Ёва 34 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І гаварыў Элігу, і сказаў:
 
І гаварыў далей Эліуй і сказаў:

«Мудрыя, слухайце словы мае, і знаўцы, прыхіліце вушы да мяне.
 
выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!

Бо вуха выспрабоўвае словы, як паднябеньне смакуе страву.
 
Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.

Разьбяромся між сабою, што слушнае, і зразумеем, што добрае.
 
Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.

Бо Ёў сказаў: “Я — праведны, а Бог пазбавіў мяне суду.
 
Вось, Ёў сказаў: «праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.

Ці буду я казаць хлусьліва пра праўду маю? Небясьпечная рана мая, а я без віны”.
 
Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны».

Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е зьнявагі, як ваду,
 
Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е глум, як ваду,

і ідзе разам са злачынцамі, і ходзіць з людзьмі бязбожнымі?
 
уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?

Бо ён сказаў: “Няма карысьці чалавеку, калі ён дагаджае Богу”.
 
Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.

Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Бог далёкі ад няправасьці, і Усемагутны — ад беззаконьня.
 
Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва Ўсеўладнага неправасуддзя,

Бо Ён паводле ўчынкаў аднагароджвае чалавеку, паводле шляхоў кожнага аднагароджвае яму.
 
бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.

Сапраўды, Бог ня чыніць несправядлівасьці, і Усемагутны не перакручвае суд.
 
Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і Ўсеўладны не перакручвае суд.

Хто даручыў Яму зямлю? Хто паставіў Яго над усім сусьветам?
 
Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?

Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца Сваё, і ўзяў да Сябе Духа Свайго і дыханьне Сваё,
 
Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, —

тады загінула б кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно.
 
раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.

Калі ты маеш розум, паслухай гэта, прыхілі вуха на голас словаў маіх.
 
Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.

Ці той, хто ненавідзіць суд, можа кіраваць? Ці асудзіш ты Найправеднейшага?
 
Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?

Ці можна сказаць валадару: “Нягоднік”, або начальнікам: “Бязбожнікі”.
 
Ці можна сказаць цару: ты — бязбожнік, і князям: вы — беззаконьнікі?

Але Ён не глядзіць на абліччы князёў і ня лічыць багатага вышэй за ўбогага. Бо ўсе яны — творы рук Ягоных.
 
Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.

Неспадзявана паміраюць яны, і сярод ночы паўстае народ, і яны зьнікаюць, і моцных выганяюць не рукой [чалавека].
 
Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.

Бо вочы Ягоныя — над шляхамі чалавека, і Ён бачыць усе крокі ягоныя.
 
Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.

Няма цемры, ані змроку, каб там маглі схавацца злачынцы.
 
Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.

Бо Ён не прызначае чалавеку тэрмін, каб той ішоў да Бога на суд.
 
Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.

Ён зьнішчае магутных без запытаньня і на іх месца стаўляе іншых.
 
Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,

Ён ведае ўчынкі іхнія і скідвае іх ноччу, і яны гінуць.
 
бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.

Ён ударае іх за бязбожнасьць іхнюю на бачным месцы
 
Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,

за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не разумелі ўсіх шляхоў Ягоных.
 
за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,

Бо дайшоў да Яго крык убогіх, і Ён пачуў стагнаньне прыгнечаных.
 
так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.

Калі Ён супакоіць, хто можа асудзіць? Калі схавае аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Будзе гэта і для народу, і для аднаго чалавека,
 
Ці даруе ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,

каб не валадарыў чалавек нягодны і ня быў ён пасткай для народу.
 
каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.

Трэба казаць да Бога: “Я нясу [пакараньне], ня буду больш грашыць.
 
Богу трэба гаварыць: «я пацярпеў, больш ня буду грашыць.

Чаго я ня бачу, Ты навучы мяне. Калі я зрабіў злачынства, болей гэтага рабіць ня буду”.
 
А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду».

На [думку] тваю, ці павінен Ён адплаціць [табе], бо ты адкідаеш [гэта]? Бо ты сам, а ня я выбіраеш [казаць гэта]. А калі ведаеш што [больш], скажы.
 
Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.

Людзі разумныя скажуць мне, і чалавек мудры, які слухае мяне, [прамовіць]:
 
Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:

“Ёў неразумна кажа, і словы ягоныя без разуменьня”.
 
Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.

Няхай будзе Ёў дасьледаваны да канца, паводле адказаў ягоных, якія ўласцівыя людзям беззаконным.
 
Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.

Бо ён дадае да грахоў сваіх правіну, і сярод нас пляскае ў далоні, і памнажае прамовы свае супраць Бога».
 
Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.