Ёва 41 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш.
Вось жа, надзея яго падмане яго: ён згіне ад аднаго выгляду яго.
Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім?
Няма такіх смелых, каб патрывожыць яго, дык хто тады можа ўстаяць перад абліччам Маім?
Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой.
Хто прыступіўся да яго і застаўся цэлым? Ну хто ж пад усім небам?
Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю.
Не буду маўчаць пра члены яго і раскажу пра сілу і прыгажосць іх.
Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных?
Хто адхіне верх адзення яго, і хто падойдзе да падвойных сківіц яго?
Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах!
Хто адчыніць браму аблічча яго? Навокал зубоў яго — жах!
Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.
Цела яго, як літыя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай.
Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе.
Адзін з адным злучаюцца, нават паветра праз іх не пройдзе.
Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх.
Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, што не разлучацца.
Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы.
Як чхне ён — святло блісне, а вочы ў яго — як павекі зараніцы.
З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя.
З пашчы яго выходзіць полымя, быццам іскры агню вылятаюць.
З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць.
З ноздраў яго выходзіць дым, як з гаршка нагрэтага і кіпячага.
Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя.
Дыханне яго распальвае вуглі, і з пашчы яго выходзіць полымя.
У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае.
У шыі яго заўсёды сіла, і перад абліччам яго крочыць трывога.
Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца.
Мясістыя члены яго звязаны паміж сабою; сціснутыя, яны не здрыгануцца.
Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы.
Сэрца яго зацвярдзела, як камень, і стала цвёрдым, як ніжні камень млынавы.
Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху.
Калі ён устае, дрыжаць асілкі, паварочваюць назад са страху.
Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна.
Хто кінецца на яго, меч яго не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані панцыр,
Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое.
бо жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за гнілое дрэва.
Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена.
Не палохае яго стралок, у сухую сцябліну ператварыліся для яго пушчаныя камяні.
Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць.
Доўбня яму, як салома, і смяецца ён з посвісту шаблі.
Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце.
Пад ім вострыя зломкі, і ён нібы гусенічны інструмент для ўціскання балота.
Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень.
Ён глыбіню вод кіпяціць, як кацёл, і мора ператварае ў гаршчок намашчэнняў.
За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною.
За сабой пакідае светлую сцежку, і бездань будзе здавацца сівізною.
Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным.
Няма на зямлі сілы, якая прыраўнялася б да яго, ён створаны бясстрашным.
На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці».
Ён глядзіць на ўсё высокае без страху: ён сам — валадар над усімі сынамі пыхлівасці».