1 да Карынфянаў 16 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А зьбіраючы для сьвятых, рабеце так, як я ўстанавіў у цэрквах Галятыйскіх;
 
Адносна складак (збораў), што адбываюцца на сьвятах, дык і вы рабіце, як я распарадзіўся (паручыў) касьцёлам (сходам хрысьціян) у Галаціі.

у першы дзень тыдня кожны з вас хай адкладвае ў сябе і ашчаджае, колькі дазваляе яму дастатак, каб не рабіць збораў, калі я прыйду.
 
Хай першага дня тыдня кожны з вас адкладзе ў сябе і зьберажэ што ўважае за карыснае, каб не сабіраць тады як я прыбуду.

А як прыйду, дык, каго вы выбераце, тых пашлю зь пісьмамі, каб даставілі ваш дар у Ерусалім.
 
Калі я паяўлюся праз тых, каторых прызнаеце вы за дастойных, пашлю дар ваш з лістамі ў Ерузалім.

А калі і мне прыстойна будзе выправіцца, дык яны са мною пойдуць.
 
Калі б аказалася патрэбным і мне пайсьці, дык яны пойдуць разам са мною.

Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду цераз Македонію.
 
Прыйду жа да вас, калі буду варачацца і Македоніі, бо праз Македонію толькі праходам прайду.

А ў вас, можа стацца, пажыву, або і перазімую, каб вы мяне правялі, куды пайду.
 
У вас магчыма застануся, або нават перазімую, каб мяне правялі, куды выбяруся ісьці.

Бо я не хачу бачыцца з вамі цяпер мімаходзь, а спадзяюся прабыць у вас колькі часу, калі Гасподзь дазволіць.
 
Не хачу вас мімаходам пабачыць. Маю надзею, што нейкі час правяду ў вас, калі Бог пазволіць.

А ў Эфэсе я прабуду да Пяцідзясятніцы,
 
У Эфэзе прабуду да Пяцідзесятніцы.

бо мне адчынены вялікія і шырокія дзьверы, і праціўнікаў многа.
 
Бо там адкрылася мне вялікая і надзейная брама (магчымасьць працы), але многа праціўнікаў.

Калі ж прыйдзе да вас Цімафей, глядзеце, каб ён быў у вас убясьпечаны; бо ён чыніць справу Гасподнюю, як і я.
 
Калі б паявіўся ў вас Тымотэй, дык глядзіце, каб не баяўся нічога, бо трудзіцца так, як і я ў справе Госпада.

Таму хай ніхто ім не пагардзіць, а праводзьце яго зь мірам, каб ён прыйшоў да мяне; бо я чакаю яго з братамі.
 
Дык хай ніхто ня грэбуе ім (ня гардзіць ім). Прывядзіце яго спакойна да мяне, бо чакаю яго разам з братамі.

А што да брата Апалоса, я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не хацеў ісьці сёньня, а прыйдзе, калі яму будзе спорна.
 
Што да брата Аполлоса, дужа прасіў я яго, каб прыбыў да мяне з братамі. Але ён ня меў цяпер ахвоты прыйсьці, але прыйдзе калі будзе мець магчамасьць.

Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя;
 
Пільнуйцеся, будзьце стойкімі ў веры, трымайцеся мужна, будзьце дужымі.

усё ў вас няхай будзе зь любоўю.
 
Хай усё апіраецца на любові.

Прашу вас, браты, вы ведаеце, сямейства Сьцяпанавае, што яно ёсьць пачатак Ахаіі, і што яны прысьвяцілі сябе служэньню сьвятым;
 
Прашу вас, браты, вы знаеце сям'ю (дом) Стэфанаса, што яны ёсьць пачаткоўцамі (хрысьціянства) ў Ахаі, каторыя пасьвяцілася на паслугу сьвятым,

будзьце ж і вы пачцівыя да такіх і да кожнага, хто пасабляе і працуе.
 
каб вы падчыніліся такім у працы і супрацоўніцтве.

Я рады прыходу Сьцяпана, Фартуната і Ахаіка: яны бо адшкадавалі мне вашу адсутнасьць,
 
Цешуся прысутнасьцю Стэфанаса, Фортуната і Ахаіка, бо замянілі мне яны вашу адсутнасьць.

бо яны мой і ваш дух супакоілі. Шануйце такіх.
 
Падбадзёрылі янны майго і вашага духа. Дык даражыцеся такімі!

Вітаюць вас цэрквы Асійскія; вітаюць вас рупліва ў Госпадзе Акіла і Прыскіла з хатняю іхняю царквою.
 
Вітаюць вас касьцёлы Азіі; шчыра вітаюць вас у Госпаду Аквіла і Прыска разам з хатнім сабраньнем хрысьціянаў.

Вітаюць вас, усе браты. Вітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем.
 
Паздараўляюць вас усе браты. Паздароўкайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам.

Маё Паўлава вітаньне сваёю рукою.
 
Прывітаньне Паўлава маёю рукою.

Хто ня любіць Госпада Ісуса Хрыста, анафэма; маранафа.
 
Калі хто ня мілуе Госпада — хай будзе пракляты — Анатэма, Маранафа! Маранафа!

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі,
 
Хай ласка Госпада Езуса будзе з вамі.

і любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Ісусе. Амін.
 
Любоў мая з усімі вамі ў Хрысьце Езусе.