Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3.
 
Выпала, што ў тыя дні паявіўся загад (пастанова) Цэзара Аўгуста, каб спісаць увесь сьвет.

Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній.
 
Першы гэты сьпіс быў зроблены Квірынам, правіцелем Сырыі.

І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
 
Дык ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад. Палестына на 12 правінцыяў дзеля дванаццаці сыноў Якуба, значыць дванаццаці пакаленьняў, з каторых кожнае мела свой цэнтр.

І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага,
 
Пайшоў таксама і Юзэф з Галілеі, з горада Назарэт у Юдэю, у Давідаў горад, званы Бэтлеем, таму, што быў з радні і пакаленьня Давіда.

Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная.
 
каб запісацца разам з Марыяй шлюбнай сваёй жаною, каторая была ў цяжы.

І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй,
 
Здарылася, што калі там былі, прыйшоў час радзіць.

і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы.
 
І нарадзіла сына свайго (адзінага) першароднага. Спавіла яго ў пялёнкі і паклала ў ясьлі (жлобе), бо не было для іх месца ў заездзе (гасьціньніцы).

А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак.
 
У той ваколіцы былі пастухі пільнуючыя і вартуючыя пры сваім стадзе.

І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
 
У той час явіўся перад імі анёл Госпадаў і яснасьць Божая асьвяціла і яны надта спалохаліся.

І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу,
 
сказаўім анёл: "Ня бойцеся, бо зьвястую вам радасьць вялікую, яна будзе радаснай усім людзям:

бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
 
сягоньня нарадзіўся Збаўца, Ён Хрыстус Госпад, у горадзе Давіда.

І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях.
 
Такі вось будзе вам знак: "Знойдзіце дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзена ў ясьлях (жлобе)".

І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
 
Ды раптам з анёлам паявілася мноства войска анельскага, славячы Бога і гамонячых:

Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля!
 
"Слава на нябёсах (вышынях) Богу, а супакой (мір) добрай волі людзям на зямлі!"

І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам.
 
Затым ад іх анёлы падняліся ў неба, а пастухі казалі адзін аднаму: "Ідзёмце ў Бетлеем і пабачма, што там сталася, пра што павядоміў нам Госпад".

І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях;
 
І з посьпехам прыбылі ў Бетлеем і знайшлі Марыю і Юзэфа (Язэпа) і Дзіцятка, пакладзена ў ясьлях.

убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка.
 
А ўбачыўшы, зразумелі, што ім было аб дзіцятку.

І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
 
А ўсе, што чулі, дзівіліся і дзеля таго, што ім разказалі пастушкі.

А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы.
 
Марыя ж запомніла ўсе гэтыя словы, раздумоўваючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана.
 
Пастухі вярнуліся славячы і хвалячы Бога за ўсё, што бачылі як ім было сказана.

І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні.
 
А калі мінула восем дзён, каб абразаць дзіцятка, назвалі яго імем, якое было Яму дадзена анёлам перш, чым яно пачалося ва ўлоньні.

І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду,
 
А калі споўніліся дні ачышчэньня яе па закону Майсея, прынесьлі Езуса ў Ерузалім, прадставілі Яго Госпаду,

Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду»,
 
як напісана ў Законе Госпада: "Кожны першародны хлопец будзе пасьвячаны Госпаду (Вых. 13:2),

і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят.
 
ды каб скласьці ахвяру паводле таго, што сказана ў Законе Госпада — пару перапёлак або два галубы.

І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім;
 
А вось у той час быў у Ерузаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў справядлівы і баяўся Бога, і чакаў пацяшэньня Ізраеля, а Дух Сьвяты быў у ім.

і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
 
Ён атрымаў абяцаньне ад Сьвятога Духа, што не памрэ, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпадавага.

І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона,
 
Ведзены Духам пайшоў у сьвятыню. І калі бацькі Езуса ўносілі Яго ў сьвятыню, каб выпаўніць Закон,

і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў:
 
Сымон узяў Яго на рукі свае і славіў Бога ў гэтыя словы:

Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам;
 
"Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпушчаеш слугу Свайго ў супакою,

бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне,
 
бо вочы мае аглядалі збаўленьне Тваё,

якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў;
 
Якое Ты прыгатаваў на віду ўсіх народаў:

святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля.
 
сьвятло для збаўленьня паганаў і на спахвалу народу свайго Ізраеля.

І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго.
 
А бацька ягоны і маці дзівіліся што да таго, што аб Ім казалі.

І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
 
Ды багаславіў іх Сымон, кажучы Марыі, маці Ягонай: "Ён вось празначаны на падзеньне і на падым многіх Ізраельцаў ды як знак, катораму будуць працівіцца.

і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў.
 
І Тваю душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".

І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
 
Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануеля, з пакаленьня Асэр. Яна была пажылая ў гадах. Ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень.
 
а будучы ўдавой да васьмідзесяці гадоў не пакідала сьвятыні, служыла там Богу днём і ноччу, у пастах і маленьнях.

І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма.
 
Яна вось надыйшоўшы ў тую пару, славіла Госпада і расказвала аб Ім усім, каторыя чакалі адкупленьня Ізраеля.

І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт.
 
А калі споўнілі ўсё па Закону Госпадавым, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, у свой горад.

А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім.
 
А дзіця расло і мужнела, поўнае мудрасьці, ды ласка Божая ў Ім.

І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі.
 
Бацькі Ягоныя (Юзэф і Марыя) хадзілі штогод у Ерузалім на ўрачыстасьць Пасхі (Вялікдзень).

І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята,
 
І калі Езус меў ужо дванаццаць гадоў па звычаю тога сьвята пайшлі ў Ерузалім.

і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта.
 
Па заканчэньні сьвята, калі варачаліся дамоў, дзіця Езус застаўся ў Ерузаліме, а бацькі Яго не замецілі гэтага.

Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых,
 
Думаючы, што Езус у грамадзе, прайшлі дзень дарогі, а затым шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых,

і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго.
 
але не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
 
І наастатак па трох днях знайшлі Яго ў сьвятыні, седзячага паміж дактароў (вучоных), слухаючаго і ды пытаючага ў іх.

і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам.
 
Усе, што слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе.
 
А бацькі ўвідзеўшы Яго зьдзівіліся. І маці Ягоная сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і я, з болем шукалі Цябе".

І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку?
 
А Ён сказаў ім: "Пашто Мяне шукалі? Няўжо ня ведалі, што мне трэба быць у справах Айца Майго?"

Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім.
 
Але яны не зразумелі гэтых слоў, якія сказаў.

І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы.
 
Затым пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны. А маці Ягоная захавала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы.

А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.
 
А Езус рос у мудрасьці і гадах, у ласцы ў Бога і ў людзей.