«Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам,
«Вось жа, уваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам,
і будуць зьдзекавацца з Яго, будуць бічаваць Яго і пляваць на Яго, і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне».
і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але праз тры дні Ён уваскрэсне».
І падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Заўдыя, кажучы: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам, пра што будзем прасіць».
І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе».
Ён жа сказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?»
Спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?»
Яны ж сказалі Яму: «Дай нам, каб нам сесьці аднаму праваруч Цябе, а другому — леваруч Цябе ў славе Тваёй».
Яны ж сказалі: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому — леваруч у славе Тваёй».
Ісус жа сказаў ім: «Ня ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?»
Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?»
Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус жа сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.
Але сесьці праваруч Мяне або леваруч Мяне не Мая [справа] даваць, але каму падрыхтавана».
Але сядзець праваруч Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але Кім прыгатавана».
І, пачуўшы, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.
Ісус жа, паклікаўшы іх, гаворыць ім: «Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і магнаты іхнія маюць уладу над імі.
І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.
У вас няхай будзе ня гэтак, але хто хоча стацца між вамі большым, няхай будзе служыцелем вашым.
Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым паслугачом.
І хто хоча ў вас стацца першым, няхай будзе слугою ўсіх.
І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе паслугачом усіх.
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх».
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму паслугавалі, але каб паслугаваць і даць душу Сваю на адкупленне многіх».
І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сьляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе, жабруючы.
І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.
І, пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэту, пачаў крычаць і казаць: «Ісусе, Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
Пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэта, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
І сварыліся многія на яго, каб замаўчаў, але ён тым мацней закрычаў: «Сыне Давідаў, зьлітуйся нада мною!»
І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!»
І, спыніўшыся, Ісус сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, гаворачы яму: «Будзь пэўны, уставай, кліча цябе».
І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе».
Ён, пакінуўшы адзеньне сваё, устаў і прыйшоў да Ісуса.
Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса.
І, адказваючы, гаворыць яму Ісус: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сьляпы сказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».
І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Рабоні, каб мне бачыць».
Ісус жа сказаў яму: «Ідзі, вера твая збавіла цябе». І адразу ён стаў бачыць, і пайшоў за Ісусам па дарозе.
І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ім па дарозе.