Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.
 
І, выходзячы адтуль, Ісус прыходзіць у межы Юдэі за Ярданам, ізноў сабралася да Яго многа людзей, і Ён, як звычайна, навучаў іх ізноў.

Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?
 
І, падышоўшы, фарызеі пыталіся ў Яго, выпрабоўваючы: «Ці належыцца  мужу пакідаць жонку?»

Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?
 
Ісус, адказваючы, сказаў ім: «А што вам загадаў Майсей?»

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.
 
Яны сказалі: «Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць яе».

А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;
 
Ісус жа гаворыць ім: «Дзеля закамянеласці сэрца вашага даў ён вам такі загад.

а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.
 
Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Ён.

Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
 
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю,

і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.
 
ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела.

Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
 
Што вось Бог злучыў, хай чалавек не разлучае».

У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
 
І дома зноў пра тое самае пыталіся ў Яго вучні.

Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;
 
І кажа ім: «Хто пакіне жонку сваю і возьме іншую, той чужаложыць.

і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.
 
І, калі жонка пакіне мужа свайго ды пойдзе за іншага, — чужаложыць».

Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.
 
І прыносілі дзяцей да Яго, каб да іх дакрануўся. А вучні забаранялі ім.

Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;
 
Бачачы гэта, Ісус абурыўся на іх і кажа ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне ды не забараняйце ім, бо такіх ёсць Валадарства Божае.

праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам: калі хто не прыме Валадарства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго».

І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.
 
І туліў іх да Сябе, і ўскладаў на іх рукі, і блаславіў іх.

Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
 
Калі Ісус выходзіў у дарогу, прыбегшы, нехта ўпаў перад Ім на калені і пытаўся ў Яго: «Настаўнік добры, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»

Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Ісус жа сказаў яму: «Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.

Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.
 
Прыказанні ведаеш: не забівай, не чужалож, не крадзі, не гавары фальшывага сведчання, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці».

А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.
 
А ён сказаў Яму: «Настаўнік, я гэта ўсё выконваў ад маленства свайго».

Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.
 
Ісус жа, глянуўшы на яго, узлюбіў яго ды сказаў яму: «Аднаго табе не хапае: ідзі, прадай, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб на небе, а тады прыходзь і ідзі за Мною».

А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
 
Той, засмучаны гэтым словам, адышоўся сумны, бо меў вялікую маёмасць.

І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!
 
І Ісус, паглядзеўшы вакол, гаворыць Сваім вучням: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Валадарства Божае».

Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!
 
Вучні ж дзівіліся са слоў Яго. Але Ісус зноў, адказваючы, гаворыць ім: «Сынове, як цяжка ўвайсці ў Валадарства Божае.

лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае».

А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?
 
А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: «Дык хто можа быць збаўлены?»

Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.
 
Ісус, паглядзеўшы на іх, гаворыць: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога: у Бога ўсё магчыма».

І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.
 
Дык Пётра пачаў казаць Яму: «Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой».

Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,
 
Гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто б пакінуў дом, або братоў, або сясцёр, або маці, або бацьку, або сыноў, або поле дзеля Мяне і дзеля Евангелля,

і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;
 
каб ён не атрымаў у сто разоў больш цяпер, у гэты час, дамоў, і братоў, і сясцёр, і матак, і сыноў, і палёў сярод пераследаванняў, ды жыццё вечнае ў будучым веку.

а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.
 
І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі».

Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:
 
І былі ў дарозе, уваходзячы ў Ерузалім, і Ісус ішоў перад імі, а яны, за Ім ідучы, дзівіліся і баяліся. І паклікаў зноў дванаццаць ды пачаў казаць, што адбудзецца:

вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;
 
«Вось жа ўваходзім у Ерузалім; і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на смерць, і выдадуць паганам,

і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
 
і будуць з Яго здзекавацца і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб’юць Яго, але праз тры дні Ён уваскрэсне».

Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
 
І падышлі да Ісуса Якуб і Ян, сыны Зебядзеевы, кажучы: «Настаўнік, хочам, каб зрабіў нам, пра што будзем прасіць Цябе».

Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?
 
Спытаўся ў іх: «Што хочаце, каб Я вам зрабіў?»

Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.
 
Яны ж сказалі: «Дай нам, каб сядзець ад Цябе аднаму праваруч, а другому — леваруч у славе Тваёй».

Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
 
Ісус жа гаворыць ім: «Не ведаеце, пра што просіце. Ці ж можаце піць келіх, які Я п’ю, або хрысціцца хростам, якім Я хрышчуся?»

Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;
 
Яны сказалі Яму: «Можам». Ісус гаворыць ім: «З келіха, з якога Я п’ю, будзеце піць, ды хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны.

а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч — не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.
 
Але сядзець праваруч Мяне або леваруч не Мне даваць вам, але якім прыгатавана».

І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.
 
Чуючы ж гэта, дзесяць пачалі абурацца на Якуба і Яна.

А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;
 
І, паклікаўшы іх, Ісус кажа: «Ведаеце, што тыя, якія ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.

але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;
 
Не так будзе паміж вамі, але хто хацеў бы быць сярод вас большым, хай будзе вашым слугою.

і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;
 
І хто хацеў бы ў вас быць першым, хай будзе слугою ўсіх.

бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
 
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і даць душу Сваю на адкупленне многіх».

Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
 
І прыходзяць у Ерыхон. І калі Ён выходзіў з Ерыхона разам з вучнямі Сваімі і вялікім натоўпам, сляпы Бартымей, сын Тымея, сядзеў пры дарозе і жабраваў.

Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.
 
Пачуўшы, што гэта Ісус з Назарэта, пачаў крычаць і прасіць: «Ісус, Сын Давіда, злітуйся нада мной!»

Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.
 
І сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: «Сын Давіда, злітуйся нада мной!»

Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.
 
І Ісус, спыніўшыся, сказаў яго паклікаць. Дык паклікалі сляпога і сказалі яму: «Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе».

Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
 
Ён, скінуўшы плашч свой, падняўся і прыйшоў да Ісуса.

Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.
 
І, звяртаючыся да яго, Ісус сказаў: «Што хочаш, каб Я табе ўчыніў?» Сляпы адказаў Яму: «Раббоні, каб мне бачыць».

Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.
 
І Ісус гаворыць яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І зараз жа стаў бачыць і пайшоў за Ім па дарозе.