Ёва 37 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ад гэтага дрыжыць сэрца маё, і яно зрушылася з месца свайго.
 
І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго.

Слыхам слухайце гук голасу Ягонага і грымот, які выходзіць з вуснаў Ягоных.
 
Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных.

Пад усім небам Ён пускае яго, і бляск Ягоны — аж да краю зямлі.
 
Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны — да краёў.

За ім грыміць голас, грыміць голас велічы Ягонай, і Ён не спыняе яго, пакуль ня будзе пачуты голас Яго.
 
За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты.

Грыміць Бог голасам страшным Сваім, і чыніць рэчы вялікія і незразумелыя.
 
Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя.

Ён гаворыць сьнегу: “Зыйдзі на зямлю”, залеве дажджовай: “Будзь залевай дажджу вялікага”.
 
Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе.

Ён кладзе пячатку на руку кожнага чалавека, каб усе людзі ведалі справы Ягоныя.
 
Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго.

І зьвер хаваецца ў логавішча і жыве ў пячоры сваёй.
 
Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах.

З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — холад.
 
З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы — сьцюжа.

З подыху Божага зьяўляецца лёд, і паверхня вады ільдом сьціскаецца.
 
Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца.

Вільгацьцю Ён напаўняе аблокі, і хмары разганяе сьвятлом Сваім.
 
Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае,

І асьвятляе яно ўсё кругом паводле волі Ягонай, каб рабіць усё, што загадае Ён на абліччы сусьвету.
 
і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі.

Ці то на пакараньне зямлі, ці то дзеля міласэрнасьці Ён наводзіць яго.
 
Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня.

Прыхілі вуха да гэтага, Ёве, і стань, і паразважай пра цуды Божыя.
 
Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя.

Ці ты ведаеш, як загадвае Бог, каб хмары Ягоныя заясьнелі сьвятлом?
 
Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго?

Ці ведаеш ты, як падвешаны аблокі, і пра цуды Таго, Хто ў веданьні дасканалы?
 
Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні?

Ці не награваецца адзеньне тваё, калі зямля супачывае ад ветру паўднёвага?
 
Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня?

Ці ты з Ім расьцягнуў аблокі, моцныя, як люстэрка, адлітае [з мэталю]?
 
Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра?

Навучы нас, што маем сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры ня можам прадставіць [справу нашую].
 
Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць.

Хто раскажа Яму тое, што я прамаўляю? Ці скажа хто Яму, каб ня быць зьнішчаным?
 
Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму?

І цяпер ня бачым мы сьвятла за хмарамі, але пройдзе вецер і разгоніць іх.
 
Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх.

З поўначы прыходзіць [яснасьць] залатая, і вакол Бога — велічнасьць страшлівая.
 
Сьветлае надвор’е прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць.

Усемагутнага знайсьці мы ня можам: Ён — магутны ў сіле, судзе і праведнасьці, але не прыгнятае нікога.
 
Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце.

Дзеля таго няхай баяцца Яго людзі, бо Ён не зважае на ўсіх мудрых сэрцам».
 
Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!