Ёва 41 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш.
Марная надзея: ці не ўпадзеш ад аднаго позірку ягонага?
Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім?
Няма такога адважніка, які асьмеліўся б патрывожыць яго; хто ж можа ўстояць прад Маім абліччам?
Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой.
Хто апярэдзіў Мяне, каб Я даваў яму? пад усім небам усё Маё.
Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю.
Ня змоўчу пра чэлесы ягоныя, пра сілу і прыгожую суразьмернасьць іх.
Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных?
Хто можа адхінуць верх вопраткі ягонай, хто падыдзе да двайных сківіцаў ягоных?
Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах!
Хто можа адчыніць дзьверы твару ягонага? кола зубоў ягоных — жудасьць;
Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.
моцныя шчыты яго — цудота: яны змацаваныя як бы цьвёрдаю пячаткаю;
Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе.
адзін да аднаго дакранаюцца блізка, так што і паветра не праходзіць паміж імі;
Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх.
адзін з адным ляжаць шчыльна, счапіліся і не размыкаюцца.
Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы.
Ад яго чханьня паказваецца сьвятло; вочы ў яго як вейкі зары;
З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя.
з пашчы ягонай выходзяць агнявікі, выскокваюць вогненныя іскры;
З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць.
з ноздраў ягоных выходзіць дым, як з раскіпелага горшчыка альбо катла.
Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя.
Дыханьне яго распаляе вугольле, з пашчы яго шугае полымя.
У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае.
На шыі ў яго жыве сіла, і перад ім бяжыць жах.
Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца.
Мясістыя часткі цела ягонага спалучаны між сабою цьвёрда, не здрыгануцца.
Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы.
Сэрца ў яго цьвёрдае, як камень, і жорсткае, як ніжні жарон.
Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху.
Калі ён падымаецца, дужыя ў страху, зусім губляюцца ад жаху.
Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна.
Меч, які крануўся яго, ня ўстоіць, ні кап’ё, ні дзіда, ні латы.
Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое.
Жалеза ён мае за салому, медзь — за гнілое дрэва.
Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена.
Дачка лука не паверне яго наўцёкі; прашчавыя камяні ператвараюцца для яго ў плеўкі.
Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць.
Булава лічыцца ў яго за саломіну; са сьвісту дзіды ён сьмяецца.
Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце.
Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць у гразі.
Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень.
Ён кіпяціць багну, як кацёл, і мора перавтварае ў кіпучую мазь;
За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною.
пакідае за сабою сьветлую сьцежку; бездань здаецца сівізнай.
Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным.
Няма на зямлі падобнага на яго: ён створаны бясстрашным;
На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці».
на ўсё высокае глядзіць адважна; ён цар над усімі сынамі ганарлівасьці.