Псалтыр 61 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кіраўніку хору. Са струннай ігрой. Давідавы.
 

Пачуй, Божа, мой лямант! Зваж на маю малітву!
 

Ад канца зямлі гукаю я да Цябе, калі сэрца маё маладу́шнічае. Ты прывядзі мяне да скалы, якая вышэй за мяне,
 

бо Ты быў маім прытулкам, моцнай вежай супраць ворага.
 

Я буду вечна жыць у сялібе Тваёй, пад покрывам крылаў Тваіх знайду прытулак. Зэля.
 

Бо Ты, о Божа, пачуў абяцаньні мае. Ты даў (мне) спадчыну тых, што баяцца Імя Твайго.
 

Дада́й дні да дзён караля, хай гады ягоныя доўжацца з роду ды ў род.
 

Хай жыве ён вечна прад Абліччам Бога. Накажы міласэрнасьці і праўдзе ахоўваць яго!
 

Дык я буду сьпяваць і іграць вечна Імю Твайму, каб споўніць мне абяцаньні мае ад дня да дня.