Ёва 12 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І адказаў Ёў, і сказаў:
І адказваў Ёў і сказаў;
«Сапраўды, вы — толькі людзі, і з вамі памрэ мудрасьць вашая.
а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць!
І я маю розум, як вы, і нічым я ад вас ня горшы. І хто ня ведае пра гэта?
І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага.
Насьмешкай я стаўся для сяброў маіх, што я клічу Бога, каб Ён выслухаў мяне. Сьмешная праведнасьць нявіннага [чалавека].
Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам — чалавек праведны, беспахібны.
Пагарджаюць няшчасьцем тыя, што жывуць у супакоі, яны гатовыя папхнуць таго, у каго ногі хістаюцца.
Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца.
Спакойныя намёты рабаўнікоў, і бясьпечныя тыя, што гнявяць Бога, іх быццам Бог вядзе за руку.
Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх.
Запытайся жывёлу, і тая навучыць цябе, і птушак нябесных, і яны скажуць табе.
А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, — у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе;
Запытайся зямлі, і яна патлумачыць табе, і раскажуць табе рыбы марскія.
альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія.
Хто з іх усіх ня ведае, што рука ГОСПАДА ўчыніла ўсё гэта?
Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта.
У руцэ Ягонай душа ўсяго жывога, і дух усякага цела чалавечага Ён трымае.
У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці.
Ці ж ня вуха разумее словы, і ці ж не паднябеньне пазнае смак ежы?
Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы?
Старыя маюць мудрасьць, а хто жыве доўга — разуменьне.
У старцах — мудрасьць, і ў даўгавечных — розум.
У [Бога] — мудрасьць і сіла, Ён мае раду і разуменьне.
У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум.
Вось, Ён зруйнуе, і ніхто не адбудуе, Ён увязьніць чалавека, і нельга вызваліць.
Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца.
Вось, Ён спыняе воды, і яны высыхаюць, а калі Ён пусьціць іх, яны зямлю спустошаць.
Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю.
У Яго — моц і цьвярозы розум, Ён [ведае] падманутага і ашуканца.
У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду.
Ён робіць босымі дарадцаў і ў судзьдзяў адбірае разум.
Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі.
Ён разьвязвае ярмо валадароў і вяроўкай абвязвае сьцёгны іхнія.
Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім;
Ён робіць босымі сьвятароў і магнатаў скідае.
князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных;
Ён закрывае вусны верных і старых пазбаўляе разважлівасьці.
адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду;
Ён вылівае пагарду на шляхетных, аслабляе пояс адважных.
пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе;
Ён выяўляе тое, што схаванае ў цемры, і ўсё цёмнае асьвятляе.
адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны;
Ён народ узьвялічвае і нішчыць, пашырае народы і губіць.
памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх;
Ён забірае розум у начальнікаў народаў зямлі, і дае ім блукаць па пустых бездарожжах.
адбірае розум у старэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі;
Яны ходзяць навобмацак у цемры, і сьвятла ня маюць, і хістаюцца яны, як п’яныя.
вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п’яныя.