Ёва 32 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І перасталі тыя тры чалавекі адказваць Ёву, бо ён быў праведны ў вачах сваіх.
Калі тыя трое мужоў перасталі адказваць Ёву, бо ён быў слушны ў вачах сваіх,
І ўзгарэўся гневам Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, з роду Рама. І запалаў ён гневам на Ёва, бо той лічыў душу сваю больш праведнай за Бога.
тады загарэўся гнеў Эліуя, сына Варахіілавага, Вузіцяніна з племя Рамавага: загарэўся гнеў ягоны на Ёва за тое, што ён апраўдваў сябе больш, чым Бога,
І запалаў гнеў ягоны таксама на сяброў ягоных, што не знайшлі яны адказу яму, але [толькі] вінавацілі Ёва.
а на трох сяброў ягоных загарэўся гнеў ягоны за тое, што яны не знайшлі што адказаць, а тым часам вінавацілі Ёва.
І чакаў Элігу, калі Ёў гаварыў, бо яны былі старэйшымі за яго днямі.
Эліуй чакаў, пакуль Ёў гаварыў, бо яны гадамі былі старэйшыя за яго.
І ўбачыў Элігу, што тыя тры ня маюць адказу ў вуснах сваіх, і запалаў гнеў ягоны.
Калі ж Эліуй убачыў, што няма адказу ў вуснах тых трох мужоў, тады загарэўся гнеў ягоны.
І адказаў Элігу, сын Барахеэля Бузяніна, і сказаў: «Я — малодшы за вас днямі, а вы — старэйшыя, дзеля гэтага я вагаўся і баяўся выказваць вам думку сваю.
І адказваў Эліуй, сын Варахіілаў, Вузіцянін, і сказаў: я малады гадамі, а вы — старцы; таму я нясьмеліўся і баяўся казаць вам, што думаю.
Я казаў сабе: “Няхай [многія] дні гавораць, і няхай шматгадовы вучыць мудрасьці”.
Я гаварыў сам сабе: няхай гавораць дні, і мнагалецьце навучае мудрасьці.
Але дух ёсьць у чалавеку і дыханьне Усемагутнага дае яму разуменьне.
Але дух у чалавеку і дыханьне Ўсеўладнага дае яму разуменьне.
Не [заўсёды] шматгадовы — мудры, і ня [толькі] старыя разумеюць суд.
Не шматгадовыя толькі мудрыя, і не старыя разумеюць праўду.
Таму я кажу: “Паслухайце мяне, і я выкажу веданьне сваё”.
Таму я кажу: выслухайце мяне, абвяшчу вам сваю думку і я.
Вось, чакаў я на словы вашыя, і настаўляў вуха на разумнасьць вашую, пакуль вы шукалі словаў,
Вось, я чакаў слоў вашых, услухоўваўся ў меркаваньні вашыя, пакуль вы прыдумлялі, што сказаць.
і намагаўся, каб мне зразумець вас. І вось, няма такога, хто аспрэчыць Ёва, і хто можа адказаць на словы ягоныя.
Я пільна глядзеў на вас, ніхто з вас не выкрывае Ёва і не адказвае на словы яго.
Не кажыце: “Мы знайшлі мудрасьць. Няхай Бог пераможа яго, а не чалавек”.
Ня скажэце: мы знайшлі мудрасьць: Бог абвергне яго, а не чалавек.
Ня супраць мяне словы [Ёва], і не паводле словаў вашых адкажу яму.
Калі б ён зьвяртаў словы да мяне, дык я ня вашымі словамі адказваў бы яму.
Яны спалохаліся, і не адказваюць болей, і ня маюць ужо словаў.
Спалохаліся, не адказваюць болей: перасталі гаварыць.
Яшчэ пачакаў я, яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі.
І як я чакаў, а яны ня кажуць, спыніліся і не адказваюць болей,
Я таксама адкажу ў сваю чаргу, і выкажу думку маю.
дык і я адкажу ад сябе, абвяшчу сваю думку і я.
Бо я поўны словаў, і сьціскае дыханьне ў-ва мне дух мой.
Бо я поўны словамі, і дух ува мне цісьне мяне.
Таксама нутро маё, як віно закаркаванае, што разрывае новыя мяхі.
Вось, нутрына мая, як віно неадчыненае: яна гатовая прарвацца, нібы новыя мяхі.
Няхай я скажу і стане лягчэй крыху, адкрыю вусны мае і адкажу.
Пагавару, і палегчае мне; адкрыю вусны мае і адкажу.
Ня буду зьвяртаць увагі на асобу, і ня буду патураць чалавеку,
На твар чалавека глядзець ня буду і ніякаму чалавеку лісьлівіць ня буду,
бо ня ўмею лісьлівіць, іначай няхай адразу возьме мяне Творца мой.
бо я ня ўмею лісьлівіць: цяпер забі мяне, Творца мой.