Адкрыцьцё 10 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І ўгледзеў я другога анёла моцнага, які сыходзіў зь неба, апрануты ў хмару; над галавою ў яго была вясёлка, і аблічча ў яго як сонца, і ногі ў яго як стаўбуры агнявыя,
 
1 Пасьля ўбачыў я іншага магутнага анёла, сыходзячага з неба, заслоненага воблакам, над галавой у яго вясёлка і твар ягоны, быццам сонца, а ногі яго як быццам слупы вогненыя.

у руцэ ў яго была кніжка разгорнутая. І паставіў ён правую нагу сваю на мора, а левую на зямлю,
 
Ён меў у руцэ сваёй адкрытую кнігу. І разлажыў ногі свае: правую на мора, а левую на зямлю.

і ўсклікнуў зычным голасам, як рыкае леў; і калі ён усклікнуў, тады сем грамоў прамовілі галасамі сваімі.
 
Ён гаманіў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. На ягоны рык раздаўся гук сямі грамоў.

І калі сем грамоў прамовілі галасамі сваімі, я хацеў быў пісаць; але пачуў голас зь неба, які мне казаў: утоі, што сказалі сем грамоў, і ня пішы гэтага.
 
А калі прагучэла гэтых сем грамоў, сабраўся я пісаць , але пачуў з неба голас, кажучы мне: "Налажы пячаць на тое, што апавяшчала сем грамоў, не пішы того!"

І анёл, якога я бачыў, як стаяў ён на моры і на зямлі, падняў руку сваю да неба
 
А ў той час анёл, якога я бачыў стаячага на моры і на зямлі, падняў руку сваю ў неба і

і прысягаў Тым, Які жыве ва векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім, зямлю і ўсё, што на ёй, і мора і ўсё, што ў ім, — што часу ўжо ня будзе;
 
прысягнуў праз Жывучага на векі вечныя, Каторы стварыў неба і ўсё, што на ім ёсьць, і зямлю і тое, што на ёй знаходзіцца, і мора, і што ў ім ёсьць, бо часу ўжо больш ня будзе.

але ў тыя дні, калі ўзьнясе голас сёмы анёл, калі ён затрубіць, спраўдзіцца тайна Божая, як Ён абвясьціў рабам Сваім прарокам.
 
Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як прадсказаў Бог праз слуг сваіх прарокаў.

І голас, які я чуў зь неба, зноў пачаў гаварыць са мною і сказаў: ідзі, вазьмі разгорнутую кніжку з рукі ў анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
 
І пачуў я зноў голас з неба, кажучы мне: "Ідзі і вазьмі адкрытую кніжачку, якую трымае ў руцэ анёл, стоячы на моры і на зямлі.

І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: вазьмі і зьеж яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.
 
І пайшоў я да анёла, кажучы яму, каб ён даў мне кнігу. А ён сказаў мне: "Бяры кнігу і з'еш яе, нутро тваё перапоўніць яна горыччу, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд.

І ўзяў я кніжку з рукі анёла і зьеў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; а калі зьеў яе, дык горка зрабілася ў чэраве маім.
 
І ўзяў я кніжку з рукі анёла і праглынуў яе. У вуснах маіх была яна салодкай, як мёд. А калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.

І сказаў ён мне: табе трэба зноў прарочыць пра народы і плямёны і роды і цароў многіх.
 
І сказаў ён мне: "Ты павінен зноў вясьціць прароцтвы пра людзей, пра народы, пра мовы і пра многіх каралёў".