Псалтыр 126 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Песьня ўзыходжаньня. Саламонава. Калі Гасподзь ня збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго; калі Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта.
 
Песня ўзыходжання. Саламонава. Калі Госпад не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго. Калі Госпад не дапільнуе горада, надарма чувае той, хто пільнуе яго.

Дарэмна вы рана ўстаяце, позна праседжваеце, ясьце хлеб журботы, тым часам як любаснаму Свайму Ён дае сон.
 
Не варта ўставаць вам на світанні і сядзець да позняй ночы, вам, што ясце хлеб [натужнай] працы, бо ўмілаваным Сваім Ён дае сон.

Вось спадчына ад Госпада: дзеці; узнагарода Ягоная — плод ад улоньня.
 
Вось спадчына Госпада — сыны, заплата — плод улоння.

Што стрэлы ў руках у дужага, тое сыны маладыя.
 
Як стрэлы ў руцэ волата, так сыны ў маладосці [сваёй].

Дабраславёны чалавек, які напоўніў імі калчан свой! Не застануцца яны ў сораме, калі гаварыцьмуць з ворагамі ў браме.
 
Шчасны чалавек, які напоўніў імі свой калчан; не пасаромеюцца яны, калі будуць размаўляць з непрыяцелямі сваімі пры браме.