Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Тым часам, калі сабраліся дзесяткі тысяч натоўпу, так што людзі тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: Сцеражыцеся закваскі фарысеяў, гэта значыць крывадушнасці.
У той час сабраліся велізарныя грамады кругом Яго, так што адны другіх націскалі, пачаў Езус гаварыць да Сваіх вучняў: "Сьцеражыцеся фарызэйскай квасі (закваскі), каторая ёсьць крывадушнасьць.
Няма ж нічога схаванага, што не будзе адкрыта, і таемнага, што не будзе вядомым.
Бо няма анічога скрытага, каб не было выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б ня ведалі.
Таму тое, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
Бо што гаварылі б у цемры, ды пачуецца ў сьвятле, ды што ў вуха шапталі б у бакоўнях, на дахах будзе абвешчана.
І Я кажу вам, Маім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
Кажу ж вам, прыяцелям сваім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а затым нічога болей ня могуць зрабіць.
Але пакажу вам, каго баяцца: бойцеся Таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам, Гэтага бойцеся.
А падкажу вам каго маеце баяцца: бойцеся Таго, хто па сьмерці (па забіцьці) мае моц, уладу ўкінуць у пекла. Сапраўды кажу вам такога бойцеся!
Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты ў Бога.
Ці ж не прадаюць пяць вераб'ёў за дзьве капейкі, але не адзін з іх не забыты Богам?
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за шмат вераб’ёў.
Ды і валасы на галаве вашай усе палічаны. Ня бойцеся тады, вы ж болей важныя, чым і шмат вераб'ёў.
Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Божымі Анёламі;
А прыпамінаю вам: хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнаець перад анёламі Божымі.
а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, будзе адкінуты перад Божымі Анёламі.
А хто вырачыцца Мяне перад людзьмі, той будзе адкінуты перад анёламі Божымі.
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца; а таму, хто скажа блюзнерства на Святога Духа, — не даруецца.
Кожнаму, хто нешта (слова) скажа проціў Сына Чалавечага — будзе адпушчаны, але хто б блюзьніў проціў Духа Сьвятога ня будзе адпушчана.
А калі прывядуць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца ці што сказаць;
А калі вас павядуць у сынагогі, да начальстваў і да ўладаў, ня рупцеся, як і што маеце адказаць,
бо Святы Дух навучыць вас у тую часіну, што трэба сказаць.
бо Дух Сьвяты павучаць вас у тую пару, што вам трэба казаць.
І нехта з натоўпу сказаў Яму: Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліў са мною спадчыну.
Нехта з грамады сказаў Езусу: "Вучыцелю, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай".
Ён жа сказаў яму: Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам над вамі?
Але Ён сказаў: "Чалавеча, хто ж устанавіў Мяне суддзёй і дзяліцелем над вамі?"
І Ён сказаў ім: Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо нічыё жыццё не залежыць ад багацця яго маёмасці.
Ды сказаў ім: "Глядзіце, высьцерагайцеся ўсякай хцівасьці, бо калі хто і мае дастатак, яго жыцьцё не завісіць ад багацьця таго, што мае".
І сказаў ім прыпавесць, кажучы: У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
Затым расказаў ім прыповесьць: поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай.
І ён разважаў сам сабе, кажучы: Што мне рабіць, бо не маю куды сабраць свае плады?
Дык ён разважаў у сваёй душы: "Што зраблю, калі ня маю дзе падзець свайго пллёну?"
І сказаў Вось што зраблю, разбяру мае свірны і пабудую большыя і збяру туды ўсё збожжа26 і ўсё маё дабро,
Дык сказаў: "Вось што зраблю, развалю свае гумны, а пастаўлю большыя, і там памяшчу ўсе плёны і дабро сваё.
і скажу маёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага; адпачывай, еш, пі, весяліся».
Ды скажу душы сваёй: "Маеш многа накоплены на шмат гадоў даброцьцяў: адпачывай, еш, пі і карыстайся імі".
Ды Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай начы запатрабуюць тваю душу ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?
Але Бог сказаў яму: "Шалёны, у гэту ноч запатрабваюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатавай, чыё будзе?"
Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе, а не багацее для Бога.
Так бывае з тым, хто для сябе сабірае скарбы, але ня ёсьць багаты перад Богам".
І Ён сказаў Сваім вучням: Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра [ваша] жыццё, што вам есці, ні пра цела, у што вам адзецца.
Затым сказаў вучням Сваім: "Дзеля таго кажу вам: ня рупціся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, а ні пра цела, чым яго будзеце адзяваць.
Бо жыцце большае за яду і цела — за адзенне.
Жыцьцё важнейшае за яду, а цела — за адзеньне.
Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, і не жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ні свірна, а Бог корміць іх. Наколькі вы даражэйшыя за птушак!
Паглядзіце на вароны, яны ня сеюць, ані жнуць і ня маюць сьвірнаў, а Бог іх корміць. Вы ж шмат вартасьнейшыя чым яны.
Хто ж з вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту27 хоць бы локаць?28
Ды хто з вас сваім стараньнем можа дабавіць хоць адзін да свайго росту?
Дык калі вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
Калі вось найменшыя рэчы ня можаце, ды чаму пра іншыя рупеціся?
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць і ні прадуць; але кажу вам, нават Саламон ува ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
Прыгледзьцеся ліліям (лілеям), як растуць — не працуюць, а ні прадуць. А Я вам кажу, што нават Салямон ва ўсёй сваёй славе, ня быў так адзеты. Як адна з іх.
Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, то тым больш вас, малаверы!
Дык калі траву, што сёньня на полі, а заўтра бывае ў печ кіданая — Бог так адзяе, дык куды больш вас малой веры.
І вы не шукайце, што вам есці і што вам піць, і не трывожцеся:
Таму вы не пытайцеся, што будзеце есьці, або што будзеце піць, не беспакойцеся.
бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
Пра гэта ўсё гэтага сьвету пагане клапоцяцца. Ваш жа Бацька ў небе ведае, што гэтага патрабуеце.
Толькі шукайце Яго29 Царства і гэта [ўсё] дадасца вам.
Дык найперш шукайце Каралеўства Божага і справядлівасьці Ягонай, а гэта ўсё будзе вам дадзена.
Не бойся, малая чародка, бо ваш Бацька меў ласку даць вам Царства.
Ня бойцеся, малое стадка, бо спадабалася Бацьку вашаму даць вам Каралеўства.
Прадавайце вашу маёмасць і падавайце міласціну; і зрабіце сабе кашалі, якія не старэюць, скарб невычэрпны ў нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не знішчае;
Дык прадайце, што маеце і дайце міласьціну. Спраўце сябе грашавікі, капшукі, каторыя не нішчэюць, скарб бязьмежны на неба, куды ні злодзей не ўбіваецца ані моль не з'ядае.
бо дзе ваш скарб, там будзе і ваша сэрца.
Бо дзе ваш скарб, там будзе і вашае сэрца.
Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і свяцільні гараць;
Хай бёдры вашыя будуць падперазаны і гаручыя сьветачы ў вашых руках.
а вы будзьце падобнымі да людзей, што чакаюць свайго гаспадара, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
А вы самі падобныя да людзей чакаючых павароту (вяртаньня) гаспадара (пана) свайго з вясельля, каб калі надыйдзе і пастукае, адразу адперці (адчыніць) яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане нядрэмнымі; праўду кажу вам, што ён падперажэ і пасадзіць іх і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
Шчасьлівыя тыя слугі, каторых прыйшоўшы гаспадар (пан), застане пільнуючымі (пільнымі). Сапраўды кажу вам, ён падперажацца і скажа ім сесьці за стол (прылегчы) ды абыходзячы будзе паслугаваць.
І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх гэтак, шчаслівыя тыя [слугі]!
І ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю падыйдзе і так застане: шчасьлівыя тыя слугі.
Вы ж знайце гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то [не спаў бы і] не дапусціў бы падкапаць свой дом.
А гэта ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў у каторы час злодзей надыйдзе, напэўна пільнаваў бы і не дапусьціў бы яму ўламацца ў дом свой.
[Дык] і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
Так і вы будзьце пільнымі, бо Сын Чалавечы надыйдзе ў пару, каторай вы не спадзяіцёся.
І Пётр сказаў [Яму]: Госпадзе, ці нам кажаш гэтую прыпавесць, ці і ўсім?
Затым спытаўся ў Яго Пётр: "Госпадзе, ці гэта нам гаворыш гэту прыповесьць, ці можа ўсім?"
І сказаў Госпад: Дык хто ж верны эканом, разумны, якога гаспадар паставіць над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час меру хлеба?
Тады сказаў Госпад: "Хто думаеш ёсьць верным і растаропным загадчыкам, якога Госпад устанавіў над сваёй сям'ёй, каб у свой час зааглядаў яе пшаніцай?
Шчаслівы той слуга, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так.
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар надыйшоўшы, знайдзе так паступаючым.
Праўдзіва кажу вам, што ён паставіць яго над усёю яго маёмасцю.
Сапраўды кажу вам, што паручыць яму валадаць усёй сваёю маёмасьцю (гаспадаркай).
А калі той слуга скажа ў сэрцы сваім: «Позніцца мой гаспадар прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці, і піць, і напівацца,
А калі б аднак той слуга падумаў у сваім сэрцы: гаспадар мой марудзіць з паваротам ды пачаў бы біць слугі і служанкі, есьці, піць, ды напівацца —
то прыйдзе гаспадар таго слугі ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае, і рассячэ яго папалам і вызначыць яму адну долю з нявернымі.
а прыйдзе гаспадар (пан) у дзень, у які не спадзяецца і ў хвіліну, якой ня ведае і адлучыць яго, ды дасьць яму ўдзел з нявернымі.
Той жа слуга, што ведаў волю свайго гаспадара, а не падрыхтаваў або не зрабіў паводле яго волі, будзе многа біты.
Той жа слуга знаў волю гаспадара свайго і не прыгатаваўся і не паступаў паводле волі яго — будзе строга пакараны.
А той, які не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе меней біты. Кожнаму, каму шмат было дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуецца.
А той, хто ня ведаў, а паступаў блага, меней будзе пакараны. Ад кожнага, каму болей дадзена — болей будзе трэбавацца. А ад таго, каму многа дадзена, болей трэбаваць будуць.
Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
Прыйшоў Я на зямлю агонь кінуць, а чаго хачу? Каб ён загарэўся (гарэў).
Хрышчэннем жа Я павінен быць ахрышчаны, і як Я пакутую пакуль гэта нездзейсніцца.
Я маю быць храстом пахрышчаны і так перажываю, пакуль гэта ня споўніцца.
Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі? Не, кажу вам, а хутчэй падзел!
Ці ж думаеце, што Я прыйшоў мір (супакой) устанавіць на зямлі? Аніяк, а кажу вам — разлучэньне.
Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць трох,
Адсюль вось будзе пяцярох у адным доме падзеленых: трое супроць дваіх, а двух проціў тром паўстануць.
падзеляцца: бацька супроць сына і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці, свякроў супроць сваёй нявесткі і нявестка супроць [сваёй] свекрыві.
Бацька супроць сына, а сын супроць бацькі свайго, матка проціў дачкі, а дачка супроць маткі, сьвякруха супроць сынавай сваёй, а сынавая проціў сьвякрухі сваёй.
Ён казаў жа натоўпам: Калі бачыце, што хмара падымаецца на захадзе30, вы адразу кажаце: «Надыходзіць лівень», — і бывае так;
Далей прамаўляў да грамадаў: "Калі бачыце воблака, хмарку паяўляючуся з захаду, зара кажуць надыходзіць навальніца, так і бывае.
а калі дзьме паўднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», — і яна бывае.
А калі вецер дуе з поўдня, кажаце: будзе сьпякота, так і бывае.
Крывадушнікі, твар зямлі і неба распазнаць вы ўмееце, як жа часу гэтага не ўмееце распазнаць?
Крывадушнікі! З выгляду неба і зямлі ўмееце разпазнаваць, дык як часу гэтага не разпазнаецё?
Што ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
Дык чаму самі сябе не асуджаеце па справядлівасьці?
Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальніка, то ў дарозе пастарайся дайсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі; а суддзя аддасць цябе выканаўцу, а выканаўца кіне цябе ў турму.
Дык калі ідзеш з праціўнікам тваім да ўладаў, ды па дарозе старайся асвабадзіцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а каб суддзя не аддаў бы цябе спаўніцеля, а каб спаўніцель не пасадзіў цябе ў вязьніцу.
Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль, пакуль не аддасі і апошняй лепты.
Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняе капейкі.