Адкрыцьцё 15 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І ўбачыў я іншую азнаку на небе, вялікую і дзівосную — сем анёлаў, якія мелі сем апошніх пошасьцяў, якімі завяршаўся гнеў Божы.
I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе; сем анёлаў з сямю апошнімі карамі, бо на іх спыніцца гнеў Божы.
І бачыў я нібыта шкляное мора, зьмяшанае з вагнём; і тыя, што перамаглі зьвера і вобраз ягоны, і кляймо ягонае і лічбу імя ягонага, стаяць на гэтым шкляным моры, трымаючы гусьлі Божыя,
I ўбачыў я нібы шклянае мора, зьмяшанае з агнём і тых, што перамаглі бэстыю і вобраз яе, і номер яе імя, як стаялі на шкляным моры, трымаючы цытры Божыя,
і сьпяваюць песьню Майсея, раба Божага, і песьню Ягняці, кажучы: вялікія і дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, Божа Ўсемагутны! праведныя і праўдзівыя шляхі Твае, Цару сьвятых!
і як сьпявалі песьню Мойжаша, слугі Божага і песьню Ягнятка, кажучы: "Вялікія і цудоўныя дзеяньні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару Спрадвечны!"
Хто не ўбаіцца Цябе, Госпадзе, і не праславіць імя Твайго? Бо Ты адзін сьвяты. Усе народы прыйдуць і схіляцца прад Табою, бо адкрыліся суды Твае.
Хто не забаіцца Цябе і не стане славіць Iмя Тваё, Госпадзе?" Бо Ты адзін сьвяты. Усе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталі справядлівыя суды Твае!"
І пасьля гэтага я глянуў, і вось, адчыніўся храм скініі сьведчаньня ў небе,
А потым бачыў я, як адчынілася на небе сьвятыня з корабам угоды.
і выйшлі з храма сем анёлаў, і мелі яны сем пошасьцяў, адзетыя ў чыстыя і сьветлыя ільняныя шаты і аперазаныя па грудзях залатымі паясамі.
Са сьвятыні выйшла сем анёлаў с сямю карамі. Былі яны апрануты ў чыстае палатно зьзяючае, а грудзі мелі падпаясаныя зататымі паясамі.
І адна з чатырох жывых істотаў дала сямі анёлам сем залатых чараў, напоўненых гневам Бога, Які жыве ва векі вечныя.
I адна з чатырох істот дала сямі анёлам сем залатых келіхаў, поўных гневу Божага, Які жыве на векі вечныя.
І напоўніўся храм дымам ад славы Божае і ад сілы Ягонай, і ніхто ня мог увайсьці ў храм, пакуль не закончыліся сем пошасьцяў сямі анёлаў.
Тады напоўнілася сьвятыня дымам магутнасьці Божай. Ніхто ня мог увайсьці ў сьвятыню, пакуль ня споўніцца сем караў сямі анёлаў.