1 да Карынфянаў 3 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце.
Я ня мог да вас, браты, прамаўляць як да духовых, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысьце.
Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце.
Паіў я вас малаком, а не яду (звычайную), бо былі вы кволыя, дарэчы і далей вы яшчэ нядужыя.
Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце?
Дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі яшчэ ў вас завіднасьць (зайздрасьць) і нязгода — ці ж вы не цялесныя і ці не паступаеце як звычайна людзі?
Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы?
Калі бо адзін кажа: "Я — Паўлаў", а другі: "Я Аполлосаў" — дык ці ж вы ня людзі? (Ці не па чалавечаму?)
Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь.
Кім жа Апполос? Або кім Павал? Служыцелямі! (слугамі) — Праз іх вы ўверылі ды кожны, як яму Госпадам дадзена.
Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог;
Я садзіў а Аполлос паліваў, але Бог расьціў.
а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост.
Ня важна — хто садзіў і хто палівае, але той важны, хто дае расьці — Бог!
І хто садзіць і хто палівае — адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы.
Хто садзіць ды хто палівае — адзінакавы. Кожны атрымае сваю заплату па труду (па стараньні).
Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова.
Мы памагатары (супрацоўнікі) Божыя; а вы — ніва Божая і пабудовай Божай (будоўляй).
Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе.
Дадзенай мне Богам ласкай, я як спрактыкаваны архітэктар — будаўнічы палажыў падмурак (фундамэнт), а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.
Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос.
Падмурка — фундамэнта ніхто ня можа палажыць іншага, як той, які паложаны, а якім яўляецца — Езус Хрыстус.
Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы,
А ці хто на гэтым фундамэнце будуе з золата, ці серабра, ці з дарагіх каменьняў, ці з дрэва, ці нават з сена, ці саломы —
дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць.
работа (праца) кожнага выявіцца: дзень Госпадаў пакажа, бо агнём выявіць і дзейнасьць (справа) кожнага будзе выпрабавана агнём.
У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду;
Той, чыя пабудовы праца выстаіць — атрымае заплату,
а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню.
а калі чыя праца рухне, пацярпіць шкоду: сам, што праўда будзе збаўлены, але так, яу быццам праз агонь.
Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?
Ці ж вы ня ведаеце, што храм Божы (сьвятыня) ды што Дух Божы прабывае ў вас?
Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня — вы.
Калі хто спаганіць храм Бога, таго зьнішчыць Бог. Храм Божы — сьвяты, а вы — ім.
Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым.
Няхай ніхто сябе не абманвае. Калі хто з вас думае, што ён мудры на гэтым сьвеце, дык хай станецца глупым, каб здабыць мудрасьць.
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй».
Бо мудрасьць гэтага сьвету — глупасьцю перад Богам: дарэчы напісана: "Ён спыняе мудрых у іхняй хітрасьці",
І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя».
або ізноў: "Госпад ведае, што намеры мудрых — пустыя".
Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае:
Дык хай ніхто не выносіцца дзеля людзей! Усё бо вашае.
ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, — усё ваша;
Ці гэта Павал, ці Аполлос, ці Кэфас; ці гэты сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці што цяперашняе, ці што будучае — усё бо вашае,
а вы — Хрыстовыя, а Хрыстос — Божы.
а вы Хрыстовыя, а Хрыстус — Бога.