Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці.
І паказаў ён мне чыстую рэчку вады жыцьця, як быццам крыштал, выцякаючую з трона Бога і Ягнёнка.
Пасярод вуліцы яго, і па той бок ракі і па гэты, дрэва жыцьця, якое дванаццаць разоў родзіць плады, дае на кожны месяц плод свой; і лісьце дрэва — на ацаленьне народаў.
На сярэдзіне вуліцы горада і паабапал ракі знаходзілася дрэва жыцьця, родзячае дванаццаць фруктаў. Што месяц кожнае дае плод свой, а лісты дрэва для здароўя народаў.
І нічога ўжо ня будзе праклятага; а трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму.
І ня будзе ўжо нічога праклятага. Але трон Бога і Ягнёнка ў ім будуць, і слугі Яго яму служыць будуць.
І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх.
І будуць аглядаць аблічча Ягонае, а імя Яго будуць насіць на сваіх чолах.
І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Гасподзь Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя.
Ночы ўжо ня будзе, і ня трэба будзе ўжо сьвятла лямпы, ані сьвятла сонца, бо Госпад Бог асьвеціць іх і будуць яны валадарыць на век вечныя.
І сказаў мне: гэтыя словы слушныя і праўдзівыя; і Гасподзь Бог сьвятых прарокаў паслаў анёла Свайго паказаць рабам Сваім тое, што мае быць неўзабаве.
І сказаў мне: "Словы гэтыя верныя і праўдзівыя. І Госпад Бог Духаў Прарочых паслаў свайго анёла, каб паведаміць слугам сваім, што павінна збыцца незадоўга.
Вось, прыйду неўзабаве: дабрашчасны той, хто трымаецца словаў прароцтва кнігі гэтае.
Вось прыходжу мігам. Шчасьлівы, хто трымаецца слоў прарочых гэтае кнігі.
Я, Ян, бачыў і чуў гэта. Калі ж пачуў і ўбачыў, прыпаў да ног анёла, які мне паказваў гэта, каб пакланіцца яму;
І вось я, Ян, чуў гэта і бачыў. А калі гэта пачуў і ўгледзеў. Паў да ног анёла, каторы мне гэтыя спавы выявіў, каб даць яму паклон.
але ён мне сказаў: глядзі, не рабі гэтага; бо я — саслужнік табе і братам тваім прарокам і тым, хто трымаецца прароцтва кнігі гэтае: Богу пакланіся.
Але ён сказаў мне: "Не рабі гэтага! Бо я толькі спаслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць прарочыя словы гэтай кнігі. Бога хвалі!"
І сказаў мне: не запячатвай слова прароцтва кнігі гэтай; бо час блізкі.
Потым сказаў мне: "Не запячатвай прарочых слоў гэтае кнігі, бо час ужо блізкі.
Няправеднік хай яшчэ робіць няпраўду; нячысты хай яшчэ апаганьваецца; праведнік хай творыць праўду яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ.
Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто ў нячыстасьці няхай больш зьнячышчваецца, а хто справядлівы, няхай яшчэ справядлівее, а той, хто сьвяты, няхай яшчэ больш сьвяцее.
Вось, прыйду неўзабаве, і адпомста Мая са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
Вось прыходжу хутка, а са мною узнагарода мая разам аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, першы і апошні.
Я — Яльфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
Дабрашчасныя тыя, якія захоўваюць запаведзі Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў горад брамаю.
Шчасьлівыя, што маюць вопраткі свае ў крыві Ягнёнка. Яны будуць мець права да дрэва жыцьця і ўвойдуць у горад праз брамы.
А звонку — сабакі і чарадзеі, і любадзейнікі — забойцы, і ідаласлужнікі і кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду.
За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распусьнікі, забойцы, ідахвальцы і ўсе тыя, што любяць лгаць і лгуць.
Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць корань і нашчадак Давідаў, зорка сьветлая і золкавая.
А Езус паслаў майго анёла, каб даставіў вам гэтае пасьведчаньне для парафіяў. Я — корань і адростак Давідаў, ясьнеючая раньняя зорка.
І Дух і нявеста кажуць: прыйдзі! Спрагнены хай прыходзіць, і, хто жадае, няхай бярэ ваду жыцьця задарам.
І Дух, і нявеста клічуць: "Прыйдзі!" А хто чуе, няхай паўторыць: прыйдзі. Хто сьмягне, няхай прыйдзе, хто жадае, хай дарма бярэ ваду жыцьця.
І я таксама сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасьць што да іх, на таго накладзе Бог пошасьці, пра якія напісана ў кнізе гэтай:
Вось сьведчу кожнаму, хто слухае прарочых слоў гэтае кнігі: калі калі хто небудзь што да іх дабавіць, таго Бог пакарае адной з тых кар, што запісаны ў гэтай кнізе,
і калі хто адыме што ад словаў кнігі прароцтва гэтага, у таго адбярэ Бог удзел у кнізе жыцьця і ў сьвятым горадзе і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай.
і таго, хто адніме са слоў прарочых гэтай кнігі і што аб горадзе сьвятым, і аб тым, што ў гэтай кнізе напісана.
Той, Хто сьведчыць гэта, кажа: вось, прыйду неўзабаве! Амін. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе,
Той, хто гэта завярае, кажа: "Так, прыйду неўзабаве!" Аман. Прыйдзі, Госпадзе Езу!
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Ласка Госпада Езуса Хрыстуса з усімі вамі. Аман.