Псалтыр 26 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Псальма Давідава. Перад памазаньнем. Гасподзь — сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь — цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?
Давідаў. Госпад — светач мой і збаўленне маё — каго я буду баяцца? Госпад — абарона жыцця майго, перад кім я буду трымцець?
Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.
Калі набліжаюцца да мяне зламыснікі, каб жэрці цела маё; тыя, што прыгнятаюць мяне, і ворагі мае, — дык яны самі саслабеюць і паваляцца.
Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.
Калі паўстане супраць мяне войска, не збаіцца сэрца маё; калі ўздымецца супраць мяне вайна — на гэта я буду спадзявацца.
Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;
Аднаго толькі папрасіў я ў Госпада, да гэтага буду імкнуцца, каб пасяліцца ў доме Госпада на ўсе дні жыцця майго, каб бачыць асалоду Госпадаву, каб наведваць святыню Яго.
бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.
Бо схавае Ён мяне ў ліхі дзень у палатцы Сваёй. Скрые Ён мяне ў патаемнасці шатра Свайго, на скале Ён узвысіў мяне.
Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.
І цяпер мая галава падымаецца над непрыяцелямі маімі, якія мяне акружаюць. І складу ў палатцы Яго ахвяры гукання, заспяваю і Псальм прамоўлю Госпаду.
Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.
Выслухай, Госпадзе, голас мой, якім усклікаю, пашкадуй мяне ды выслухай мяне.
Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.
Пра Цябе прамовіла сэрца маё: «Вышуквайце аблічча Маё!» Аблічча тваё, Госпадзе, буду вышукваць.
Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!
Не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго. Ты памочнік мой, не адрынь мяне і не пакінь мяне, Божа збавення майго!
Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;
Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Госпад мой прыняў мяне.
навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх;
Пакажы мне, Госпадзе, дарогу Тваю і скіроўвай мяне на простую сцяжыну адносна праціўнікаў маіх.
не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю.
Не выдавай мяне па жаданню пераследнікаў маіх, бо паўсталі супраць мяне фальшывыя сведкі і тыя, што дыхаюць лютасцю.
Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых.
Веру, што пабачу даброты Госпада ў зямлі жывых.
Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада.
Чакай Госпада, паводзь сябе мужна, і няхай гартуецца сэрца тваё, і чакай Госпада.