1 да Карынфянаў 13 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я — медзь звонкая, альбо кімвал гулкі,
Калі б я гаварыў мовамі людзей або анёлаў, а любові ня меў — я быў бы як медзь дзынгучая, або цымбалы — звукучыя.
Калі маю дар прароцтва, і ведаю ўсе таямніцы, і маю ўсякія веды і ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а ня маю любові, — дык я нішто.
Хоць бы я меў дар праракаваньня ды зьведаў усе тайніцы і ўсякую веду і меў стойкую веру — так, што і горы пераносіў, але любві ня меў, я быў бы — нічым.
І калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, — няма мне ў тым ніякай карысьці.
Калі б раздаў на бедных усю сваю маёмасьць, і цела сваё аддаў спаліць, але любвові ня меў, гэта нічога мне не паможа!
Любоў церпіць доўга, умілажальваецца, любоў не зайздросьціць, любоў не праслаўляе сябе, не ганарыцца,
Любоў — міласьць цярплівая, ласкавая, не зайздрасная (не завідная), не ганарыстая, не пыхлівая,
ня бушуе, ня шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха,
не амбітная (не напаказ), не самалюбная, не гнеўная (злосная), не мсьцівая,
ня радуецца зь няпраўды, а разам цешыцца зь ісьціны;
справядлівая (не цешыцца з несправядлівасьці), спаганяе праўду (праўдзівая),
усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць.
усё пераносіць (сьцерпіць), ва ўсё верыць (здаверлівая) на ўсё спадзяецца (надзейная), усё перацерпіць.
Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца.
Любоў не спыняецца, не зьнікае як прароцтвы, або як дар моваў, або як веда занепадае.
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;
Часткова (крыху) пазнаём, а крыху праракуем.
а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, спыніцца.
Калі надыйдзе дасканалае, уступіць тое, што недасканалае.
Калі я быў дзіцем, дык па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы мысьліў, па-дзіцячы разважаў; а як стаўся мужчынаю, дык пакінуў дзіцячае.
Калі быў дзіцям, гаварыў па дзіцячаму, разумеў па дзіцячаму, думаў па дзіцячаму, а як стаў мужчынам (змужнеў), вызбыўся што дзіцячае (дзіцяцтва).
Бо цяпер мы бачым як празь цьмянае шкло, наўздогадзь, а тады твар да твару; цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны.
Цяпер мы відзім быццам у люстры — ня ясна, а тады (убачым) тварам у твар. Цяпер пазнаю часьцінна (не поўнасьцю), а тады пазнаю поўнасьцю, як я сам пазнаны.
А тым часам жывуць вось гэтыя тры: вера, надзея, любоў; але любоў зь іх найбольшая.
Дык цяпер бытуюць вера, надзея і любоў (міласьць): а з гэтых трох найважнейшая — любоў.