Адкрыцьцё 20 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
І ўбачыў я анёла, зыходзячага з неба і маючага ў руцэ ключ ад бездані з вялікім ланцугом.
Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д’ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
І схапіў ён дракона, вужа старадаўняга, якім з'яўляецца д'ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў.
і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
І ўпіхнуў яго ў бездань, запёр яе і палажыў пячаць на ёй, каб ня зводзіў больш людзей, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасьля ён мае быць звольнены на кароткі час.
І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
І ўбачыў я троны, як расселіся на іх тыя, якім дадзена права судзіць. І Бачыў я душы тых, якім за сьведчаньне аб Езусе і за апавяшчаньне слова Божага былі пассяканы галовы, і ўсіх тых, якія не пакланяліся бестыі ні вобразам яе, якія ня мелі знакаў на чале ці руцэ. Жылі яны і валадарылі разам з Хрустусам тысячу гадоў.
а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсеньне.
Апошнія памёршыя не ажылі, пакуль не скончылася тысячагодзьдзе. Гэта і ёсьць першае ўваскрасеньне, рэзурэкцыя.
Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае ўдзел у першай рэзурэкцыі; над імі другая сьмерць ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрустуса і будуць валадарыць з ім тыячу гадоў.
А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні — як пясок марскі.
А калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй безданьні і выйдзе з яе, і будзе ўводзіць у зман народы, якія знаходзіцца на чатырох канцах зямлі. Гог і Магога сабяруць іх на бой. А лік іх, як пяску марскога.
І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
І яны пайшлі на прастор зямлі і акружылі стойбішча сьвятых і іх умілаваны горад.
І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
Але зьляцеў з неба ад Бога агонь і зьнішчыў іх.
а д’ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
А д'ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера огненнае з серкі, туды, дзе знаходзіліся бестыя і фальшывы прарок, якія цярпець будуць днём і ноччу на векі вечныя.
І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
І ўбачыў я трон вялікі зьзяючы і сядзячага на ім, перад абліччам якога зьніклі зямля і неба, і няма ім месца.
І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгорнутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
І ўбачыў я памёршых вялікіх і малых. Стаячых перад тронам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцьця. Пасьля адбыўся суд над памёршымі паводле таго, што напісана было ў кнігах жыцьця, паводле іх ўчынкаў.
Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
Тады выдала мора памёршых, якія ў ім былі. Падобным спосабам выдалі сваіх памёршых сьмерць і пекла, усіх, якія ў іх прабывалі. І кожны быў асуджаны паводле сваіх дзеяньняў.
і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта — сьмерць другая.
А сьмерць і пекла (атхлань) былі ўкінуты ў агністае возера. Вось гэта — сьмерць другая.
І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
а хто ня быў упісаны ў кнігу жыцьця, той быў укінуты ў агністае возера.