Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І прыйшоў адзін зь сямі анёлаў, што мелі сем чараў, і, гаворачы са мною, сказаў мне: падыдзі, я пакажу табе суд над вялікаю блудадзейкаю, што сядзіць на водах многіх;
 
Тады прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў прагаварыў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе зьнішчэньне вялікай распусьніцы, што расселася на водах".

зь ёю блудадзеялі цары зямныя, і віном яе блудадзейства ўпіваліся насельнікі зямлі.
 
З ёй чужаложылі многія каралі зямлі, а жыхары зямлі ўпіваліся віном яе прастытуцыі".

І павёў мяне ў духу ў пустыню; і ўгледзеў я жанчыну, якая сядзела на зьверы барвовым, поўным назоваў богазьняважлівых, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі.
 
І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на ясна чырвонай бэстыі; бэстыя ж была поўная лозунгаў зьневажаючых Бога і мела сем галоў і дзесяць рагоў.

І жанчына адзетая была ў парфіру і ў пурпуру, аздобленая золатам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, і трымала залатую чару ў руцэ сваёй, напоўненую мярзотамі і поскудзьдзю блудадзейства яе;
 
Жанчына ж была ўбраная ў чырвань і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі каменьнямі і перламі. У руцэ сваёй трымала залатую чашу, поўную брыды і нячыстасьці сваёй.

і на лобе ў яе напісана імя: таямніца, Вавілон вялікі, маці блудадзеек і мярзотаў зямных.
 
На сваім чале яна мела выпісанае тайнае імя: Вялікі Бабілон, крыніца распусты і разбэшчанасьці зямлі.

Бачыў я, што жанчына апоена была крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісусавых, і, бачачы яе, дзіву даваўся вялікаму.
 
Бачыў я гэту жанчыну п'яную крывёй сьвятых і крывёй мучанікаў Езусавых. А ўбачыўшы яе, вельмі зьдзівіўся.

І сказаў мне анёл: чаго ты дзівуеш? Я адкрыю табе таямніцу жанчыны гэтай і зьвера, што носіць яе, што мае сем галоў і дзесяць рагоў.
 
А анёл сказаў мне: "Чаго дзівішся? Я табе выяўлю таямніцу жанчыны і бестыі, каторая яе носіць, якая мае сем галоў і дзесяць рагоў.

Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бездані і пойдзе ў пагібель; і зьдзівяцца тыя насельнікі зямлі, імёны якіх ня ўпісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьвету, убачыўшы, што зьвер быў, і няма яго, і зьявіцца.
 
Бестыя, якую ты бачыў, была, і няма ўжо яе, але выйдзі з бяздоньня і ідзе на загубу. На від бестыі, каторая была і якой ужо няма, але якая зноў паявіцца, задзівяца ўсе жыхары зямлі, якіх імёны ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця.

Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на якіх сядзіць жанчына,
 
Вось тут загадка, хто мае мудрасьць. Сем галоў — сем узгоркаў, на якіх расселася жанчына, адначасова абазначанае і сем каралёў.

і сем цароў, зь якіх пяць загінулі, адзін ёсьць, а другі яшчэ ня прыйшоў, і калі прыйдзе, нядоўга яму быць.
 
Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не з'явіўся, а калі з'явіцца, дасца яму кароткі час прабыць.

І зьвер, які быў і якога няма, ёсьць восьмы, і зь ліку сямі, і пойдзе ў пагібель.
 
А бестыя, каторая была і якой ужо няма, ёсьць са свайго боку восьмай і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.

І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, — гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі царства, але прымуць уладу са зьверам, як цары, на адну гадзіну.
 
А дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць каралеўскую ўладу на коратка пасьля бестыі.

Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу;
 
У іх адзін номер і моц, і ўладу сваю аддадуць бестыі.

яны будуць весьці змаганьне зь Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён ёсьць Гасподзь тых, што пануюць, і Цар цароў, і тыя, хто зь Ім, — гэта пакліканыя і выбраныя і верныя.
 
Яны будуць ваяваць супроць Ягнёнка, але Ягнёнак паканае (пераможа) іх, бо Ён Госпад валодаючых і Валадар каралёў; а разам з Ягнёнкам атрымаюць перамогу і тыя, што пакліканы і выбраныя, а прытым верныя.

І кажа мне: воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць блудадзейка, гэта людзі і народы, і плямёны і роды.
 
І сказаў ён яшчэ гэта: "Вада, што бачыў, на якой сядзіць паспусніца, гэта людзі — народы і мовы.

І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьвяры, яны зьненавідзяць блудадзейку, і спустошаць яе, і аголяць, і плоць яе зьядуць, і спаляць яе ў вагні;
 
Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у бестыі, гэта тыя, што будуць мець у нянавісьці распусьніцу, зьнішчыць яе і абяруць; цела яе з'ядуць і спаляць агнём.

таму што Бог паклаў ім на сэрца выканаць волю Ягоную, выканаць адну волю, і аддаць царства іхняе зьверу, пакуль ня збудуцца словы Божыя.
 
Бог бо ўлажыў ім у сэрцы іхнія, каб выканалі яны прысуды Ягоныя і каб паручылі валоданьне сваё бестыі, аж пакуль не зьдзейсьніцца Ягоныя намеры.

А жанчына, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі царамі.
 
А жанчына, якую ты бачыў, гэта вялікі горад, які меў панаваньне над каралямі зямлі.