Псалтыр 66 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма. Песьня.
 
Кіраўніку хору. На струнах. Псальм. Песня.

Божа! будзь літасьцівы да нас і дабраславі нас, асьвятлі нас абліччам Сваім,
 
Хай злітуецца Бог над намі і падабраславіць нас; хай пралье святло аблічча Свайго над намі,

каб мы спазналі на зямлі дарогу Тваю, ва ўсіх народах выратаваньне Тваё.
 
каб пазналі на зямлі шлях Твой, між усіх народаў — збаўленне Тваё.

Хай уславяць народы Цябе, Божа; хай уславяць усе народы Цябе.
 
Хай вызнаюць Цябе народы, Божа; хай вызнаюць Цябе народы ўсе.

Хай весяляцца і радуюцца плямёны; бо Ты судзіш народы справядліва і кіруеш на зямлі плямёнамі.
 
Хай весяляцца і радуюцца народы, бо Ты судзіш народы ў справядлівасці і кіруеш людам на зямлі.

Хай уславяць народы Цябе, Божа, хай уславяць усе народы Цябе.
 
Хай вызнаюць Цябе народы, Божа, хай вызнаюць Цябе народы ўсе.

Зямля дала плод свой: хай дабраславіць нас Бог, Бог наш.
 
Зямля дала плод свой; хай дабраславіць нас Бог, Бог наш,

Хай дабраславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе межы зямлі.
 
хай дабраславіць нас Бог, і няхай баяцца Яго ўсе канцы зямлі.