Ёва 6 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І адказаў Ёў, і сказаў:
І адказваў Ёў і сказаў:
«О, каб было ўзята на вагу гора маё, і разам з ім былі ўзважаны пакуты мае!
о, калі б правільна былі ўзважаныя мае енкі, і разам зь імі паклалі на шалі пакуту маю!
Цяпер вось яно цяжэйшае за пясок марскі, таму неразважныя словы мае.
Яна пэўна пераважыла б пясок марскі! Таму словы мае палкія.
Бо стрэлы Усемагутнага ў-ва мне, і атруту іхнюю п’е дух мой, і страхі Божыя ваююць супраць мяне.
Бо стрэлы Ўсемагутнага ўва мне; яд іх п’е дух мой; жудасьці Божыя паўсталі супроць мяне.
Ці будзе раўсьці асёл, маючы траву? Або ці будзе рыкаць вол, стоячы пры поўным жолабе?
Ці раве дзікі асёл на траве? ці рыкае бык каля мяшанкі сваёй?
Ці ж нехта будзе есьці нясмачнае, якое не пасолена? Або ці можа смакаваць бялок яечны?
Ці нясмачнае ядуць без солі, і ці ёсьць смак у яечным бялку?
Тое, чаго раней не хацела дакрануцца душа мая, цяпер у хваробе сталася ежай для мяне.
Да чаго не хацела дакрануцца душа мая, тое і ёсьць агідная ежа мая.
Хто зробіць, каб споўнілася жаданьне маё, і тое, чаго чакаю, ці дасьць мне Бог?
О, калі б збылося жаданьне маё, і спадзяваньне маё спраўдзіў Бог!
Няхай Бог раструшчыць мяне, няхай працягне руку Сваю і зьнішчыць мяне!
О, калі б узычыў Бог зламаць мяне, працягнуў руку і пабіў мяне!
Няхай будзе гэта пацехай маёй, і я буду радавацца ў мучэньнях маіх, бо не пагардзіў словамі Сьвятога.
Гэта было б яшчэ радасьцю мне, і я мацаваўся б у маёй бязьлітаснай хваробе, бо я ня зрокся словаў Сьвятога.
Якая сіла мая, каб вытрываць усё гэта? Або які канец мой, каб цярпліва перанесьці ўсё гэта.
Якая сіла ў мяне, каб спадзявацца мне? і які канец, каб доўжыць мне жыцьцё маё?
Ці цьвёрдасьць камяня — гэта сіла мая? Або ці цела маё з медзі?
Ці цьвёрдасьць камянёў — цьвёрдасьць мая? ці медзь — плоць мая?
Ці я маю дапамогу для сябе і ці ёсьць для мяне ратунак?
Ці ёсьць ува мне дапамога мне, і ці ёсьць мне якая апора?
Хто ня зьявіць сябру свайму міласэрнасьць? Хіба той, хто не баіцца Усемагутнага?
спрагненаму павінна быць спагада сябра ягонага, калі толькі ён не адкінуў страху прад Усеўладным.
Браты мае здрадзілі мяне, як рэчышчы ручаёў, якія зьнікаюць.
Але браты мае няверныя, як паток, як хуткаплынныя ручаі,
Яны чарнеюць ад лёду, калі спадзе на іх сьнег,
якія чорныя ад лёду і ў якіх зьнікае сьнег.
а ў час, калі сушыць, яны высыхаюць, і ў сьпякоту зьнікаюць з месца свайго.
Калі робіцца цёпла, яны ападаюць, а ў сьпёку зьнікаюць зь месцаў сваіх.
І зводзяць яны падарожнікаў са шляхоў іхніх, і тых, што вандруюць праз пустыню, губяць.
Ухіляюць яны кірунак шляхоў сваіх, заходзяць у пустыню і чэзнуць;
Падарожныя з Тэмы шукаюць праходу да іх, і вандроўнікі з Шэвы ўскладаюць надзею на іх,
глядзяць на іх дарогі Тэмайскія, спадзяюцца на іх шляхі Савэйскія,
і расчароўваюцца ў спадзяваньні сваім, прыйшлі туды і набраліся сораму.
але застаюцца пасаромленыя ў сваёй надзеі: прыходзяць туды і ад сораму чырванеюць.
Такія і вы для мяне цяпер: убачылі няшчасьце маё і напоўніліся страхам.
Так і вы цяпер нішто: убачылі страшнае і спалохаліся.
Ці ж я прасіў вас: “Прынясіце мне штосьці, і з маёмасьці вашай падаруйце мне.
Ці не казаў я: дайце мне, і ад дастатку вашага заплаціце за мяне;
Вызваліце мяне з рукі ворага і вырвіце мяне з рукі прыгнятальніка”?
і выбаўце мяне ад рукі ворага, і ад рукі катаў выкупіце мяне?
Навучыце мяне, а я памаўчу, і калі я заблукаў, растлумачце мне.
Навучэце мяне, і я замоўкну; пакажэце, у чым я зграшыў.
Якія балючыя словы праўды! Але што даводзяць дакараньні вашыя?
Якія моцныя словы праўды! Але што даказваюць выкрываньні вашыя?
Вы прыдумляеце словы на абвінавачваньне, але на вецер пускаеце словы вашыя.
Вы прыдумваеце казані дзеля выкрыцьця? На вецер пускаеце словы вашыя.
На сірату вы нападаеце і робіце шкоду сябру вашаму.
Вы нападаеце на сірату і капаеце яму сябру вашаму.
Цяпер, прашу, паслухайце мяне, бо на вачах вашых не скажу няпраўды.
Але прашу вас, зірнеце на мяне; ці ж буду я казаць няпраўду перад абліччам вашым?
Паверце, няма тут падману! Паверце, я трымаюся праведнасьці сваёй.
Перагледзьце, ці ёсьць няпраўда? перагледзьце, — праўда мая.
Ці гавару я няпраўду? Ці паднябеньне маё ня цяміць, што ёсьць ліхотай?
Ці ёсьць на языку маім няпраўда? Няўжо горла маё ня можа адрозьніць горычы?