Дзеі 13 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Былі ж у Антыёхі ў тамтэйшай царкве нікато́рыя прарокі і вучыцялі: Барнаба і Сымон, называ́ны Нігер, і Лукій кірэнэец, ды Манаэн, узгадаваны разам з Гірадам чацьвертаўла́днікам, ды Саўл.
І былі ў Антыёхіі, у царкве, прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сімяон, званы Нігер, Луцый Цырэнец і Манаэн, які гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, ды Саўл.
І калі яны адпраўлялі службу Госпаду і пасьцілі, сказаў Дух Сьвяты: выдзяліце Мне Барнабу і Саўла на дзейнасьць, на якую Я іх паклікаў.
І, калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і посцілі, сказаў Дух Святы: «Вылучыце мне Барнабу і Саўла на дзейнасць, на якую Я іх паклікаў».
Дык яны, папасьцíўшы й памаліўшыся, ды ўсклаўшы на іх ру́кі, адпусьцілі (іх).
Тады з постам і малітваю, усклаўшы на іх рукі, адпусцілі іх.
А тыя, пасланыя Духам Сьвятым, прыйшлі ў Сэлеўкію ды стуль адплылí да Кіпру.
І яны, выпраўленыя Духам Святым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі па моры на Кіпр.
І, апынуўшыся ў Саляміне, абвяшчалі Слова Бога ў жыдоўскіх сынагогах; мелі ж і Яана слугу.
І, калі прыбылі ў Саламіну, прапаведавалі слова Божае ў сінагогах юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.
Прайшоўшы ж выспу ажно да Пахва, знайшлі нейкага чараўніка ілжэпрарока, жыда на імя Варыісус,
І, праходзячы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага юдэйскага прарока, якому імя Барысус.
які быў у старасты Сяргея Паўлы, мужчыны разумнага. Той, паклíкаўшы Барнабу і Саўлу, зажадаў паслухаць Слова Бога.
Ён быў пры праконсуле Сергіі Паўле, чалавеку разважным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Саўла, хацеў паслухаць слова Божае.
Проці іх выступіў Яліма чараўнік — гэтак перакладаецца ягонае імя, — жадаючы адвярнуць старасту ад веры.
Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя яго, намагаючыся праконсула адвярнуць ад веры.
Але Саўл, ён жа і Паўла, напоўніўшыся Духам Сьвятым і паўзіраўшыся на яго,
Тады Саўл, які таксама Паўла, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго пільна
сказаў: о, сыне дыябала, поўны ўсякай крывадушнасьці і ўсякага злачынства, ворагу ўсякай праўды! Ці ж ня пакінеш ты крывіць простыя шляхі Госпада?
і сказаў: «О ты, сын д’ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасці, вораг усякай справядлівасці! Ці не перастанеш ты заварочваць простых дарог Госпадавых?
Дык вось, цяпер Рука Госпада на табе, і будзеш ты сьляпы, і ня ўгледзіш сонца ажно да пары. І ўраз жа найшлі на яго цемра і змрок, і блукаючыся, шукаў павадыра.
Вось жа, цяпер рука Госпадава на табе; і будзеш сляпы, і нейкі час не будзеш бачыць сонца». І зараз жа найшла на яго слепата і цемра, і ён, ходзячы кругом, шукаў, хто б даў яму руку.
Тады, убачыўшы стаўшаеся, стараста паверыў, будучы зьдзіўлены навукай Госпада.
Тады, убачыўшы, што здарылася, праконсул уверыў, здзіўлены навукай Госпадавай.
Адплыўшы ж із Пахвы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргу, у Памхвілі. А Яан, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ярузалім.
Адплыўшы з Пафы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адышоўшы ад іх.
А яны, прайшоўшы цераз Пэргу, прыбылі ў Антыёху Пісідзкую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботы, паселі.
Яны ж, ідучы далей, прайшлі Пэргэ, і дайшлі да Антыёхіі Пісідыйскай, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і там паселі.
І пасьля прачытаньня Закону і Прарокаў начальнікі сынагогі паслалі да іх, кажучы: мужчыны браты! калі ёсьць у вас слова павучэньня для народу, прамоўце.
Па прачытанні закону і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Калі маеце, мужы браты, нейкае слова заахвоты для народа, прамоўце!»
І Паўла, устаўшы і даўшы знак рукой, сказаў: мужчыны ізраэльцяны і тыя, што баяцца Бога! Паслухайце!
Тады падняўся Паўла і, даўшы знак рукою маўчаць, гаворыць: «Слухайце, мужы ізраэльскія ды тыя, што баіцеся Бога!
Бог народу гэтага Ізраэля выбраў ба́цькаў нашых, і гэты народ узвысіў у бытнасьць у зямлі Ягіпту і ўзьнятай Рукой вывеў іх ізь яе.
Бог гэтага народа ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі яны жыхарамі зямлі Егіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.
І каля сарака гадоў цярпеў іх у пустэльні.
І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іх нараканні ў пустыні.
І, зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Ханаана, надзяліў іх зямлёй гэных.
Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім
І пасьля гэтага каля чатырохсот пяцідзясяці гадоў даваў судзьдзяў аж да Самуэля прарока.
меней-болей праз чатырыста пяцьдзесят гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.
А затым папрасілі караля, і даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужчыну з калена Бэньямінавага гадоў на сорак.
І, калі пазней прасілі цара, даў ім Бог Саўла, сына Кіса, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.
І, ськінуўшы яго, паставіў ім у каралі Давіда, якому і сказаў, засьведчыўшы: знайшоў (Я) Давіда, (сына) Ясэя, мужчыну па Сэрцу Майму, які зьдзейсьніць усе жаданьні Мае.
А калі яго адкінуў, паставіў ім царом Давіда, пра якога, даючы сведчанне, сказаў: “Знайшоў Я Давіда, сына Ясэя, мужа па сэрцы Маім, які ва ўсім выканае волю Маю”.
Ад ягонага насеньня Бог па абяцаньню падняў Ізраэлю Збаўцу Ісуса.
З яго нашчадкаў, паводле абяцання, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Ісуса,
Перад прыходам Ягоным Яан абвясьціў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраэля.
перад прыходам Якога Ян прапаведаваў хрост навяртання ўсяму народу Ізраэля.
Калі ж Яан заканчаваў шлях (свой), казаў: за каго вы мяне ўважаеце? Ды не, гэта ня я, але вось ідзе за мною Той, у Каго я ня варты разьвязаць абутак Ног.
А пад канец свайго шляху Ян казаў: “Кім вы лічыце мяне? Я не ёсць ім; але вось пасля мяне ідзе Той, Якому я не варты развязаць пасталоў на нагах”.
Мужчыны браты, сыны роду Абрагамавага і тыя сярод вас, што баяцца Бога! Вам пасла́на Слова выратаваньня гэтага.
Мужы браты, сыны роду Абрагама і тыя паміж вас, што баяцца Бога! Нам паслана слова збаўлення гэтага.
Бо жыхары Ярузалíму і нача́льнікі іхныя, ня пазна́ўшы Яго і засудзіўшы (Яго), споўнілі Словы Прарокаў, якія чытаюцца кожную суботу.
Жыхары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, здзейснілі прадказанні прарокаў, чытаныя кожную суботу,
І ня знайшоўшы ніякай сьмяротнай віны папрасілі Пілата забіць Яго.
і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай смерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.
Калі ж спо́ўнілі ўсё напíсанае аб Ім, дык, зьняўшы з дзерава, палажылі ў магілу.
А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зняўшы Яго з крыжа, паклалі ў магілу.
Але Бог ускрасіў Яго із мёртвых.
Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых,
Ён быў зьяўляемы на працягу многіх дзён тым, што прыйшлі зь Ім з Галілеі ў Ярузалім; каторыя зьяўляюцца сьведкамі Ягонымі перад народам.
і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім; яны цяпер сведкі Яго перад народам.
І мы вам дабравесьцім абяцаньне, якое дадзена ба́цькам,
І мы абвяшчаем вам гэтую добрую вестку, што абяцанне, дадзенае бацькам,
бо яго Бог выканаў дзецям іхным, нам, ускрасіўшы Ісуса, як і напíсана ў Псальме другім: Сын Мой — Ты. Я сягоньня спарадзіў Цябе.
Бог выканаў адносна нас, іх сыноў, уваскрашаючы нам Ісуса, як напісана ў другім псальме: “Ты — Сын Мой. Я сёння нарадзіў Цябе”.
А што (Ён) уваскрасіў Яго із мёртвых, (азначае), што Ён больш ня падлягае вяртаньню ў тленьне; гэткім чынам (Ён) сказаў: дам вам верныя сьвятасьці (абяцаныя) Давіду.
А што Яго ўваскрасіў з мёртвых і што Ён не вернецца больш у парахненне, так сказаў: “Выканаю для вас святыя абяцанні Давіду”.
Пагэтаму і ў другім (мейсцы) кажа: ня дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.
І ў іншым месцы кажа: “Не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне”.
Бо ж Давід, паслужыўшы ў родзе сваім Волі Бога, памёр і быў далучаны да бацькаў сваіх і ўбачыў тленьне.
Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню, заснуў з волі Божай, і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў парахненне.
А Каго Бог ускрасіў, Той ня ўбачыў тленьня.
Але Той, Каго Бог уваскрасіў, не бачыў парахнення.
Пагэтаму хай будзе вам ведама, мужчыны браты, што празь Яго вам абвяшчаецца дараваньне грахоў.
Мужы браты, хай будзе вам ведама, што праз Яго абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў; ад усяго, ад чаго не маглі вы апраўдацца ў законе Майсея,
І ва ўсім, у чым вы ня маглі быць апра́ўданымі ў Законе Масея, у Ім усякі, хто верыць, атрымоўвае апраўданьне.
у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.
Дык глядзіце, каб ня прыйшло на вас ска́занае ў Прарокаў:
Дык глядзіце, каб не здзейснілася, што сказана прарокамі:
Паглядзіце вы, пагарджаючыя, і падзівуйцеся і счэзьніце! бо дзела Я роблю ў дні вашыя — дзела, якому вы ня паверылі бы, калі б хто расказаў вам.
“Глядзіце вы, што пагарджаеце, дзівуйцеся ды адыдзіцеся, бо Я выконваю ў дні вашы справу, у якую не паверыце, калі вам хтосьці аб гэтым раскажа”».
Выйшаўшых жа з сынагогі жыдоўскай пагане прасілі, каб і ў другую суботу гаварылі ім словы гэтыя.
Калі яны выходзілі [з сінагогі юдэйскай], прасілі іх [пагане], каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.
А як была распушчана сынагога, многія з жыдоў і багабойных празелітаў пайшлі за Паўлам і Барнабай, якія, размаўляючы зь імі, заклікалі іх заставацца ў Багадаці Бога.
А як разышлася сінагога, многа юдэяў і пабожных празелітаў праводзілі Паўлу і Барнабу, якія заклікалі іх да трывання ў ласцы Божай.
А ў наступную суботу амаль усё места зыйшлося паслухаць Слова Бога.
А ў наступную суботу амаль увесь горад сышоўся слухаць слова Божае.
Калі ж жыды ўбачылі гэткі натоўп, напоўніліся зайздрасьцяй і пярэчылі таму, што Паўла сказаў, пярэчачы ды ліхасловячы (іх).
Калі ж юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасць, і, блюзнячы, пярэчылі таму, чаму навучаў Паўла.
Асьмеліўшыся ж, Павал і Барнаба сказалі: да вас першых павінна было быць сказана Слова Бога. Дык як жа вы адвяргаеце яго і робіце сябе нявартымі вечнага жыцьця? Дык вось, мы зварачаемся да паганаў.
Тады Паўла і Барнаба сказалі адважна: «Першым вам належала прапаведаваць слова Божае, але, калі вы яго адкідваеце ды самі сябе лічыце за нягодных жыцця вечнага, вось, мы звернемся да паганаў.
Бо так запаведаў нам Госпад: Я паставіў Цябе за сьветач для паганаў, каб быць Табе на збаўленьне да краю зямлі.
Бо гэтак загадаў нам Госпад: “Устанаўляю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”».
І чуючы, пагане радаваліся і праслаўлялі Слова Госпада, ды ўверылі ўсе, якія былі прызначаны да жыцьця вечнага.
Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, уверылі.
І Слова Госпада шырылася па ўсяму (таму) краю.
І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.
Жыды ж падбухторылі набажных і ўплывовых жанчын і першых (мужчын) у месту і паднялі перасьледаваньне супраць Паўлы і Барнабы і выгналі іх із межаў іхных.
Тым часам юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчын ды першых грамадзян і ўчынілі пераследаванне Паўлы і Барнабы, ды выкінулі іх са сваіх межаў.
Яны ж, абтросшы пыл з ног сваіх на іх, прыйшлі ў Іконію.
А яны, абтросшы на іх пыл ад ног, пайшлі ў Іконію.
А вучні напаўняліся радасьцяй і Духам Сьвятым.
Вучні ж былі поўныя радасці і Духа Святога.