Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І пачуў я з храма гучны голас, які казаў сямі анёлам: ідзеце і выліце сем чараў гневу Божага на зямлю.
 
I пачуў я магутны голас са сьвятыні, загадваючы сямі анёлам: "Iдзіце і выліце сем чашаў гневу Божага на зямлю".

Пайшоў першы анёл і выліў чару на зямлю: і зрабіліся шкодныя і агідныя раны на людзях, якія мелі кляймо зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.
 
I пайшоў першы, і выліў сваю чашу на зямлю. I ў той час балючыя і страшныя скулы пакрылі тых людзей, і на тых, якія насілі знак бэстыі і на тых, якія кланяліся яе вобразу.

Другі анёл выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам зь мерцьвяка, і ўсё жывое сканала ў моры.
 
А другі анёл выліў сваю чашу ў мора. I сталася мора, як кроў умёршага, і ўсё жывое выгінула ў моры.

Трэйці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
 
А трэці анёл выліў сваю чашу на рэкі і крыніцы вод, і сталіся яны крывёй.

І пачуў я анёла водаў, які казаў: праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў, і сьвяты, бо гэтак судзіў;
 
I пачуў я, як казаў анёл вод: "Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць, Які быў, Сьвяты Ты і за тое, што такі прысуд выдаў".

за тое, што яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, Ты даў ім піць кроў: яны вартыя таго.
 
Бо яны пралівалі кроў сьвятых прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны гэтага".

І пачуў я другога ад ахвярніка, які казаў: так, Госпадзе Божа Ўсеўладны, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае.
 
I пачуў я голас іншы з аўтара, які казаў: "Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны".

Чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца: і дадзена яму было паліць людзей вагнём.
 
А чацьвёрты анёл выліў сваю чашу на сонца. І дадзена яму моц нішчыць людзей сьпякотаю і агнём.

І паліла людзей моцная сьпёка; і яны клялі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі пошасьцямі, і не дадумаліся, каб узьнесьці Яму славу.
 
І пякліся людзі ад вялікага жару і зьневажалі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі карамі; яны не апомніліся і ня аддалі належнай Яму хвалы.

Пяты анёл выліў чару сваю на трон зьвера: і зрабілася царства ягонае змрочнае, і яны кусалі языкі свае ад пакуты,
 
А пяты анёл выліў сваю чашу на трон бестыі, тады цемрай ахуталася яе дзяржава, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,

і клялі Бога Нябеснага ад цярпеньняў сваіх і пошасьцяў сваіх.
 
і блюзьнілі на Бога нябёсаў з прычыны болю і скулаў, але ня навярталіся да Бога ня каяліся за праступкі свае.

Шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат: і высахла ў ёй вада, каб гатовы быў шлях царам з усходу сонечнага.
 
А шосты анёл выліў чашу сваю на раку, што завецца Эўфрат і высушыў яе ваду, каб гэтым падрыхтаваць дарогу каралям ад усходу сонца.

І бачыў я, як выходзілі з вуснаў цмока і з вуснаў зьвера і з вуснаў ілжэпрарока тры духі нячыстыя, падобныя на жабаў:
 
І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з ляпы дракона, з ляпы бэстыі і з вуснаў фальшывага прарока.

гэта дэманскія духі, што твораць азнакі; яны выходзяць да цароў зямлі ўсяго сьвету, каб сабраць іх на бітву ў той вялікі дзень Бога Ўсеўладнага.
 
Гэта ўсё духі дэманаў, якія выконваюць цуды і якія падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб арганізаваць іх на бой на час вялікі Усемагутнага Бога.

Вось, іду як злодзей: дабрашчасьнік — хто чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым і каб ня ўбачылі сараматы ягонай.
 
Бач, я з'яўляюся як злодзей. Шчасьлівы той, хто пільнуецца і сьцеражэ сваю адзежу, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.

І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-Габрэйску Армагедон.
 
І сабярэ іх у месцы, якое па — гебрэйску завецца Гармагедон.

Сёмы анёл выліў чару сваю на паветра: і з храма нябеснага з трона пачуўся голас, які сказаў: збылося!
 
А сёмы анёл выліў сваю чашу ў паветра. І пачуўся магутны голас са сьвятыні ад трона: "Споўнілася".

І ўзьніклі маланкі, грымоты і галасы, і зрабілася вялікае трасеньне зямлі, якога ня бывала з таго часу, як людзі на зямлі. Такі землятрус! Такі вялікі!
 
І ў той час засьвяцілі маланкі, і ўдарылі грымоты і пяруны, і пачалося страшнае зямлятрасеньне, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі.

І горад вялікі распаўся на тры часткі, і гарады язычніцкія зруйнаваліся, і Вавілон вялікі ўзгаданы перад Богам, каб даць яму чару віна лютага гневу Ягонага.
 
І распаўся вялізны град на тры часьці, а гарады паганаў былі зьнішчаны. І ўспомніў Бог пра вялікі Бабілон, і даў яму піць чашу віна гневу свайго.

І счэзла кожная выспа, і гор ня стала;
 
А ўвесь востраў зьнік, і ўсе горы пазьнікалі.

і град, велічынёю з талант, упаў зь неба на людзей; і клялі людзі Бога за пошасьці ад граду, бо пошасьць ад яго была вельмі цяжкая.
 
І вялікі горад, велічынёю з талент, упаў з неба на людзей. Але яны і далей зьневажылі Бога за пакараньне градам, бо вельмі вялікі быў той град.