Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Склікаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі і вылечваць хваробы
 
Сазваўшы Дванаццаць Езус даў ім уладу і моц над усімі дэманамі і лячэньня хваробаў.

і паслаў іх абвяшчаць Царства Божае і вылечваць [нямоглых],
 
Паслаў іх вясьціць Каралеўства Божае і аздараўляць хворых.

і сказаў ім: Нічога не бярыце ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і не майце па два хітоны.
 
Езус сказаў ім: "Не бярыце нічога ў дарогу: ані палкі (кія), ані падарожнага мяшка, ані хлеба, ані грошы, ды ані дзьвёх вопраткаў.

І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.
 
Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся. І не выходзьце адтуль.

А калі дзе не прымуць вас, выходзячы з таго горада, абтрасіце пыл з вашых ног у сведчанне на іх.
 
А калі б хто вас не прынялі, выходзьце з тога горада, і нават пыл абтрасіце з ног вашых на доказ проціў іх.

І, выйшаўшы, яны праходўзілі па сёлах, дабравесцячы і вылечваючы ўсюду.
 
Дык яны выйшаўшы абходзілі вёскі, усюды вешчучы Добрую Навіну — Евангелію і аздараўляючы.

Пачуў жа пра ўсе выдарэнні Ірад чацвёраўладнік і не ведаў, што і думаць, бо некаторыя казалі, што Іаан быў уваскрэшаны з мёртвых,
 
Тэтрарха Гэрад пачуўшы аб усіх тых падзеях і ня ведаў, сумніваўся, што аб гэтым думаць, бо адны казалі, што гэта Ян уваскрос,

а некаторыя, што Ілія з’явіўся, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
другія ж, што Гал'яш паявіўся, а яшчэ іншыя, што хіба адзін з даўнейшых Прарокаў уваскрос.

І сказаў Ірад: Іаана я абезгаловіў. Хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? — І дамагаўся ўбачыць Яго.
 
Затым сказаў Гэрад: "Яну я галаву адсёк, хто ж тады той, аб каторым чую такія рэчы?" Ды стараўся пабачыць Яго.

А апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што зрабілі. І, узяўшы іх з Сабою, Ён падаўся асобна ў горад, званы15 Віфсаіда.
 
Па павароце Апосталы разказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Ды ўзяўшы іх з сабой адыйшоў на старану, на пустыннае месца каля Бэтсайды.

Але натоўпы, даведаўшыся, пайшлі ўслед за Ім; і Ён, прыняўшы іх, казаў ім пра Царства Божае і тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, вылечыў.
 
Калі пра гэта даведаліся грамады, пайшлі за Ім. Езус прыняў іх і навучаў аб Каралеўстве Божым, а тых, што патрабавалі лячэньня — аздараўляў.

А дзень пачаў хіліцца да вечара; і, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: Адпусці натоўп, каб, пайшоўшы ў навакольныя сёлы і вёскі, спыніліся і знайшлі ежу, бо мы тут у пустэльнай мясціне.
 
А калі ўжо наставаў вечар, падыйшлі Дванаццаць і сказалі Яму: "Адпусьці грамады, каб пайшлі ў акалічныя пасяленьні і вёскі, знайшлі дзе пераначаваць і паесьці. Бо тут знаходзімся на пустынным месцы".

Ён жа сказаў ім: Вы дайце ім есці. — Яны ж сказалі: Няма ў нас больш як пяць хлябоў ды дзве рыбы, хіба што мы пойдзем і купім яды для ўсяго гэтага народу.
 
Але Езус сказаў ім: "Вы дайце ім есьці". Але яны сказалі: "Ня маем больш нічога толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы, хіба пойдзем і купім ежы на ўсю гэту грамаду".

Бо было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў Сваім вучням: Рассадзіце іх групамі [прыблізна] па пяцьдзесят.
 
Мужчынаў жа было каля пяці тысяч. Дык сказаў Езус сваім вучням: "Распарадзіцеся, каб паселі яны групамі па пяцьдзесят".

І яны зрабілі так і рассадзілі ўсіх.
 
І яны зрабілі так — разьмясьцілі ўсіх.

Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуўшы на неба, добраславіў іх і разламаў, і даваў вучням, каб разносілі натоўпу.
 
А Езус узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы глянуў у неба, пабаславіў іх, і ламаў і даваў вучням Сваім, а яны клалі перад людзьмі.

І елі і наеліся ўсе, і назбіралі пазасталых у іх кавалкаў дванаццаць кошыкаў.
 
І елі ўсе ды наеліся. Сабрана з таго, што асталося — дванаццаць кашоў кавалкаў (астаткаў).

І сталася: калі Ён маліўся на адзіноце, з Ім былі вучні, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: Кім Мяне лічаць натоўпы?
 
Аднойчы, калі Езус сам адзін маліўся, а з Ім былі вучні Ягоныя, спытаўся ў іх: "За каго маюць Мяне людзі?"

Яны ж у адказ сказалі: Іаанам Хрысціцелем, некаторыя ж Іліёю, а іншыя, што ўваскрэс адзін са старажытных прарокаў.
 
А яны адказалі: "Адны за Хрысьціцеля, другія за Гал'яша, а іншыя за аднаго з даўнейшых уваскросшага прарока".

І сказаў ім: А вы кім Мяне лічыце? — Пётр жа у адказ сказаў: Хрыстом Божым.
 
Дык спытаўся ў іх: "А вы за каго Мяне маеце?" У адказ сказаў Сымон Пётр: "За Хрыстуса Божага".

Ён жа, забараніўшы ім, загадаў нікому гэтага не казаць,
 
Ён аднак паперадзіўшы іх загадаў, каб нікому гэтага не казалі.

сказаўшы: Сыну Чалавечаму належыць шмат выцерпець, і быць адрынутым старэйшынамі, першасвятарамі, і кніжнікамі, і быць забітым, а на трэці дзень быць ўваскрэшаным.
 
І дабавіў: "Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінутым старэйшынямі і архісьвятарамі і вучонымі, і каб быў забіты і на трэці дзень уваскрос".

І да ўсіх казаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і штодня бярэ свой крыж, і ідзе ўслед за Мною.
 
А затым усім казаў: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай вырачыцца самога сябе і хай возьме крыж свой на кожны дзень ды хай насьлядуе Мяне.

Бо хто хоча сваё жыццё16 ўратаваць, той загубіць яго17; а хто загубіць сваё жыццё дзеля Мяне, той уратуе яго.
 
А хто б хацеў жыцьцё сваё ўратаваць (спасьці), загубіць яго; а хто б загубіў жыцьцё сваё дзеля Мяне — ухавае Яго.

Бо што за карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а самога сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
 
Бо што паможа чалавеку, хоць бы ўвесь сьвет здабыў, але сябе загубіў ды сабе шкоду зрабіў.

Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Бацькавай, і святых Анёлаў.
 
Бо калі б хто саромеўся слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы засароміцца, калі прыйдзе ў велічы Сваёй і ў велічы Айца, і ў велічы сьвятых Сваіх.

Кажу ж вам па праўдзе: Некаторыя з тых, што стаяць тут, не спазнаюць смерці, як ужо ўбачаць Царства Божае.
 
Сапраўды кажу вам: "Некаторы з тут стаячых не спазнаюць (не скаштуюць) сьмерці, чым перш не пабачаць Каралеўства Божага".

І сталася: пасля гэтых слоў дзён праз восем Ён, узяўшы Пятра, Іаана і Іякава, узышоў на гару памаліцца.
 
Па васьмі меней болей днях па гэтых словах, Езус ўзяўшы Пятра і Якуба, і Яна ўзыйшоў на гару памаліцца.

І калі Ён маліўся, выгляд Яго аблічча зрабіўся іншым, Яго ўбранне — белым, бліскучым.
 
А калі маліўся аблічча Яго зьмянілася і адзеньне Яго сталася бліскуча белым.

І вось два мужы размаўлялі з Ім, гэта былі Маісей і Ілія,
 
І дзьве людзіны гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Гал'яш.

што, з’явіўшыся ў славе, казалі пра Яго адыход, які належала Яму здейсніць у Іерусаліме.
 
Яны зіхацелі ў хвале і гаварылі аб Ягоным адыходзе, якое мела адбыцца ў Ерузаліме.

Пятра ж і тых, хто быў з Ім, змарыў сон; а прачнуўшыся, яны ўбачылі Яго славу і двух мужоў, што стаялі з Ім.
 
Пётр жа і тыя, што з ім былі, былі змораны сном. А прачнуўшыся ўбачылі хвалу Ягоную і дзьвёх людзін, каторыя стаялі пры Ім.

І сталася: калі тыя адыходзілі ад Яго, Пётр сказаў Ісусу: Настаўніку, добра нам тут быць, і давайце зробім тры палаткі, адну Табе, адну Маісею і адну Іліі, — не ведаючы, што кажа.
 
Затым, калі яны адыходзілі ад Езуса, Пётр сказаў Езусу: "Вучыцелю, нам тут добра быць, зрабема тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Гал'яшу адну, але сам ня ведаў, што гаварыў.

І калі ён казаў гэта, паўстала воблака і ахінула іх; яны ж спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
 
А калі ён гэта гаварыў, явілася воблака і засланіла іх. Дык спалохаліся, калі тыя пачалі ўваходзіць у воблака.

І голас пачуўся з воблака, кажучы: Гэта Мой Сын, Абраны18; Яго слухайце!
 
Тут пачуўся голас з воблаку: "Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце".

І калі голас прагучаў, Ісус апынуўся адзін. І яны маўчалі і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
 
А калі голас сьціх, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі ў тыя дні і нікому не разказвалі таго, што бачылі.

І сталася: на другі дзень, калі яны зышлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
 
Назаўтра, калі сыходзілі з гары, здарылася, што забеглі ім дарогу вялікія грамады.

І вось, чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: Настаўніку, малю Цябе паглядзець на майго сына, бо Ён адзіны ў мяне.
 
А вось жа адзін чалавек з натоўпу закрычаў: "Вучыцелю, малю Цябе, глянь на майго сына, бо Ён у мяне адзін.

і вось, дух хапае яго, і ён раптам крычыць, і курчыць яго, аж той пену пускае, і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
 
І вось жа дух хватае яго і раптоўна крычыць, ды кідае ім, цягае яго з пенай і з трудом пакідае яго вымучанага.

і я прасіў Тваіх вучняў, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
 
Ён кажа, я прасіў вучняў тваіх вылечыць яго,але не маглі яны.

У адказ жа Ісус сказаў: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае, дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына!
 
Тады Езус у адказ сказаў: "О няверным родзе, і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына свайго сюды".

І калі яшчэ той падыходзіў, дэман кінуў яго і скурчыў; але Ісус забараніў нячыстаму духу, і вылечыў хлопца, і аддаў яго бацьку.
 
А калі надходзіў таргануў ім дэман і кінуў яго на зямлю. Але Езус прыгразіў духу нячыстаму і аздаравіў юнака і аддаў яго бацьку ягонаму.

І ўсе ўразіліся велічы Божай. Калі ўсе дзівіліся ўсяму таму, што рабіў Ісус, Ён сказаў Сваім вучням:
 
Таму ўсе дзівіліся з магутнасьці Бога. А калі ўсе надзіўлялі ўсё, што Ён тварыў, сказаў вучням Сваім:

Укладзіце сабе ў вушы гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выданы ў людскія рукі.
 
"Улажыце ў вушы свае гэтыя прадказаньні, што: "Сын чалавечы будзе ў будучым выдадзены ў рукі людзей".

Яны ж не разумелі гэтага слова. І яно было закрыта ад іх, так што яны не спазналі яго, і яны баяліся спытацца ў Яго аб гэтым слове.
 
Але яны тады не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі і не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.

І прыйшло ім на думку, хто з іх большы.
 
Паявілася ў іх думка, хто з іх большы (важнейшы).

Ісус жа, ведаючы думку іх сэрца, узяў дзіцятка і паставіў яго каля Сябе
 
А Езус ведаючы думкі сэрцаў іхніх, узяў дзіця, паставіў яго каля Сябе

і сказаў ім: Хто прыме гэтае дзіцятка ў Маё імя, Мяне прымае; і хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
 
і сказаў ім: "Хто прыме гэта дзіцё ў імя Маё, Мяне прыме, а хто Мяне прыме, прыме Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той важкі (важны).

У адказ жа Іаан сказаў: Настаўніку, мы бачылі аднаго, што Тваім імем выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі.
 
А ў адказ Ян сказаў: "Вучыцелю, мы бачылі як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі".

А Ісус сказаў яму: Не забараняйце; бо хто не супроць вас, той за вас.
 
А Езус сказаў яму: "Не забараняйце, бо хто ня проціў нас, той з вамі".

І сталася: калі спаўняліся дні Яго ўзяцця ў неба, Ён цвёрда скіраваў Сваё аблічча да Іерусаліма.
 
Калі споўніліся дні Ягонага адыходу, Ён рашыўся направіцца ў Ерузалім.

І выслаў перад Сабою пасланцоў. І, выправіўшыся, тыя ўвайшлі ў самарыцянскае сяло, каб падрыхтаваць усё для Яго.
 
Таму паслаў перад Сабой весьнікаў. Яны пайшлі ў горад Самарыйскі прыгатаваць прыстанішча.

Ды не прынялі Яго, бо Яго аблічча выдавала, што Ён ідзе ў Іерусалім.
 
Але не прынялі Яго, бо ішоў у напрамку Ерузаліма.

Убачыўшы ж гэта, [Яго] вучні Іякаў і Іаан сказалі: Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб агонь зышоў з неба і знішчыў іх, [як і Ілія зрабіў].
 
Бачачы гэта вучні Ягоныя Якуб і Ян, сказалі: "Госпадзе, калі пазволіш, скажам, каб сыйшоў агонь з неба і спаліў іх?"

Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, [і сказаў: Не ведаеце, якога вы духа:
 
Але Езус, зьвярнуўшыся да іх, пасварыўшыся на іх, кажучы: "Ня ведаеце, чыйго вы духа.

бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць.] І яны пайшлі ў другое сяло.
 
Сын чалавечы не прыйшоў губіць душы, але збаўляць". Затым пайшлі ў другі горад.

І [сталася:] калі яны ішлі, хтосьці ў дарозе сказаў Яму: Я пайду ўслед з Табою, куды б Ты, [Госпадзе], ні ішоў.
 
Здарылася, што калі ішлі дарогаю нехта сказаў Яму: "Пайду за Табой, куды толькі пойдзеш".

І сказаў яму Ісус: Лісы маюць норы, і нябесныя птушкі — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
 
Сказаў яму Езус: "Лісы маюць норы, птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе б галаву прытуліць".

І сказаў другому: Ідзі ўслед за Мною. — Ён жа сказаў: Госпадзе, дазволь Мне пайсці спярша пахаваць майго бацьку.
 
Іншаму сказаў: "Ідзі за Мной!" А ён сказаў: "Госпадзе, разрашы мне перш пайсьці і пахаваць бацьку свайго".

Але Ён сказаў яму: Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых. Ты ж ідзі і абвяшчай Царства Божае.
 
Але Езус сказаў яму: "Хай памершыя хаваюць сваіх памершых, а ты ідзі і вясьці Каралеўства Божае".

Сказаў жа і другі: Я пайду ўслед за Табою, Госпадзе; але спярша дазволь мне развітацца з маімі дамашнімі.
 
А іншы сказаў: "Пайду за Табой Госпадзе, але разрашы (пазволь) мне перш разьвітацца з тымі, хто дома".

Ісус сказаў [яму]: Ніводны чалавек, хто паклаў [сваю] руку на плуг і азіраецца назад, не прыдатны для Царства Божага.
 
Але Езус сказаў яму: "Ніхто, хто бярэ рукою сваею за плуг, а аглядаецца назад, не прыдатны ў Каралеўства Божае".