Псалтыр 93 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня. Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!
 
Бог помстаў, Госпадзе! Божа, Бог помстаў, заззяй!

Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.
 
Узвысся Ты, што судзіш зямлю, аддай заплату пыхлівым.

Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?
 
Дакуль жа бязбожнікі, Госпадзе, дакуль жа бязбожнікі будуць задавацца?

Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;
 
Будуць вымаўляць і прамаўляць нахабствы, будуць выхваляцца ўсе тыя, што чыняць несправядлівасць?

топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
 
Прыніжаюць яны, Госпадзе, народ Твой, прыгнятаюць спадчыну Тваю.

Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,
 
Удаву і прыхадня забіваюць і сірот мардуюць.

і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.
 
І кажуць яны: «Не бачыць Госпад, не разумее Бог Якубаў».

Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?
 
Зразумейце, неразумныя ў народзе, бязглуздыя, калі паразумнееце?

Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?
 
Ці ж Той, Хто насадзіў вуха, не пачуе? Або Той, што сфармаваў вока, не ўбачыць?

Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, — Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
 
Ці ж Той, Хто спасцігае народы, не выкрые, Той, Хто вучыць чалавека разуменню?

Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.
 
Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя.

Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,
 
Шчасны той чалавек, якога ўдасканальваеш Ты, Госпадзе, і паводле закону Твайго навучаеш яго,

каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!
 
каб даць адпачыць яму ад ліхіх дзён, пакуль выкапаюць магілу для грэшніка.

Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.
 
Бо не адкіне Госпад свайго народа і не пакіне спадчыны сваёй.

Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.
 
Бо суд вернецца да справядлівасці, і пойдуць за ёю ўсе, хто праўдзівага сэрца.

Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?
 
Хто стане за мяне супраць ліхадзеяў або хто стане разам са мною супраць тых, што чыняць несправядлівасць?

Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.
 
Каб Госпад не ўспамог, хутка душа мая апынулася б у краіне маўклівасці.

Калі я казаў: хістаецца нага мая, — ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
 
Калі гавару я: «Нага мая хістаецца», міласэрнасць Твая, Госпадзе, падтрымлівае мяне.

Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.
 
Калі мноства турбот маіх у сэрцы маім, Твае суцяшэнні ўзвесяляюць маю душу.

Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?
 
Ці ж будзе з Табою сябраваць пасад несправядлівасці, які пад выглядам прыказання творыць пакуту?

Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.
 
Яны накідваюцца на душу справядлівага і асуджаюць кроў бязвінную.

Але Гасподзь — абарона мая, і Бог мой — цьвярдыня прытулку майго,
 
І стаўся мне Госпад абаронаю і Бог мой — скалою прыстанішча майго;

і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.
 
і аддасць Ён ім іх несправядлівасць і ў ліхадзейнасці іх знішчыць іх.